“У кніжках гэта не чыталася”

№ 34 (1160) 23.08.2014 - 29.08.2014 г

Засуха — прыродная з’ява, вакол якой існуе мноства міфічных уяўленняў. На думку людзей, прычынай узнікнення засухі магло быць вядзьмарскае насланнё, а таксама выкананне забароненых у пэўныя каляндарныя тэрміны дзеянняў. Справакаваць засуху, па народных павер’ях, можа ўстаноўка платоў і агароджаў да свята Благавешчання, пастаўлены не ў свой час помнік на магіле, пахаваны тапелец, якому “ўсё мала вады”, або самагубца, якога супраць правілаў пахавалі на тэрыторыі могілак, а не за агароджай. Каб не выклікаць засуху, нельга было нікому і нічога пазычаць у час пачатку ворыва, ускопвання градаў, засевак. Каб улетку не было засухі, трэба было адзначаць Дзень прарока Ільі і ў Сухі (Траецкі) чацвер аблівацца вадой.

/i/content/pi/cult/493/10549/11-3.jpg

Частка абраду — пераворванне жалезным плугам дна ракі.

Але калі ўжо так сталася, што ўсталявалася спёка без кроплі дажджу, трэба было тэрмінова выпраўляць сітуацыю, каб не даць загінуць ураджаю. У розных рэгіёнах краіны вядомы шматлікія народныя “спосабы” спынення засухі.

На Магілёўшчыне для таго, каб ліквідаваць прычыну засухі, людзі разбуралі платы, здымалі вароты і заносілі ў балота ці ў возера, сыпалі ў калодзеж мак або каноплі, кідалі туды расаду або гліняны гаршчок (часам — новы, часам — узяты без дазволу). Дзе-нідзе жанчыны выраблялі абыдзённік і вешалі яго на прыдарожны крыж.

Цікавы старадаўні абрад заклікання дажджу захаваўся ў вёсцы Стары Дзедзін Клімавіцкага раёна. Жыхаркі вёскі пагадзіліся прадэманстраваць яго нам.

Калі мы дабраліся да Старога Дзедзіна, удзельніцы абраду ўжо нас чакалі. Па правілах, жанчыны пад час правядзення абраду павінны быць абсалютна распрануты, аднак у мэтах “цэнзуры” і для надання эстэтычнасці ўсёй працэдуры (усё ж аб’ектывы відэакамер і фотаапаратаў — рэч бязлітасная), удзельніцы рытуалу апрануліся ў кашулі і павязалі на галовы наміткі.

Галіна Васільеўна Брыкава нарадзілася ў Старым Дзедзіне і бачыла абрад з дзяцінства.

— Пад час спякотнага лета жанчыны, калі ішлі з працы, дамаўляліся пераараць раку Асцёр, — распавядае Галіна Васільеўна. — “Бабы, трэба сёння пераараць раку, — казала якая-небудзь з жанчын, — бо даўно дажджу не было!” Хадзілі толькі ў абедзенны перапынак. Бралі плуг або саху. Імкнуліся, каб ніхто аб гэтай задуме не даведаўся, бо араць жа трэба было голымі! Таму размаўлялі шэптам, каб ніхто не пачуў. А мы, дзеці, такія цікаўныя былі, нам жа было трэба падгледзець! І мужыкі — таксама цікаўныя, смяюцца: бабы пайшлі голымі на рэчку! Калі жанчыны заходзілі ў ваду, то абавязкова “Ойча наш” чыталі, хрысціліся, а потым к небу пасягалі дзвюма рукамі, прасілі Бога, каб дапамог паліць зямлю, каб жыццё працягвалася. “Дай, Госпадзі, дапамажы, Госпадзі, прынясі вятры, прынясі нам хмары, арашы зямельку, напаі травы, поле, лясы, дай жыцця нашай зямельцы, каб благадатна ўрадзіла і ўсіх напаіла…”. Пасля здымалі з сябе ўсё адзенне, заходзілі ў ваду і цягнулі па дне плуг — “аралі ваду”. Прычым дзве жанчыны цягнулі плуг, адна ішла за плугам, яшчэ адна паганяла пугай або галінкай, астатнія ж стаялі на беразе і спявалі. Аралі толькі адзін раз. Напрыканцы таксама маліліся. Дождж ішоў праз гадзіну. Людзі раней верылі ў Бога, асабліва старыя. Вось Бог іх і слухаў. Удзельнічалі ў абрадзе і старыя жанчыны, і маладзіцы, і ўдовы — хто змовіўся і ў каго быў час. Упрагаліся ў плуг звычайна пажылыя, а моладзь “паганяла”. У кніжках гэта не чыталася, вялося спакон вякоў — нашымі дзядамі, бабулямі, матулямі. А мы, малыя, усё гэта бачылі. І зараз просяць выклікаць дождж — і тыя, хто верыць, і тыя, хто не. Асабліва старэйшае пакаленне...”

Таццяна Лявонаўна Скоцкая — таксама мясцовая жыхарка і памятае абрад з малых гадоў:

— Для таго, каб “араць раку”, трэба, каб дождж не ішоў месяц. Як паараем, дождж мог пайсці і не адразу. Часам трэба было пачакаць дзянёк-другі. А вось у мінулым годзе перааралі ваду — дык дождж на месяц заліў! Мужыкі нават прасілі “заараць раку назад”. А ёсць жа і такія словы, каб дождж спыніўся: “Дожджык, дожджык, перастань, я паеду на Ірдань, Божку паліцца, хрэсцікам хрысціцца, ключыкам-замочкам, шоўкавым платочкам”. А пасля ж па лужынах бегалі, абліваліся вадой…

І вось тут адбываецца амаль неверагоднае. Жанчыны з плугам яшчэ нават не даходзяць да другога берага, як узнімаецца халодны і вельмі моцны вецер і на даляглядзе, які з ранку быў абсалютна чысты, паказваюцца хмары. Праз гадзіну (столькі доўжыліся здымкі) на зямлю падае некалькі кропель дажджу.

— Каб былі зусім без адзення, моцны дождж адразу б пайшоў! — кажа Галіна Васільеўна. — Так заўсёды бывае.

— Вы з’едзеце — дождж пойдзе ўвечары, — дадае Таццяна Лявонаўна. Так яно і здарылася.

Алёна БЕЛАНОЖКА, вядучы рэдактар Магілёўскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці і культурна-асветнай работы