А.М., М.М. ды іншыя

№ 30 (1156) 26.07.2014 - 01.08.2014 г

Хто не ведае мастака Кашкурэвіча і хто ведае лінгвіста Янкоўскага?
Не так даўно папрасілі мяне ў прыватным выдавецтве зірнуць у якасці рэдактара тэксты да альбома, які аб’яднаў пад адной вокладкай рэпрадукцыі твораў выяўленчага мастацтва з фондаў айчынных музеяў. Пачаў я знаёміцца з тым тэкстам не з ягонага лагічнага пачатку, а з раздзела, прысвечанага беларускім творцам. І вось тут мяне чарговы раз прымусіла задумацца адно пытанне, што, прызнацца, набіла ўжо аскому.

Сэканомілі альбо…

Вось скажыце, ці вядомыя вам, шаноўныя чытачы, такія беларускія мастакі, як Кішчанка і Кашкурэвіч (пішу наўмысна без імёнаў)? “Несумненна!” — урэшце, так і мусяць адказаць чытачы “Культуры”. Адзін — майстар жывапісу, габелена, манументальнага мастацтва, другі — сусветнага ўзроўню графік. Дык вось, у згаданым альбоме будзе прадстаўлена па рабоце кожнага. І подпісы перад назвамі твораў: “А.М. Кішчанка” і “А.М. Кашкурэвіч”. І ў тэксце ўступных артыкулаў гэтак жа. Такім чынам, на ўвесь альбом — ніводнага выпадку поўнага напісання імён гэтых творцаў. Зрэшты, як і ўсіх астатніх там прадстаўленых, вядома, выключна з ліку дзеячаў беларускага мастацтва. А вось асобы з сусветнага мастацкага Алімпа ці маючыя дачыненне да рускай культуры — пададзены з поўным напісаннем у адпаведных раздзелах.

Як гэта патлумачыць? Эканоміяй, нібыта на прыназоўніках у тэлеграме? Спадзяюся, апошняе не так, бо было б гэта ўжо надзвычай цынічна. Але ж, з іншага боку, колькі ўжо такіх альбомаў з падобнымі “ініцыялізаванымі” творцамі мелі месца? Ды не злічыць! А мо аўтар тэксту беларускага раздзела аказаўся проста… абыякавым да таго, што пісаў? Чамусьці, не адзін год назіраючы за станам спраў у нашай культуры і, зноў жа, абыякавым, скажам шчыра, стаўленнем да яе з боку некаторых адказных і не вельмі работнікаў названай сферы (далібог, далёка не ўсіх!), у апошняе мне верыцца з найбольшай ахвотай. І справа тут не толькі ў нізкіх заробках — усё куды больш глыбока…

Як быў я… дзіваком

Што ж, дачытваю тэкст, аддаю прадстаўніку выдавецтва і адразу ж задаю пытанне: “Глядзіце: “А.М.”, ізноў “А.М.”, а вось — “М.М.”, “Л.Д.”? Без расшыфроўкі? А карыстальніку альбома будзе тое зручна? Маўляў, ён імёны дадумае сам?” “Ну хто ж не ведае Кішчанку і Кашкурэвіча?!” — даводзяць у адказ эканомныя выдаўцы ды ашчадныя заказчыкі (установа культуры, між іншым). Без сумневаў, тое самае сказалі б мне і дасведчаныя супрацоўнікі музеяў, адзінкавыя нашы мастацтвазнаўцы, а таксама практычна рэліктавыя абазнаныя гледачы (хоць, як сведчыць наведванне журналістамі газеты “Культура” мастацкіх выставак у буйных і не вельмі залах, і не абазнаных не набярэцца ад дня, наступнага за вернісажам, і да канца экспазіцыі, каб на пальцах адной рукі падлічыць). Таму я рэзка адказваю тым выдаўцам на іх (ох, як хацелася б, каб яно ўрэшце стала рытарычным!) пытанне: “Ды вобмаль!”.

Я і сапраўды досыць песымістычнага меркавання пра рэальны стан дасведчанасці нас з вамі ў дасягненнях айчыннага мастацтва. Не згодныя? У такім выпадку, пад’едзьце у мінскі мікрараён “Усход” да дамоў з мазаікамі аўтарства Кішчанкі альбо да гасцініцы “Турыст” на Партызанскім праспекце з ягонай жа работай на фасадзе (у якім яна цяпер стане?) ды запытайцеся ў дзясятка чалавек рознага веку пра аўтара дэкору (у першым выпадку работа ўнесена ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей краіны). Колькасць дакладных адказаў і стане цалкам адэкватным працэнтам дасведчанасці. Добра, калі адсоткаў тых будзе дзесяць… Прапанову правесці аналагічны эксперымент з кніжнай графікай Кашкурэвіча я і не выказваю.

…Што ж, апаненты з выдавецтва нічога не парыруюць, але ў іх вачах я выглядаю, мякка кажучы, дзіваком. Па тварах чытаецца літаральна наступнае: “Там “А.М.”, тут “А.М.”… Галоўнае ж — выдаць і грошы асвоіць, хіба не?..”

Ах, Алег Іванавіч…

Да безыменных творцаў я яшчэ вярнуся. Пакуль жа прапаную зрабіць невялікае адступленне ад заяўленай тэмы, каб пацвердзіць яе актуальнасць. Апавяду, так і хочацца сказаць — показку, але ж насамрэч — рэальны выпадак. У сталічным мікрараёне “Сухарава” ёсць даволі працяглая вуліца Янкоўскага. Яе акурат гэтак і абвяшчаюць у транспарце: “Янкоўскага”.

Аднойчы ў тралейбусе пара пасажыраў абмяркоўвала, як жа хутка ў нас ушанавалі памяць знакамітага Мюнхгаўзэна Алега Янкоўскага… Кабета нават слязу змахнула, згадаўшы маладосць… Я, канешне, усміхнуўся сам сабе, але праз пару тыдняў мне тое ж самае сказаў мой знаёмы. Тады я задумаўся: але ж прыяцель неаднойчы праязджаў па вуліцы Янкоўскага, якая мела такую назву яшчэ пры жыцці Алега Іванавіча. Прыжыццёвыя ж помнікі ў нас неяк не прыняты… Не звяртаў увагі сябра? Канешне, бо не мае звычкі на тое, бо ніхто не навучыў. І не вучыць дагэтуль.

Чаму ж мы такія? Незацікаўленыя, неахвочыя да новага, не піетэтныя ў сваім стаўленні да мінулага (кажу пра культурную сферу)?.. Вось і тая блытаніна з Янкоўскімі — гэткага ж кшталту форма абыякавасці да дасягненняў сваіх суайчыннікаў (хоць і Янкоўскі-акцёр належыць да выдатнай кінатэатральнай дынастыі, выступаў ён у юнацтве і на сцэне мінскага Горкаўскага тэатра поруч з братам Расціславам, ды, несумненна, варты быць увекавечаным у назве вуліцы, у тым ліку, мяркую, і мінскай). Ну а хто такі лінгвіст і дыялектолаг Фёдар Янкоўскі, ведаюць сапраўды збольшага спецыялісты, ну, і крыху — студэнты-філолагі, калі з кім іншым не пераблытаюць… А шыльда мемарыяльная вісіць на адным з дамоў, ды хто нават з жыхароў апошняга ведае пра яе існаванне ды, тым больш, змест?..

Што за Шырма?

Цікава, што пра наступны прыпынак таго ж самага тралейбуса інфарматар абвяшчае з не меншай інтрыгай: “Вуліца Шырмы”. Уяўляеце, пра якую шырму падумала большасць пасажыраў? А колькі — пра этнографа і фалькларыста, заснавальніка Дзяржаўнай харавой капэлы Рыгора Раманавіча Шырму?

Далей па маршруце ідуць “безвестные” Алібегаў, Рафіеў, Любімаў, Бялецкі. У іншым кірунку — Чайлытка (о, як любяць няправільна называць яго прозвішча ў “Мінсктрансе”! А ўсё ж проста: “Чайлыткі”, бо ён Леў Львовіч, а не, скажам, Ганна Львоўна!), Мазураў, Адзінцоў, Матусевіч. Кім былі гэтыя людзі? Дык дайце хаця б імёны, каб закінуць у інтэрнэт-пошукавік, калі складана прыдумаць спосаб падачы хоць мінімальнай інфармацыі пра іх у салоне транспартнага сродку, на прыпынку альбо праз галасавы інфарматар (прадказваю сустрэчнае пытанне: а хто за ўсё гэта мае адказаць: ідэолагі ці транспартнікі з гарадскіх структур?)! Затое два прыпынкі ля паліклінік па тым жа маршруце абвяшчаюцца ўжо не так, як колькі гадоў таму, калі падобных аднайменных пунктаў было з пару дзясяткаў на сталіцу, а цалкам канкрэтна: “Паліклініка № 25” і “Паліклініка № 26”. Адчуйце розніцу!

Пашанцавала на той тралейбуснай трасе хіба вуліцам нашага літаратурнага класіка Максіма Гарэцкага і, з нядаўняга часу, класіка слова рускага Сяргея Ясеніна. Абвяшчаюць іх з імёнамі. А вось на шыльдах, што на дамах, пакуль блытаніна: дзесьці “Ясеніна”, у іншым месцы — “С.Ясеніна”, а сям-там — ужо і “Сяргея Ясеніна”. Які-ніякі, а прагрэс!

А як выдатна быць акадэмікам! Вось, скажам, на тых самых заходніх ускраінах Мінска маюцца вуліцы акадэміка Фёдарава і акадэміка Жэбрака, на усходзе — акадэміка Купрэвіча. Так і абвяшчаюць іх са статусным “акадэмік”. А вось вуліца народнага паэта Беларусі Пімена Панчанкі на шыльдах пазначана толькі прозвішчам, а ў транспарце, у залежнасці ад версіі абнаўлення інфарматара на маршруце, — то “Пімена Панчанкі”, то “Панчанкі”. Лішне казаць, што “суседу” па ўскраінным жылым масіве — народнаму пісьменніку Івану Шамякіну — “пашанцавала” не больш…

Аплата за Панчанку дапаможа?

Дык патлумачце, чаму так важна пазначыць дакладны нумар бліжэйшай да прыпынку транспарту паліклінікі (тут і спрачацца не выпадае: важна), але не адзначыць, якую ж асобу і чаму ўганаравалі прысваеннем яе імя гарадской вуліцы? Хіба так цяжка дапісаць у тэкст дыктару пры запісе: “Вуліца мастака і кампазітара Напалеона Орды”, “Вуліца народнага паэта Беларусі Пімена Панчанкі”, “Вуліца заслужанага будаўніка Льва Чайлыткі” ці “Вуліца паэта Яна Чачота”? Так, запатрабуе тое большай аплаты працы агучвальніка. Безумоўна, абвестка стане гучаць на колькі секунд даўжэй (дык затое — не абрыдлая рэклама!).

Навошта ўсё гэта патрэбна? Ды каб была нагода ганарыцца! І апраўдаць хоць на каліўца змест патэтычных і ў большасці сваёй стала абязлічаных бігбордаў пра “мой горад” і “ганаруся Мінскам”. А яшчэ — каб прыйсці ў бібліятэку, кнігарню ці нават адкрыць акенца інтэрнэт-пошукавіка ды даведацца, што ж такое напісалі Панчанка, вядомы са школьнай лавы, ды Орда, чыё імя адкрыта шырокай грамадскасці не так і даўно. Менавіта такім чынам, нават праз выпадкова пачутае імя, абыдзённую сітуацыю, пачынаецца прызнанне. На мой погляд, нашым славутым імёнам якраз яго і не стае не ў фармальным, а ў рэальным плане.

Але ж аргумент на гэтыя культуралагічна-ідэалагічныя меркаванні ў адказ будзе, відаць, адзіны: “Праграмамі пераагучвання не запланавана, сродкаў не прадугледжана”. І, не для прэсы, фраза кшталту: “Скажыце дзякуй, што паціху вуліцы з імёнамі называем”. А за гэта і сапраўды дзякуй! Апроч названых мной вышэй дадам прыклад з новапабудаваных “Каменнай Горкі” і “Дамброўкі”: скажам, вуліца Іосіфа Жыновіча, якая, праўда, суседнічае з вуліцай проста Калеснікава. Дык дзе шукаць сістэму?

Памятаецца, калі вывучаў пяць гадоў беларускую мову ў ВНУ, пра яе — сістэму — казалі ці не на кожнай пары па кожным прадмеце. Цікава, няўжо ў навуках транспартнікаў было інакш? Урэшце, адзіны паслядоўны выпадак той самай сістэмы я ўсё ж зафіксаваў: калі прозвішча (альбо псеўданім) у асобы, у гонар якой названа вуліца, сугучныя з агульным назоўнікам. Так, відаць, і з’явіліся вуліцы Якуба Коласа, Максіма Танка, Уладзіслава Галубка і Кандрата Крапівы. Урэшце, Шырму, згаданаму вышэй, тут пакуль не пашчасціла…

Cкарачалі і скарачаем…

Але ж вернемся да мастакоў А.М. і А.М. Пазнавальныя ініцыялы, ці не так? Але прэч жарты ды іронію! Аддаўшы тэкст пасля прагляду ў выдавецтва, настойліва параіў яго кіраўніку ўсё ж звярнуць увагу на поўную адсутнасць імёнаў нашых мастакоў у альбоме. І дадаў: усё ж адна справа, калі мастака называем “ну, той, што пейзажы малюе”, ды іншая, калі называем прозвішча — і цалкам сітуацыя змяняецца, калі мы можам сказаць “Селяшчук”, а можам — “Мікола Селяшчук”. Бо ведаем, як ягонае імя, а значыць — шануем. Пагадзіцеся, нават кажучы пра Далі, Шагала, Ленана, “па змоўчанні” памятаем, што першага клікалі іх Сальвадорам, Маркам, Джонам. Гэта, паўтаруся, знак павагі, заслугі.

І не пагаджуся, што тут усё сапсаваў савецкі час і савецкая ж традыцыя з неадольным імкненнем да празмерных скарачэнняў. Перыяд той мінуў больш як два дзясяткі гадоў таму. Але... Што ні выданне, прывезенае з чарговага фестывалю, свята, дык гісторыя раёна больш нагадвае для госця які інтэлектуальны турнір з заданнем расшыфраваць пару соцень ініцыялаў.

І, мяркую, называючы любога артыста расійскай сцэны, мы без праблем прыгадваем імя і прозвішча. А ў нас? Нядаўна пабачыў кінастужку, якой ужо споўнілася гадоў сорак, дык у ёй здымаліся “Г.Гарбук” і “Г.Аўсяннікаў”. Ці нармальнае такое абазначэнне? Мяркую, не. Ды ўсё ж на сучасным тэлебачанні і ў кіно традыцыя — пісаць імёны і прозвішчы. А што ж у друку? Так, і ў “Культуры” такія моманты скарачэнняў існуюць. Але адна справа, калі імя ды прозвішча паўтараюцца ў тэксце не адзін раз, і іншая — калі яно ўзнікае аднойчы з ініцыяламі — і на тым яго няма. Апошнія выпадкі станем пільнаваць больш уважліва.

Як там у паэта? “Імёны — адно на мільён дастаткова”. На шчасце, імёнаў у нас куды больш. Давайце іх называць і ўжо тым шанаваць. А то, глядзіш, станем апазнаваць сваіх творцаў па газеце ў руках і казаць: “Ну, гэты, які…”. Замест шматкроп’я дапішыце вызначэнне самі.

Аўтар: Сяргей ТРАФІЛАЎ
галоўны рэдактар газеты "Культура" у 2012 - 2017 гадах