Мінск "зробяць" святы?

№ 37 (1163) 13.09.2014 - 19.09.2014 г

Ігар ВУГЛІК, кандыдат гістарычных навук, дацэнт
Ці горад робіць гараджан, ці гараджане — горад. У першым выпадку гэта датычыцца гарадоў, дзе часта змяняецца насельніцтва за кошт мігрантаў з сельскай мясцовасці, у другім — калі гарадское насельніцтва гістарычна ўстойлівае. Трапляючы ў новы горад спачатку глядзіш на будынкі, а потым на людзей. У ідэале яны павінны стасавацца адно да аднаго, утвараючы непаўторны стыль, нават аўру горада, у якую цягне зноў, альбо наадварот. Тым больш гэта тычыцца сталіцы краіны, якая мо і не ўвасабляе квінтэсэнцыю культуры народа, але абавязана мець выбітнае аблічча.

/i/content/pi/cult/494/10565/5-11.jpgРозныя сталіцы маюць сваю “стылістыку” жыхароў, якая можа падабацца ці не. Ды вось пакуль што гараджан як аб’яднанай супольнасці на аснове сацыяльнай, культурнай прыналежнасці са сваёй гарадской самасвядомасцю ў Мінску… няма. Асноўная рыса мінчан, якую адзначаюць замежнікі, — сур’ёзны і нават пахмурны выгляд твараў і адносна няяркая вопратка. Хто такі мінчанін, пакуль сказаць цяжка. Аднак гэта ў цэлым адпавядае і архітэктурнай стылістыцы. Мінск, які быў кардынальна перабудаваны ў пасляваенныя дзесяцігоддзі, планаваўся як класічная савецкая сталіца з адпаведнай іерархічнай архітэктурай сталінскага ампіру, дзе галоўнае — шырокі, прыстасаваны для масавых дэманстрацый праспект з узорнымі жылымі дамамі і дамінуючымі дзяржаўнымі, грамадскімі будынкамі. Каб “ачалавечыць” такі горад, яго цэнтр, трэба, напэўна, як у Кіеве (дзе ў цэнтры на Крэшчаціку тая ж забудова), максімальна насыціць месцамі адпачынку, кавярнямі, лаўкамі, прадумаць адпаведную праграму (музыканты, цыркачы)…

У Мінску не склалася еўрапейская традыцыя грамадскага адпачынку з кавярнямі на свежым паветры ды зялёнымі газонамі, на якіх прыемна паляжаць паасобку ці з кампаніяй. Павільёны рэстаранаў і кафэ, вынесеныя за межы будынкаў, закрыты шклом і фактычна ізаляваны ад вольнага паветра. Піўныя загончыкі на тратуарах праспекта з іх спецыфічнымі супольнасцямі толькі падкрэсліваюць недарэчнасць шэрагу грамадскіх форм мінскага адпачынку. Сацыяльны, грамадскі “кавярнявы” дасуг у цэлым не даспадобы мінчанам. Затое шырока распаўсюджаны вясковы звычай сядзець на лавачках у дварах (аналаг старажытных прызбаў) каля дома, разглядваючы мінакоў. Так, напэўна, танней і па-свойску, бо кавярня — гэта ўжо іншая тэрыторыя, дзе свае правілы і непрадказальныя (бо кошты часта змяняюцца) рахункі. Грамадскі пачатак дасугу мінчан замыкаецца дваром дома і невялікім наваколлем, дзе можна сустрэць знаёмых, што ўтварае спецыфічныя анклавы па месцы жыхарства, якія прыйшлі на змену вясковым сваяцкім сувязям.

Галоўная прычына складанага працэсу фарміравання мінчан як гарадскога, сталічнага соцыуму — частыя вялікія хвалявыя змены насельніцтва, якія пачыналіся на мяжы XVIIІ і XIX стст. (у сувязі з далучэннем да Расійскай імперыі), пачатку ХХ ст. (Першая сусветная вайна, рэвалюцыйныя змены), перыяд Другой сусветнай вайны, пасляваенныя дзесяцігоддзі, калі Мінск засяляўся выхадцамі з правінцыі. Прыток новых жыхароў — адметная з’ява сучасных вялікіх гарадоў.

...Галоўнае адрозненне сталічнай бытавой стылістыкі — адчуванне свайго сталічнага статуса гараджанамі і, натуральна, гонар за яго. У візуальнай прасторы, на жаль, прыкметы сталічнай стылістыкі прысутнічаюць толькі на цэнтральным праспекце — ад раёна Чыгуначнага вакзала да, прыкладна, парку Чалюскінцаў, хаця... Невялікі кавалачак Верхняга горада прэзентуе тое, што завецца ўласна еўрапейскім горадам.

Празмерны рост Мінска, яго падзел на горад (“Сіці”) і спальныя раёны без належнай у першую чаргу сацыякультурнай інфраструктуры, адмоўна ўплываюць на станаўленне гарадскога, сталічнага соцыуму. Адзінае, што звязвае жыхароў спальных раёнаў і праспекта-цэнтра, — паездкі на працу, калі яна размешчана за межамі рэгіёна іх пражывання. Савецкая сістэма са сталіцай, дзе канцэнтруецца ўсё лепшае, і астатнімі рэгіёнамі па-за ёй павінна саступіць месца еўрапейскай сістэме самадастатковых невялікіх гарадкоў са сваімі ўніверсітэтамі, тэатрамі, вытворчасцю. Урэшце, і паволі саступае ў некаторых кутках рэспублікі.

Адметнасці Мінска і мінчан бракуе адсутнасць арыгінальных гарадскіх святаў, звячаяў, звязаных са старажытнай гісторыяй горада. Да ХІХ ст. ён не вызначаўся адметным культурным жыццём, саступаючы Магілёву, Віцебску, Полацку, Гродну, Нясвіжу, іншым гарадам Беларусі, таму трэба актуалізаваць падзеі старажытнасці. Патрэбны агульнагарадскія дзеі, якія маглі б аб’яднаць гараджан на аснове іх прыналежнасці да старажытнай гісторыі горада. Гэта могуць быць святы, прысвечаныя дакладнай гістарычнай падзеі — напрыклад, дню надання Мінску Магдэбургскага права (з урачыстым касцюміраваным шэсцем колішніх рамесных цэхаў, прадстаўнікоў гараджан у старажытных строях) ці міфалагічнай — выгнанню Менеска (тым больш, што можна знайсці месца яго млына на існаваўшым некалі прытоку Свіслачы).

Мінск павінен абраць свой стыль — сталічна-фанабэрысты, як Парыж, Берлін, Варшава, пачціва-строгі, як Рыга, Вільнюс, ці быць горадам-святам, сяброўскім і ветлівым, як Амстэрдам ці Кіеў (быў і, спадзяёмся, застанецца). Падаецца, што пакуль найбольш аптымальны шлях Мінска — да сталічнай стрыманасці і пэўнай дэмакратычнасці, якія з часам павінны перайсці ў еўрапейскую разняволенасць ды сталічную паважнасць.

 

Ад рэдакцыі. Гэты тэкст культуролага Ігара Вугліка — дыскусійны. А якім мае стаць аблічча Мінска будучыні на вашу думку? А любога іншага беларускага горада з саліднай гісторыяй за плячыма? З іншага боку, меркаванне можа стаць і пэўным зыходным пунктам для мясцовых улад у пошуках таго, у якім кірунку змяняць аблічча гарадоў і мястэчак.