“Рахманінаў-лайф” нашага этна

№ 34 (1160) 23.08.2014 - 29.08.2014 г

Ірэна КАТВІЦКАЯ, спявачка этна, кампазітар, этнамузыколаг, піяніст, лаўрэат міжнародных конкурсаў, заснавальнік і лідар праекта “Akana”
5 жніўня я з сольнай праграмай “Этнафантазія” прэзентавала культуру Беларусі на адной з самых прэстыжных канцэртных пляцовак свету. Канцэрт прайшоў у рамках VIII Міжнароднага фестывалю “Збіраем сяброў” у Маскве — у Рахманінаўскай зале Маскоўскай дзяржаўнай кансерваторыі імя Пятра Чайкоўскага. Акрамя апошняй, арганізатарам стаў навукова-творчы цэнтр “Музычныя культуры свету”.

/i/content/pi/cult/493/10536/9-5.jpgФорум традыцыйна збірае ў расiйскай сталiцы самыя цікавыя праекты сучаснай сусветнай музыкі. Сярод краін-удзельніц былi прадстаўлены, апроч нашай радзімы, Арменія, Вялікабрытанія, Ізраіль, Іран, Італія, Кітай, Літва, Партугалія, ЗША, Турцыя, Японія і Расія.

З Маскоўскай кансерваторыяй мяне звязваюць даўнія творчыя ўзаемаадносіны і ўдзел у канцэртах, навуковых канферэнцыях, майстар-класах ды радыёперадачах. Для мяне гэта заўсёды выдатная магчымасць паказаць і традыцыйную культуру, і сучасныя тэндэнцыі ў музыцы Беларусі. А прэзентаваць “Этнафантазію” мне заўсёды прыемна.

Матэрыялы да выступлення рыхтаваліся вельмі дэталёва. А ў канцэртным буклеце маё пасланне слухачам было размешчана спачатку на беларускай мове, а затым — як пераклад — на рускай. Усе найменнi кампазіцый — у арыгінальных назвах песень з дыялектнымі асаблівасцямі. Прыводзiлiся анатацыі да кожнага твора, дзе пазначалiся абрадавыя асаблівасці і спецыфіка беларускага рытуальнага календара.

Канцэрт, я лічу, канцэптуальна атрымаўся. Але публікі было, скажу шчыра, няшмат. Прычыны тут мне бачацца дзве. Першая — спякота, што стаяла тымі днямі. Другая — беларуская музыка не з’яўляецца брэндам, які выклікае цікавасць: яе папросту не ведаюць як самастойны аб’ект культуры. На жаль, не было ніякай падтрымкі і проста элементарнай цікавасці з боку нашых дыпламатаў, што працуюць у суседняй краіне…

Перад канцэртам прыехала здымачная каманда з тэлеканала “Культура”, прычым адно з першых пытанняў было такім: “А вы действительно поете только белорусские песни? Ведь есть русские (паўза), или украинские (яшчэ большая паўза)…” Вось тут я і зразумела: “Ага! Гэта мой час!” Большую частку інтэрв’ю распавядала пра абсалютную ўнікальнасць ды самабытнасць беларускай традыцыйнай культуры. Даволі дэталёва праводзіла “лікбез” па пытаннях спецыфікі фальклору Беларусі. Бо, па-першае, у нас ён захаваўся лепш, чым у іншых краінах славянскіх этнасаў, а па-другое — гэта і зараз жывая традыцыя.

Тэлежурналісты з “Культуры”, адзначу, зрабілі якасны сюжэт і з выкарыстаннем інтэрв’ю, і з фрагментамі канцэрта. Матэрыял прайшоў адразу ж у інфармацыйным блоку. З той прычыны мая творчасць і “Этнафантазія” ўвайшлі ў зафіксаваную гісторыю фестывальнага лета-2014. Гэты невялікі, падавалася б, сюжэт выклікаў цікавасць да маёй музыкі і ў Беларусі, бо нават незнаёмыя людзі знаходзілі мой тэлефон, каб падзяліцца сваім захапленнем ад роднай культуры.

Публіка ж у Рахманінаўскай зале была ў сакральным настроі, прымала праграму вельмі ўважліва, сур’ёзна, адкрыта. Пасля канцэрта гледачы падыходзілі і казалі, што такой узнёсласці ды пачуцця “лясной свежасці, духоўнай чысціні, подыху прыроды” даўно не адчувалі… Для сябе яны адкрылі свет Беларусі і нашых старажытных рытуалаў, пачулі ўпершыню беларускую мову.

Акустыка залы — насамрэч фантастычная! Я такога ад жывой акустыкі даўно не адчувала. Старанна-беражліва гукаінжынеры наладжвалі апаратуру для запісу канцэрта. У верасні на руках у мяне будзе поўны запіс “Рахманінаў-лайф”. Гэтае выступленне застанецца і ў архіве Маскоўскай кансерваторыі для аналізу сучаснай беларускай музыкі, яго будуць вывучаць студэнты ды, спадзяюся, тэарэтыкі, якія змогуць зразумець унікальнасць нашай традыцыі і падыходаў да яе стылістычнага пераасэнсавання ў сучаснасці.

Сваю місію лічу выкананай (на гэтым этапе), бо для мяне было вельмі значна ў дадзены момант менавіта ў Маскве данесці важную і простую ідэю: “Мы — гэта мы! I папрашу не блытаць нас ні з кім!” Напярэдадні майго канцэрта выступаў шыкоўны струнны квартэт “Дэльква” (Паўночны каралеўскі каледж музыкі, Манчэстэр, Вялікабрытанія), і яго музыканты праз “Этнафантазію” вывучылі сваё першае слова на беларускай мове: “Дзякуй!”…

Фота Юрыя ІВАНОВА