Калі ягады ратуюць…

№ 34 (1160) 23.08.2014 - 29.08.2014 г

Як жывуць і выжываюць сельскія работнікі культуры
І зноў мы ў дарозе, зноў шукаем крэатыў. Пераконваемся цягам дня, што ён таму і дарагі, што рэдкі. Крэатыў (чытай — яркі праект) сёння сустрэўся нам усяго два разы. Для трох раёнаў — малавата. Але дзень на дзень не прыпадае. І кожны раз не губляем надзеі на ўласнае здзіўленне. Урэшце, мэта нашых вандровак — адлюстраванне станоўчага вопыту, які любы ахвотны можа ўзяць з карысцю для сябе на ўзбраенне. І не дзеля сляпога паўтору, а з мэтай творчага пераасэнсавання ды не менш творчай адаптацыі ў “геапалітычных” умовах роднай мясцовасці.

/i/content/pi/cult/493/10547/10-1.jpg

Бібліятэка-клуб вёскі Беразнякі.
/i/content/pi/cult/493/10547/10-3.jpg

Дырэктар Ананчыцкага СДК Вольга Страленя.

/i/content/pi/cult/493/10547/10-4.jpg

Бібліятэкар Надзея Стражэвіч з вёскі Ленін.

/i/content/pi/cult/493/10547/10-5.jpg

Дырэктар ЦСДК вёскі Дварэц Васіль Коўшык.

/i/content/pi/cult/493/10547/10-6.jpg

 

 

Бібліятэкар з Дварца Вольга Андраюк.

/i/content/pi/cult/493/10547/10-7.jpg

Мастацкі кіраўнік клубнай установы вёскі Ленін Надзея Нагорная.

Пакой для дыпломаў

Наступны пункт прыпынку на Салігоршчыне — вёска Ананчыцы. Калі складаць рэйтынг устаноў культуры, якія мы сёння пабачылі, дык першае месца ў плане арганізацыі клубнага фарміравання зойме, напэўна, менавіта Ананчыцкі СДК, які ўзначальвае Вольга Страленя. А ў якасці ўзорнага фарміравання выступае гурт “Спадчына”. Ім таксама кіруе шматвопытная Вольга Дзянісаўна — не многа, не мала, а з 1981 года. Калектыў уганараваны такой колькасцю грамат ды дыпломаў, што пад іх пашанотнае захоўванне ў СДК адведзены цэлы пакой.

Завіталі сюды мы недзе апоўдні і літаральна ў дзвярах сустрэлі кіраўніка СДК, якая збіралася на законны абед. Гэтым разам падвяла нас блытаніна з раскладам працы ўстановы на сайце Салігорскага райвыканкама. Тым не менш, Вольга Дзянісаўна ахвяравала сваім вольным часам, каб падрабязна распавесці пра дзейнасць установы.

А расказаць насамрэч было пра што! Той факт, што музычны калектыў існуе ажно з 1965 года, сведчыць пра многае. Папулярнасць жа тады яшчэ “Этнаграфічнага ансамбля з вёскі Ананчыцы” прыпала на 1980 — 90-я. У 1981-м гурт з поспехам выступаў у Маскве, з падачы Радзівона Шчадрына запісаў кружэлку на прафесійнай студыі гуказапісу “Мелодия”. У 90-я гады з канцэртамі аб’ездзіў краіны Балтыі, Польшчу, Украіну. Запрашалі “ананчыцкіх пявунняў” і ў Канаду. Як заўсёды бывае ў такіх выпадках, на паездку не хапіла сродкаў…

Цікава, што ідэю актыўнай папулярызацыі мясцовага фальклору падказала даўняя прыяцелька Вольгі Страленя — Ларыса Рыжкова з вёскі Міханавічы, з якой чытачы “К” паспелі пазнаёміцца ў час нашага папярэдняга аўтатура.

Самае слабае месца вось такіх “бабульчыных” аўтэнтычных гуртоў — наяўнасць нефармальнага дзіцячага ансамбля-спадарожніка. Дык вось, наколькі мясцовая “Пчолка” нефармальная, ці выконвае яна напоўніцу функцыю пераемнасці старадаўняй спеўнай традыцыі? Пытанне з пытанняў. Па словах Вольгі Страленя, цяпер мясцовых дзяцей не прымусіць спяваць народнае — падавай ім эстрадны рэпертуар. На жаль, гэта тэндэнцыя апошняга дзесяцігоддзя. Раней малечы, пачынаючы з класа трэцяга і да заканчэння школы, з ахвотай далучаліся да выканання аўтэнтыкі. Цяпер такіх — адзінкі. Дый тыя наўрад ці вернуцца ў сферу культуры…

Хаця сказаць, што мясцовыя падлеткі не цікавяцца гісторыяй, таксама нельга. Да прыкладу, з 2000 года пры СДК дзейнічае клуб аматараў фальклору “Ананікі”, куды ўваходзіць з тузін дзяцей ад 7 да 14 гадоў. Школьнікі з задавальненнем удзельнічаюць у адраджэнні народных святаў і абрадаў. Кіруе фарміраваннем настаўніца пачатковых класаў мясцовай школы Ала Сарокіна.

Усяго пры СДК працуе ажно дзесяць клубных фарміраванняў на любы густ і на любы ўзрост. Вось толькі пры гэтым ва ўстанове так і не з’явіўся камп’ютар. Няма пакуль і прафесійна выдадзеных кампакт-дыскаў з песнямі ананчыцкіх спявачак. А таму давялося завітаць у госці да Вольгі Страленя ды ўжо на хатнім камп’ютары “перагнаць” трэкі з запісамі на флэшку…

Не маглі не пацікавіцца і пра ўсюдыісную аптымізацыю. Як аказалася, у Ананчыцах яна прайшла значна раней. Так, у 2010 годзе знік Этнаграфічны музей, які дзейнічаў пры СДК, публічная бібліятэка аб’ядналася са школьнай. Але асаблівага аптымізму ў вачах Вольгі Страленя мы не ўбачылі. На наша пытанне, якія перспектывы ў клуба, Вольга Дзянісаўна лаканічна зазначыла: “Ніякіх”. Маўляў, калгаса ў вёсцы ўжо няма, а праз год і школу плануюць закрыць…

Тым не менш, штогод у Ананчыцы прыязджае шмат фалькларыстаў, студэнтаў, праводзіцца Міжрэгіянальны фестываль “Сугалоссе”, на які толькі сёлета сабралася шаснаццаць народных калектываў з Капыльскага, Крупскага, Любанскага, Лагойскага і Салігорскага раёнаў. А таму ўсё ж верыцца, што жывыя ананчыцкія традыцыі яшчэ доўга будуць уражваць аматараў музыкі з усяго свету…

(Не)лірычнае адступленне Кастуся Антановіча

Жаданне наведаць Ананчыцы не пакідала мяне яшчэ са студэнцкіх гадоў. Падагравала гэтае жаданне і тое, што словы захаплення ад унікальнага фальклорнага калектыву з гэтай вёскі даводзілася чуць не ад аднаго айчыннага навукоўцы. Ускладняла задачу нязручнае размяшчэнне населенага пункта: знаходзіцца вёска ў палескай глушы. Мо менавіта таму і захаваліся тут унікальныя спеўныя традыцыі? Але паступова гравійка, што вядзе да вёскі, ператвараецца ў асфальтаваную шашу. А з ёй у нябыт адыходзіць і самабытны фальклор. Разам з вёскай, на жаль…

Схема выжывання

Жыткавіччына гэтым разам пачалася для нас з вёскі Беразнякі. Назва для Палесся, пагадзіцеся, сімптаматычная. Інакш кажучы — больш чым натуральная. Дабіраліся да паселішча праз лес — хвойны, ліставы, змешаны. Там і сям абапал дарогі бачылі ягаднікаў: ураджай чарніц сёлета тут выдаўся неблагі…

Сельскі клуб у Беразняках пераўтвораны з пачатку года ў бібліятэку-клуб. Ва ўстанове — санітарны дзень. Яе гаспадыню знаходзім ля крамы. Людміла Яфімовіч у ліку іншых аднавяскоўцаў чакала прыёму чарніц, сабраных уласнымі рукамі. А што? Выратаванне не надта, мякка кажучы, заможных работнікаў культуры — справа толькі саміх работнікаў культуры. Дарэчы, закупачны кошт кожнага кілаграма лясных ягад — 33 тысячы рублёў. А сабраць пару кілаграмаў за лічаныя гадзіны — справа для палешука не надта праблематычная… Для гэтага можна і ўласным абедзенным часам ахвяраваць.

Але найперш пагаворым аб прафесійным клопаце. Пасада бібліятэкара ў Беразняках скасавана. Кабета пайшла на пенсію. Ва ўстанове новага тыпу ўсім запраўляе Людміла Мікалаеўна. У штаце яшчэ дворнік. Працы ў яго шмат, бо прылеглая тэрыторыя — немалая, нават алея ёсць, але ўзорна дагледжана. Дворнік прыдбаў бензакасу, на паліва для яе скідваюцца разам з загадчыцай.

Вёска дажывае: і дзве сотні жыхароў не набярэцца. Дзевяностагадовая баба Аня многае распавяла б з яе гісторыі, але шчыра прызналася: “Нічагуткі, дзеткі, ужо не чую: гады…”. Ды і так даведаліся, што школы тут няма ўжо, сем вучняў возяць у Мілевічы…

А вось бібліятэка-клуб дзейнічае. Ёсць два гурткі, а бабулі ў ахвотку збіраюцца паспяваць. Людміла Яфімовіч не хоча губляць працу: два мільёны не лішнія. І моладзь на дыскатэку іншым разам збіраецца, бо апаратура тут — якасная. Цікавая гісторыя яе набыцця. Аднойчы, яшчэ за лепшым дакрызісным часам, начальнік аддзела Сяргей Агіевіч наведаў без папярэджання клуб у Беразняках, пераканаўся, што работа тут вядзецца жвава. Неўзабаве забяспечыў неблагой апаратурай. За кошт яе і выжывае ўстанова.

А за кошт чаго выжывае сама Людміла Яфімовіч? Дарэчы, мы пра гэта мала пішам. За кошт таго, што дзеці выраслі, цяпер — у горадзе. За кошт таго, што муж-зваршчык працуе ўжо не ў сельгасбрыгадзе (заробак — 1,5 мільёна рублёў у месяц), а на гарадскім прадпрыемстве ў Салігорску (да 6 мільёнаў рублёў). А яшчэ ў Яфімовічаў ёсць свая гаспадарка, свой трактар… Вось вам тыя кіты, на якіх трымаецца сённяшняя сельская культура. Асноўная праца, як хобі, — любімы занятак для душы. Ад усяго астатняга — мазалі на руках…

(Не)лірычнае адступленне Яўгена РАГІНА

А бывае, што тыя мазалі не на руках, а на душы вырастаюць. Вывесці іх — амаль немагчыма. Няма такіх лекаў. Ад абыякавасці носьбіты гэтай невылечнай немачы не паміраюць. Памірае ўсё наўкола — летуценныя мары ды карысныя справы, а свет становіцца шэрым. Бойцеся абыякавых! Дарэчы, такія на сённяшнім этапе нашага аўтапрабегу нам не трапляліся…

Ці быў тут правадыр?

Натуральнае пытанне, калі бачыш указальнік, дзе пазначана, што чарговае паселішча Жыткавіцкага раёна называецца Ленін. Перш чым знайсці адказ на яго ў мясцовых культработнікаў, на раздарожжы спыніліся, каб падсілкавацца ў карчме. Пакуль чакалі замову, назіралі за дзясяткамі аўтамабіляў з лодкамі, што з уловам вярталіся з Прыпяці, а таксама за дзясяткам мясцовых жыхароў, якія пад пякучым сонцам ля трасы прадавалі дары прыроды — чарніцы…

І вось мы ўжо ля вялізнага гмаху, дзе месцяцца і Маладзёжны цэнтр культуры, і сельская бібліятэка. За працай заспелі толькі прыбіраль-
шчыцу: як высветлілася, установы ў той дзень працавалі па змененым графіку ў сувязі са святкаваннем 90-годдзя ўтварэння Жыткавіцкага раёна. Але не паспелі мы азнаёміцца з планам працы МЦК, як яго мастацкі кіраўнік ужо запрасіла нас да сябе ў кабінет на размову.

Надзея Нагорная пахвалілася сваім народным ансамблем “Сябрына”, які станавіўся неаднаразовым лаўрэатам разнастайных конкурсаў. Усяго ж у МЦК — сем клубных фарміраванняў. Маладзёжнае аматарскае — “Фламінга”, дзіцячае — “Патрыёт”. Маецца ў МЦК і незвычайнае фарміраванне з пазнакай “тым, каму за трыццаць” — “Агеньчык”, куды, на думку стваральнікаў, ужо не моладзь збіраецца паспяваць ды патанчыць. Хаця, думаецца, куды б больш карысна было стварыць аб’яднанні не па ўзроставым прынцыпе, а па інтарэсах. Прыкладам, арганізаваць сустрэчы для маладых сем’яў.

Словам, без крэатыву тут — ніяк, бо той жа план у 23 мільёны на год падціскае. А вось тэхнічны складнік у МЦК паступова паляпшаецца. Пакуль няма добрых мікрафонаў, святламузыкі, але, прынамсі, нядаўна з’явіўся тут ноўтбук…

Наступным нашым пунктам стала бібліятэка. Нас сустрэла бібліятэкар Надзея Стражэвіч. Менавіта тут мы і атрымалі адказ на наша пытанне адносна назвы паселішча. Аказваецца, пад гэтым найменнем яно згадвалася яшчэ ў дакументах сівой даўніны. Больш за тое: існуе легенда, што менавіта тут Уладзімір Ільіч Ульянаў змяніў сваё прозвішча на Ленін…

Знайшлі мы ў бібліятэцы і куток у гонар Гродна, сёлетняй Культурнай сталіцы Беларусі, ды 70-годдзя вызвалення Беларусі, і стэнд, прысвечаны знакамітым землякам... Усё роўна, усё стабільна. Многія скажуць: усё, як і ва ўсіх. Добра гэта ці кепска? Хутчэй — першае, чым другое. Кадравы дэфіцыт, па нашым журналісцкім прагнозе, неўзабаве ўвогуле выключыць з лексікону сельскіх клубнікаў ды бібліятэкараў гэтае няўлоўнае слова “крэатыў”. Тады, як кажуць, не да тлушчу будзе. План выканаў — дый годзе. Лаяць няма за што, але і для зацятай хвальбы нагода адсутнічае.

На гуркі мы яшчэ паспелі…

Вечарэла. Начаваць запланавалі ў Лунінцы. Але да яго яшчэ дабрацца трэба было. У вёсцы Відчын прыгожыя ды вясёлыя дзяўчаты ля крамы паведамілі нам, што бліжэйшы клуб знаходзіцца ў Дварцы, а гэта недалёка — па шашы рукой падаць. Дайшлі. І не пашкадавалі, бо ў сённяшнім 
рэйтынгу сельскай культуры ўстановы Дварца таксама вартыя першага месца. І менавіта ў плане рэалізацыі цікавых праектаў.

Справа ў тым, што мясцовыя СДК ды бібліятэка вось ужо другі год працуюць на раённы брэнд “Лунінецкія клубніцы”. Гаворка не пра работніц клубаў, а — пра ягады, гандлёвай сталіцай якіх з’яўляецца менавіта Дварэц. Вось яго ўстановам ліквідацыя не пагражае. Справа ў тым, што стаіць вёска на перакрыжаванні бойкіх гандлёвых шляхоў. І калі клубніцы спеюць, збіраюцца тут фуры нават з Расіі. Клубніцы мы не заспелі. А вось танных гуркоў (па шэсць тысяч за кіло) пакаштавалі. Нішто так.

Дык вось, мясцовым СДК аж з 1981 года кіруе Васіль Коўшчык — музыкант, прыдумшчык, неабыякавы. На святочную дыскатэку тут сабралася да 400 чалавек. Калісьці білет на гэтае мерапрыемства каштаваў пяць тысяч, цяпер — восем. Не дзіва, бо план па аказанні платных паслуг пастаянна павялічваецца. За ліпень, да прыкладу, зарабіць трэба 11 мільёнаў рублёў, а на час нашага прыезду факт выканання склаў ужо 9 мільёнаў. Яно і не дзіва: чыстага гуку ў клубе — больш за 4 кВт. Але не гэта галоўнае. Проста, пад эгідай “Лунінецкіх клубніц” выступае не абы-які, а народны ансамбль песні “Вандроўнікі”. Гурт — самадастатковы, хлопцы самі складаюць музыку, робяць аранжыроўкі. Канцэрты — звышпрыбытковыя. Мы развіталіся з Коўшыкам а палове на восьмую вечара, калі хлопцы пачалі збірацца на рэпетыцыю…

У тандэме з клубам працуе бібліятэка. Над яе ўваходам — эксклюзіў, якога мы, па шчырасці, нідзе не бачылі: шыльда з рэкламным 
надпісам пра тое, што ўстанова сваёй дзейнасцю скіравана на развіццё садовых гаспадарак ды плантацый клубніц.

Унутранае афармленне — адпаведнае. Паўсюль пануе клубніца: і на кніжных вокладках, і ў выглядзе смешных сімпатычных лялек, зробленых чытачамі. На паліцах адпаведнай выстаўкі — усё пра клубніцы. Бібліятэкар Вольга Андраюк сцвярджае, што калі ўсё ўважліва прачытаць — станеш акадэмікам клубнічных навук.

Мы параілі Вользе Васільеўне скласці «клубнічны» дайджэставы зборнік, які, несумненна, будзе карыстацца пэўным попытам, паглядзелі фотаздымкі з адлюстраваннем яркага ды непаўторнага па паху і смаку свята “Луніненцкія клубніцы”. І вельмі пашкадавалі, што не бачылі ўсяго на ўласныя вочы…

Агульнае (не)лірычнае заканчэнне

Дык на чым трымаецца сельская культура? Не думаем, што вы надоўга задумаецеся над адказам. Так! Усё трымаецца на сумленні, працавітасці і ўласным гонары. Калі няма гэтых якасцей, то няма і выніку працы… І калі дзень ужо гібеў у павевах асмялелага ветрыку, спыніліся ў Кажан-Гарадку. Чакала нас там неверагоднае відовішча, ад якога (не прыхоўваем!) нават слёзы выступілі… Але пра гэта — у наступных нумарах "К".

Фота аўтараў

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"
Аўтар: Канстанцін АНТАНОВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"