Туга па героі

№ 34 (1160) 23.08.2014 - 29.08.2014 г

Яўген Рагін, рэдактар аддзела газеты “Культура”
Нядаўна ўпершыню пабываў у Ляўках і яшчэ раз паспрабаваў уявіць ды асэнсаваць, якім жа быў Іван Дамінікавіч — шляхціч з нязбытнай марай пра волю. Гэтае ўяўленне так і застанецца недадуманым, бо нюансы існасці такой асобы становяцца зразумелымі толькі ў працэсе сталення кожнага з нас. І ў кожнага гэтае ўяўленне — рознае. У залежнасці ад жадання штосьці зразумець, ад веры і перакананняў…

/i/content/pi/cult/493/10537/4-1.JPGНа сталічным прыпынку грамадскага транспарту ля Дзяржцырка па праспекце Незалежнасці размешчана карта мінскіх цікавостак, на якой Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы пазначаны як… спартыўны комплекс. Пагаджуся з такім тапаграфічным “казусам” толькі тады, калі да Песняра з боку шырокай грамадскасці будзе праяўлены папраўдзе спартыўны (чытай — непадманны ды неўтаймоўны) інтарэс. Але ж пра гэта застаецца толькі марыць. Нават не ўсе школьнікі ведаюць, кім насамрэч быў Іван Дамінікавіч Луцэвіч. Нават не ўся мінская інтэлігенцыя ў курсе, дзе Музей Купалы размешчаны. Заканамернасць? Чаму ўсе рвуцца ў Турцыю, а не, скажам, у Ляўкі? Лягчэй быць часткай натоўпу, чым заставацца асобай (чытай — прадстаўніком нацыі). Напэўна, пра гэта да скону дзён Янка Купала і думаў з тугой…

Не ствары сабе куміра… Але і на героя не забывайся. Ці герой для мяне Янка Купала? Асабліва пасля 1930-х, калі нібыта зламаўся пад прэсам ўладарнага непрыняцця і як быццам здрабнеў у тэмах і мэтах, быў часам безабаронны і разгублены (згадайма ліст да Чарвякова)? Так, неаспрэчна, — герой. У паэта, калі ён сапраўды здолеў стаць сумленнем нацыі, — заўжды пакутлівы пакручасты лёс. І толькі бронзавы манумент здольны заставацца непахісным пры любым надвор’і. Урэшце, нават помнік можна зламаць. А паэт — ён з плоці і крыві. Так, вершы цяпер пішуць многія, ды вось толькі паэтаў мала…

/i/content/pi/cult/493/10537/4-2.jpg /i/content/pi/cult/493/10537/4-3.jpg

Нядаўна ўпершыню пабываў у Ляўках і яшчэ раз паспрабаваў уявіць ды асэнсаваць, якім жа быў Іван Дамінікавіч — шляхціч з нязбытнай марай пра волю. Гэтае ўяўленне так і застанецца недадуманым, бо нюансы існасці такой асобы становяцца зразумелымі толькі ў працэсе сталення кожнага з нас. І ў кожнага гэтае ўяўленне — рознае. У залежнасці ад жадання штосьці зразумець, ад веры і перакананняў… Але не толькі пра гэта зараз гаворка.

Чаму Купала не стаў блізкім кожнаму з нас? Чаму мы згадваем пра яго толькі пад час круглых дат? Чаму ён не пераўтварыўся ў беларускі сімвал? Гэткі ж, як, скажам, Эрнэста Чэ Гевара для сённяшніх марксістаў ды нонканфармістаў? Я бачыў у метро хлопца ў майцы з выявай камандантэ Чэ. Маек з Купалам не заўважыў. Па той простай прычыне, што іх няма ўвогуле. Лёгкая прамысловасць і нацыянальная ідэя не перасякаюцца ніяк і нідзе. І не толькі прамысловасць… Нават не буду шмат казаць пра тое, што нацыянальных герояў ігнаруюць наша тэлебачанне і “Беларусьфільм”. Нагадаю хіба, што расійскі кінематограф бясконца распрацоўвае вобраз Пушкіна (іхняе ўсё), толькі апошнім часам паспеў выдаць на-гара мастацкія стужкі пра Харламава, Гагарына, Паддубнага, тэлевізійныя серыялы пра Ясеніна, Чкалава, Маякоўскага… У нас — нічагуткі, за выключэннем, бадай, мадэрновага тралейбуса “Вітаўт”, які нават не ўсе мінчане на маршруце бачылі…

Нацыянальная ідэя — не тост. Гэта сэнсавае абгрунтаванне развіцця нацыі. Не натоўпу, а менавіта нацыі, якая заўжды складаецца з асоб. Добрых ці кепскіх па нашым меркаванні, але — асоб.

Беларусам мяне зрабілі ў шматлікіх рэдакцыях, дзе давялося працаваць. І зрабілі гэта неабыякавыя людзі, для якіх Купала — сімвал веры, а беларуская мова — працяг душы.

...Не дае спакою туга па героі.

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"