Сялянская праца

№ 34 (1160) 23.08.2014 - 29.08.2014 г

Генадзь АЎСЯННІКАЎ, народны артыст Беларусі, народны артыст СССР, акцёр Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы
Так, так. Маё дачыненне да культуры пачалося з простай сялянскай працы. Вы ж не забывайце, што ёсць дакладнае азначэнне слову “культура”: гэта ўсё, што ад душы створана і ствараецца чалавекам. Дарэчы, толькі на першы погляд сялянская праца выглядае такой простай ды немудрагелістай. Насамрэч усё абсалютна не так. Вы толькі паспрабуйце ёй заняцца. Ды не абы-як, а са стараннем і сумленнем...

/i/content/pi/cult/493/10534/13-1.jpgДык вось, у дзяцінстве я, шасцігадовы, з сапраўдным зачараваннем назіраў, як у вёсцы будуюць хату. Вянец за вянцом. Не памятаю, што гэта былі за людзі. Звычайныя майстравыя мужыкі. І яны цудоўна ведалі сваю справу. Кожны рух — вывераны, а таму — бясконца прыгожы. А такая культура працы — сапраўднае мастацтва. Яно не магло не зачараваць…

А пасля быў мой асабісты доўгі шлях ад гэтай хаты да тэатра. Што мяне зрабіла акцёрам? Толькі праца. Вянец за вянцом, вянец за вянцом. З тае пары мінула больш за семдзесят гадоў.

Праца артыста не мае аналагаў. Яна заўсёды цяжкая. Вынік сялянскай працы — жытні хлеб, вынік акцёрскай працы — хлеб духоўны. А хлеб ніколі лёгка не даецца. І дамагчыся яго можна толькі потам. Гэта пабочнаму чалавеку падаецца, што хата, хлеб, роля даюцца лёгка. А спрактыкаваны ведае цану сабе і той справе, якой прысвяціў жыццё…

Фота Юрыя ІВАНОВА

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"