Дзе мяжа валанцёрства?

№ 34 (1160) 23.08.2014 - 29.08.2014 г

23 жніўня ў котлішчы роду Рэйтанаў — вёсцы Грушаўка Ляхавіцкага раёна — у чарговы раз пройдзе мастацкі фестываль “Дах”. Неўзабаве па яго завяршэнні арганізатары плануюць прадоўжыць работы па першачарговай кансервацыі найкаштоўнай часткі сядзібы. Валанцёры маюць даволі простую задачу: з дапамогай бруса ды руберойду закрыць вялізныя прагалы, што ўтварыліся ў даху флігеля “Мураванка”. Летась гэтыя работы ўзгадняліся толькі на ўзроўні райвыканкама, але цяпер мясцовыя ўлады (яны з таго часу паспелі змяніцца) запатрабавалі дазволу Міністэрства культуры краіны на іх правядзенне.

/i/content/pi/cult/493/10541/4-11.jpgДадзеная сітуацыя вырашылася даволі лёгка і стала нагодай для стварэння сціслага FAQ, які можа быць карысны для кожнага, хто хоча стаць валанцёрам, але пакуль не ведае, як гэта зрабіць. На самыя распаўсюджаныя пытанні адказвае намеснік начальніка ўпраўлення па ахове гісторыка-культурных каштоўнасцей і рэстаўрацыі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Аксана СМАТРЭНКА.

З чаго пачынаць?

— Калі вы вырашылі дапамагчы прыбраць яблыкі ў чыімсьці садзе, перш-наперш трэба спытаць дазволу ў яго гаспадара. Помнікі спадчыны таксама маюць сваіх гаспадароў — нават у тым выпадку, калі на іх цяперашні стан гэта ніяк асабліва не ўплывае. Да таго ж, згодна з беларускім заканадаўствам, адказнасць за іх захаванне (нават без залежнасці ад формы ўласнасці) нясуць мясцовыя ўлады. Адпаведна, пачынаць трэба з візіту ў райвыканкам. Не думаю, што вас сустрэнуць там нядобразычліва альбо насцярожана. Без сумневу, тую дапамогу, якая прыходзіць звонку, мясцовыя ўлады павінны толькі вітаць, і ў сваіх лістах на адрасы райвыканкамаў мы заўсёды рэкамендуем аказваць энтузіястам усё магчымае садзеянне. Наўрад ці для раёна будзе складана забяспечыць валанцёраў патрэбнымі інструментамі, рыштункам, транспартам: пазычыць пажарную лесвіцу, падвезці трактар для вывазу смецця... У ідэале, можна і абедам накарміць. Такому супрацоўніцтву нам яшчэ належыць вучыцца, але няма сумневу ў тым, што яно можа прынесці вялікі плён.

Але роля мясцовых улад у дадзеным выпадку — не толькі спрыяць, а яшчэ і накіроўваць. Валанцёрскія ініцыятывы нельга пускаць на самацёк, іначай чыясьці шчырая апантанасць можа знячэўку прывесці да згубных вынікаў. Бывае, што пад час усеагульнага душэўнага ўздыму забываюцца нейкія элементарныя рэчы — прыкладам, тэхніка бяспекі...

Таму валанцёры павінны ставіцца да гэтага кантролю з разуменнем, бо менавіта прадстаўнікі мясцовых улад будуць несці адказнасць у тым выпадку, калі раптам што здарыцца.

Што ж да непасрэдна работ на аб’екце... Тут таксама зразумела, з чаго пачынаць: з прывядзення помніка спадчыны і прылеглай да яго тэрыторыі ў больш-менш прыстойны санітарны стан. Трэба прыбраць смецце і гнілыя парэшткі крокваў, пакасіць траву, высекчы дрэвы і кустоўе, што можа расці непасрэдна на сценах будынка, разбураючы іх сваім карэннем… У выніку, занядбаны помнік ператворыцца ў жывапісную руіну, своеасаблівы элемент ландшафтнага дызайну. Можа, дзякуючы такім нескладаным і зусім не затратным захадам мясцовыя ўлады зразумеюць, што не трэба адварочвацца ад такіх аб’ектаў, — нават без асаблівых укладанняў яны могуць выглядаць прывабна.

Ці патрэбен дазвол  Міністэрства культуры?

— У Законе аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны вызначана: “Усе віды работ на гісторыка-культурных каштоўнасцях выконваюцца з дазволу Міністэрства культуры”. Не думаю, што гэта павінна кагосьці палохаць: тут маецца на ўвазе зусім не той дазвол, які патрабуе распрацоўкі праектнай дакументацыі альбо ўзгаднення на пасяджэнні Навукова-метадычнай рады па пытаннях аховы гісторыка-культурных каштоўнасцей. На афіцыйным сайце міністэрства ёсць узор адпаведнай заявы, хаця апошнюю можна скласці і ў адвольнай форме: “Просім узгадніць правядзенне такіх і такіх работ там і там...”. А потым — прынесці ў наша ўпраўленне. Сюды “прабіцца” зусім не складана — кажуць, нават прасцей, чым у некаторыя райвыканкамы. Тэрміны ўзгаднення — таксама вельмі сціслыя, і ў адведзеныя нарматывамі два тыдні мы заўсёды ўпісваемся. Адно што — папрасілі б не прыносіць тыя заявы за дзень да намечанага летніка, асабліва ў тым выпадку, калі ён планаваўся яшчэ за тры месяцы.

Узгадненне патрэбна, каб мы ведалі, што адбываецца на тых або іншых аб’ектах, і каб спецыялісты маглі неяк уплываць на ход падзей. Некаторыя наракаюць на тое, што нават пафарбоўка фасада патрабуе ўзгаднення. Але справа тут не толькі ў знешнім выглядзе, але яшчэ і ў тым, што выкарыстанне фарбаў з неадпаведным хімічным складам можа прывесці да пашкоджання тынкоўкі і кладкі. Прыкладам, вапна і акрылавыя фарбы несумяшчальныя. І ў гэтым выпадку людзям проста трэба параіць набыць не гэтыя фарбы, а іншыя, парапрапушчальныя. І тады не давядзецца наноў рабіць рамонт ужо налета.

Вядома, закон сухі, і ў жыцці куды больш выпадкаў, чым ён можа прадугледзець. Але ўсё адно яго трэба выконваць: анархія ў нашай справе да дабра не прывядзе. Зрэшты, гэта не значыць, што трэба браць дазвол на кожны забіты цвік. Дый першачарговыя работы па забеспячэнні захавання помніка спадчыны — забіць вокны, “зацыраваць” дзіравы дах з дапамогай нейкіх часовых матэрыялаў... — узгаднення з намі таксама не патрабуюць. Дазвол на іх правядзенне, а таксама і кантроль — цалкам у кампетэнцыі мясцовых улад. Больш за тое: згодна з айчынным заканадаўствам, захады па захаванні помнікаў спадчыны з’яўляюцца іх непасрэдным абавязкам.

Наколькі я разумею, менавіта такога кшталту работы і плануюцца ў Грушаўцы. Відавочна, што яны не прыводзяць да змены аблічча помніка або пагаршэння яго тэхнічнага стану. Хутчэй, наадварот, да гэтых згубных вынікаў прыводзіць менавіта пасіўнасць. Таму, паўтаруся, звяртацца да нас па дазвол у дадзеным выпадку было неабавязкова. Тое ж самае датычыцца, прыкладам, і замены вадасцёкавых труб, ачысткі муроў ад расліннасці дый увогуле ўсіх тых не надта мудрагелістых спраў, якія могуць істотна падоўжыць жыццё “праблемнаму” помніку спадчыны.

Кожны, у каго ёсць лецішча, ведае: калі ты сёлета не прыб’еш дошчачку, якая адвалілася, ужо праз год давядзецца замяняць тры. Вось і ў Грушаўцы: дрэва павалілася на дах будынка, своечасова яго не прыбралі — і даху ўжо, лічы, няма. Таму вельмі важна, каб такія не надта складаныя захады на неэксплуатуемых аб’ектах рабіліся рэгулярна. Яны цалкам падуладны валанцёрам з ліку, скажам, мясцовых старшакласнікаў. І наўрад ці апекавацца падобнымі работамі павінны спецыялісты з Мінска: гэта пад сілу і людзям “на месцах”.

Дзе тая мяжа паміж выпадкамі, калі дазвол патрэбен, і калі не? Усвядоміць яе зусім не складана для кожнага. Калі работы так або інакш закранаюць элементы помніка, што вызначаюць яго аблічча — скажам, тыя ж фасады, — калі патрэбны інжынерныя разлікі, узгадненне, канешне ж, абавязковае.

Сфера кампетэнтнасці

— Натуральна, ёсць работы, якія простым валанцёрам наўрад ці можна даверыць — прыкладам, разлік нагрузкі элементаў даху, каб той у адзін цудоўны момант не абрынуўся ад уласнага ж цяжару. Такія работы, вядома, могуць выконвацца на добраахвотных пачатках, але — толькі спецыялістамі.

Напэўна, сам характар валанцёрскага руху — гэта менавіта перыядычная дапамога, якая не прадугледжвае адпаведнай кваліфікацыі. Паўнавартаснае ж аднаўленне помніка спадчыны патрабуе доўгатэрміновых планавых дзеянняў. Валанцёраў да гэтай справы, канешне ж, можна прыцягваць, але ўжо пасля таго, як будзе выбудавана канцэпцыя правядзення работ. І ў такім выпадку павінны быць людзі, здатныя скіраваць энергію добраахвотнікаў у патрэбнае рэчышча — прыкладам, як знакаміты кіраўнік фонду “Любчанскі замак” Іван Пячынскі. Хаця мушу адзначыць, што і з такімі асобамі ўзнікаюць непаразуменні. Скажам, мы ўзгадняем адбудову мура на невялічкую вышыню — і раптам бачым, што ён вырас куды вышэй. Пытаемся, чаму так здарылася, і чуем у адказ: дык у нас і цэгла была, і рабочыя рукі, не прападаць жа...

Увогуле, калі рака выходзіць з берагоў, нічога добрага ад гэтага звычайна не атрымліваецца. Але ж пры ўмелым выкарыстанні сіла стыхіі можа рабіць і надзвычай карысныя справы — скажам, выпрацоўваць электраэнергію. У значнай ступені гэта датычыцца і ініцыятывы неабыякавых людзей.