Колеры Альгерда

№ 29 (1155) 19.07.2014 - 25.07.2014 г

Успамінаючы Малішэўскага праз чвэрць стагоддзя
...А вось Альгерд Малішэўскі ніколі не пісаў Ільіча. Канешне ж, да такіх твораў, як “МТЗ. Тэрмічны цэх”, “Вясна ў Чыжоўцы”, “Дзве сястры. 9 Мая” ці “Сям’я брыгадзіра” і “Клятва”, могуць быць прэтэнзіі акадэмічнага толку, але што да ўласна жывапісу — тут гаворкі няма. Што цікава, ён з задавальненнем эксперыментаваў і ў “авангардным” жывапісе, але мала каму паказваў вынікі сваіх “фармалістычных” пошукаў, тым больш — ніколі іх не экспанаваў. Думаю, што гэты бок творчасці нейкім чынам паўплываў на будучую творчасць яго таленавітага сына Сяргея…

/i/content/pi/cult/490/10465/15-1.jpg

А.Малішэўскі. "Міншчына".

/i/content/pi/cult/490/10465/15-3.jpg

А.Малішэўскі. "Партрэт Арлена Кашкурэвіча".

…У 1952 годзе бабруйчанін Альгерд Малішэўскі паспяхова скончыў Харкаўскі мастацкі інстытут, дзе ягонымі педагогамі былі акадэмік, прафесар, лаўрэат Сталінскай прэміі Пётр Котаў, вучань бліскучага Мікалая Фешына і Мікалая Самокіша, і “французістага” пейзажыста Леаніда Чарнова. Сярод тагачасных харкаўскіх сяброў Малішэўскага былі Барыс Калеснік, Уладзімір Пятроў і Яўген Трыгуб — будучыя выдатныя ўкраінскія жывапісцы, пра якіх Малішэўскі цёпла згадваў.

Для сябе я ўпершыню адкрыў гэтага мастака ў карціне “Мы вернемся”. На той час яна з’явілася новым “словам” у беларускім жывапісе: просты эпізод развітання салдата з хлопчыкам і сваім цяжкапараненым таварышам аўтар пластычнымі сродкамі ператварыў у высокую драму ваеннага часу. Што ў ёй асаблівага? Відаць, вострае асабістае пачуццё, якое робіць карціну падобнай на споведзь. У кожнага, хто перажыў вайну, сваё ўспрыманне і разуменне яе, але каму дадзена перайсці тую мяжу, што аддзяляе памяць аднаго ад памяці цэлага народа?

Пошук — гэта быў адзін з прынцыпаў на ўсім творчым шляху Малішэўскага. Ён казаў: “Далёка не заўсёды ўдаецца адразу зрабіць так, як думаеш ці плануеш. Часам адно і тое ж палатно значна трансфармуецца. Здаецца, усё зроблена, а чаканага выніку няма. Даводзіццца пачынаць ізноў, і так не адзін раз…”

Мне заўсёды былі больш блізкія ягоныя пейзажы, нацюрморты і партрэты, хаця і ў жанры фігуратыўнай карціны ў яго былі бліскучыя дасягненні. Узгадваю ягонага “Нейрахірурга Секача”, палотны “Медсёстры” і “Пасля аперацыі” (ці не тыя гэта людзі, якія аднойчы на аперацыйным стале ўратавалі жыццё мастака?). У свой час вельмі гучна прагучала палатно “Нашы маці” — яркая публіцыстычная рэч, па “мелодыцы” не зусім звычайная для лірыка Малішэўскага. У простым эпізодзе — група ўсхваляваных жанчын і дзяцей стаіць перад пано японскіх мастакоў І. і Т. Марукі “Хірасіма”: Малішэўскі расказаў пра мір на зямлі, пра несумяшчальнасць такіх паняццяў, як вайна і чалавечае шчасце, здолеў паказаць грамадзянскі пафас тых савецкіх людзей, якія паклалі на алтар свабоды незлічоныя ахвяры. Погляд на “Хірасіму” — погляд і на ўласнае незабыўнае мінулае. Канешне, зараз такія палотны пра барацьбу за мір глядзяцца нейкім анахранізмам, асабліва для сённяшняй моладзі. Але ў 1960-я гады гэтая тэма прайшла ў творчасці многіх майстроў пэндзля і разца — ад Л.Шчамялёва, М.Савіцкага, П.Крахалёва да Г.Паплаўскага, А.Кашкурэвіча, Л.Гумілеўскага, А.Анікейчыка, У.Церабуна. Не абмінуў яе ўвагай і А.Малішэўскі. Але ёсць у яго рэчы, на якія час і сацыяльна-палітычныя метамарфозы не ўплываюць. Я так думаю…

Вось, напрыклад, цудоўныя партрэты Аляксандра Кішчанкі, Аляксандры Некраш, Марыны Мельячэнка, Марыі Макарэвіч, Галіны Арцімовіч, палачанкі Ніны Кныш, Андрэя з голубам… Угледзімся ў гэтыя работы — у іх мастак шукае адказы на хвалюючыя яго пытанні: які ён, чалавек? Чаму так моцна знітаваны ён з сучаснасцю, з асяроддзем? Раскрываючы ў кожным партрэце ўсё новыя аспекты чалавечага жыцця, Малішэўскі імкнецца захаваць, уславіць яго цэласнасць і гармонію, пры гэтым ён не столькі пранікае ў духоўны стан сваіх герояў, колькі выяўляе іх узаемаадносіны са знешнім светам, вызначае сацыяльную прыналежнасць асобы. Яму ўдаецца стварыць адметныя, неардынарныя і складаныя характары.

Такія, у прыватнасці, выдатныя партрэты мастака Арлена Кашкурэвіча і педагога Грэты Лісоўскай. У “Партрэце юнага мастака” (сына) Малішэўскі знаходзіць востры пластычны ход: адлюстраванне інтэр’ера майстэрні пашырае, паглыбляе наша ўяўленне пра таго, каму прысвечаны твор. Жаданне выявіць повязь асобы з навакольным светам прымушае жывапісца асаблівую ўвагу надаваць фону. Паказваючы куточак прыроды ці рытмічна складаны ажур вытворчых аксесуараў (партрэты кранаўшчыка Д.Крупскага, аператара І.Агейчыка, будаўніка П.Зыля), мастак дае гледачу магчымасць убачыць героя ў звыклых для яго абставінах, дзе раскрываецца характар, дзе чалавек пачуваецца ўладаром, творцам.

А пейзажы! А нацюрморты! Першае ўражанне — што яны, быццам гуляючы, вельмі лёгка даліся мастаку. А я ўзгадваю, як Альгерд Адамавіч над імі цяжка працаваў, як шукаў кампазіцыю, перапісваў цэлыя кавалкі, пакутаваў, што “мазкі кепска адчуваюцца”: гэта значыла, што ў іх “занадта мала асабістага”. Памятаю, як доўга не ўдавалася яму карціна “”Маці. Пратэст вайне”: ён пісаў яе, калі не памыляюся, гадоў восем і скончыў твор у 1980-м. Жывапіс, канешне ж, цудоўны, але занадта шмат прэтэнцыёзнасці і вымучанасці ў вобразах. Думаю, што Малішэўскі па натуры быў больш усё ж мастаком “імпрэсіяністычных” пачуццяў, імгненных эмоцый, чым доўгіх сухіх разваг...

Але затое калі ставіў апошнюю “кропку”, скажам, у нацюрморце ці ў партрэце, быў задаволены… Таму што на палатне з’явілася пераможная матэрыя і колер знайшоў сваю форму! Вось такая чароўная “форма” і ў ранніх пейзажах мастака (“Сонечны дзень”, “Прыстань”, “Нарач”, “Міншчына”, “Прылукі”), і ў позніх (сезанаўская “Чырвоная паляна”, “Лес партызанскі”, “Вязынка. Новыя хаты”, “Ялцінскі дворык. Мясціны М.Багдановіча”, “Пойма Бярэзіны”)… Краявіды нязменна вабяць творцу, таму пейзаж для яго — удзячны жанр. Малішэўскі тонка адчувае і ўмее перадаць гармонію, спакой або экспрэсію прыродных форм, якія адпавядаюць душэўнаму стану чалавека, яго адвечнаму імкненню спазнаць заканамернасці жыцця і заклапочанасці праблемамі сучаснага свету. Вось карціна “Поле”. Падкрэслена лаканічная кампазіцыя з высокай лініяй далягляду, мяккія рытмы пясчаных выдмаў, геаметрычна выразны малюнак дарогі — усё асветлена думкай мастака: урадлівасць зямлі — гэта праца і пот чалавека, адвечны яго клопат.

Адыход ад эцюднасці ранніх работ, ад імпрэсіянісцкай фіксацыі ўбачанага, імкненне стварыць уласны свет, ачышчаны ад выпадковага, штодзённага ўспрымання, становяцца характэрнымі для апошніх пошукаў Малішэўскага. Яго лепшым творам уласцівы артыстызм. Артыстызм у тым сэнсе, што любое, нават знойдзенае шляхам пакутлівых і доўгіх намаганняў, рашэнне пазначана свежасцю імправізацыі, напоўнена жывым агнём пачуцця.

Апошнія работы мастака, напісаныя незадоўга да смерці, дазваляюць казаць пра тое, што знойдзенае раней, у папярэдніх палотнах, не сталася для яго непарушным правілам. Ён паслядоўна і настойліва шукаў новыя сістэмы кампазіцый, іх паэтыку ды пластычныя прыёмы. Смела ўваходзіў у кола праблем — ад паглыбленага аналізу заканамернасцей прыроды да складанага роздуму пра свет і чалавека.

А якія радасныя пачуцці нясуць нацюрморты “Калы” і “Рускія падносы”! На першым палатне прыгожыя белыя кветкі на фоне хатніх прадметаў ствараюць уражанне добрага, прыўзнятага настрою. Спалучэнне цёплых чырвона-фіялетавых адценняў з зеленаватымі і глыбокімі сінімі тонамі, мяккая пластыка дэталей робяць твор цікавым, эстэтычна прывабным. “Рускія падносы” напісаны таксама ў прывычнай шырокай свабоднай манеры. Рэзкі кантраст светлага і цёмнага тонаў, вохрысты і карычневы колеры канцэнтруюць увагу на распісных падносах. Гэтыя падносы з фальклорным раслінным арнаментам вельмі любіў мастак, лічыў іх бліскучым узорам сапраўднага народнага мастацтва, якое не грэх браць за прыклад і прафесійнаму жывапісцу.

…Успамінаю апошняе наведанне майстэрні Альгерда Адамавіча. Тое адбылося дзесьці ў кастрычніку ці на пачатку лістапада 1989 года. Да гэтага я не быў тут з пазамінулай восені. І вось ён, храм мастацтва, стары знаёмы: тыя ж мальберты, паліцы з кнігамі ды часопісамі, падрамнікі, палітры, рэпрадукцыі французскіх карцін, той жа чароўны водар фарбаў… Аднак з’явіўся і нейкі новы водар. Праўда, я так і не зразумеў, які. Нешта падобнае на пах толькі што спечанага хлеба… Ці не дзіўна? Але ў гаспадара майстэрні на гэты конт нічога не спытаў… Падумаў: можа, тут нядаўна былі госці з нейкай вёсачкі, што на Бабруйшчыне, з падарункам — хатнім хлебам? Дробязь, але і сёння прыгадваю той водар… Тады ж я ўпершыню пабачыў і карціны “Сустрэчы” і “Дзень памяці”, а таксама пейзаж “У парку імя Янкі Купалы” ды “Інтэр’ер майстэрні” — вельмі моцныя па інтэнсіўнасці колеру, празрыстасці і тонкасці фарбаў.

Увогуле, я заўсёды лічыў, што спасцігаць творчасць любога мастака лепш за ўсё менавіта з майстэрні. Праўда, у маё апошняе наведанне гэтай майстэрні многія творы Малішэўскага даўно пакінулі яе сцены і вандравалі па розных айчынных ды замежных выстаўках ці захоўваліся ўжо ў музеях. А тут ужо пульсавалі новыя рытмы, прыцягвалі ўвагу новыя палотны, нядаўна завершаныя і толькі распачатыя. Вось такога яшчэ ніхто не бачыў! А яшчэ тут — і ўвесь падрыхтоўчы матэрыял да будучых карцін: сакавітыя штрыхі парыжскіх матываў, беглыя замалёўкі балгарскіх, варшаўскіх, мінскіх вуліц і паркаў, камерныя эцюды самых розных мясцін, разнастайныя па настроі партрэтныя накіды ды іншыя старонкі з “запісных кніжак” мастака...

Ды ўсё ж найдаражэйшая для жывапісца зямля, з якой струменяцца крыніцы яго натхнення, — родная зямля, добрая да працавітага чалавека, шматпакутная і мужная, пасечаная вятрамі і дажджамі ды адагрэтая сонцам...

Малішэўскі вырас на Бабруйшчыне. Добра ведаў п’янлівы водар яе лугоў, яе някідкія фарбы, туманныя світанкі і ўрачыстыя захады сонца, крыштальную празрыстасць вясновых капяжоў ды ціхую раскошу кароткага бабінага лета… З маленства мастак вылучаў і як бы занатоўваў у памяці непаўторныя чалавечыя характары, лёс, твары і, можа, той самы чароўны водар хлеба...

Наступная і апошняя сустрэча з Альгердам Адамавічам адбылася ўжо на яго пахаванні…

Пра ўспрыманне работ Альгерда Малішэўскага і асаблівасці ягонай палітры мы пісалі ў № 28 за  2014 год у пачатку артыкула Барыса Крэпака.

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"