Ларыса Пашкевіч і яе работы.
Крок за крокам
З маленства марыла стаць выхавацелькай. Набыла адукацыю — і ўсю душу аддавала дзецям… Асабліва любіла маляванне. Прыемна бачыць работы, якія ўпрыгожваюць пакоі ды калідоры дзіцячага садка, дзе працавала амаль дзесяць гадоў. Жыццёвая дарога прывяла мяне пасля ў Дом дзіцячай творчасці Мсціслава. Меркавала, што ненадоўга, а засталася на адзінаццаць гадоў. Пачатак быў нялёгкі, хоць і меліся навыкі. Працавала з саломкай, але спынілася на вырабах са скуры. Вучэбных гадзін было недастаткова для самарэалізацыі. Таму, парабіўшы справы дома, садзілася ажыццяўляць які-небудзь праект…
Ідэі для стварэння работ прыходзілі з часопісаў, выставак, успамінаў, калі цёмныя вечары навявалі карціны мінулага дзяцінства — такога далёкага і таму — прыцягальнага… Работы нараджаліся і мелі сваё жыццё: на фестывальных выстаўках, на конкурсах-аглядах, на кірмашовых пляцоўках горада. Нейкія рэчы ішлі на падарункі.
Палюю за...
Асобнае месца ў калекцыі займае льняная сукенка, аздобленая скурай. Работа называецца “Сонца маладзіковае” і прысвечана творчасці Францыска Скарыны. На абласным конкурсе фітамоды “Рамонак” яна атрымала дыплом.
Аднойчы ў рукі трапіла бутэлька цікавай формы… І вось — асобная калекцыя. Кожная мае сваю гісторыю стварэння ды прысвечана пэўнай падзеі. Самая першая мае назву “Восеньскі ўспамін”. Яе з’яўленне — мара зноў пабываць на беразе мора, прыемныя перажыванні ўспамінаў пра лета. Затым “Мелодыя” — як памяць пра творчасць Мусліма Магамаева…
Своеасаблівым азарэннем стала стварэнне работы “Энігма”. Я толькі выканаўцай была — нібыта нехта кіраваў рукамі і думкамі… Немагчыма растлумачыць, адкуль прыходзіць і куды знікае натхненне. А ў памяці застаюцца такія мілыя сэрцу, прасякнутыя любоўю і душэўнай цеплынёй, упрыгожванні, сувеніры, пано.
У 2011 годзе я была запрошана на Міжнародную фальклорную канферэнцыю ў Магілёве, дзе мне спадабалася ідэя “Навучыўся сам — навучы іншага”. Праблема захавання навакольнага асяроддзя, энергазберажэння планеты Зямля для жыцця нашчадкаў, эканомія і беражлівасць з’явіліся штуршком для засваення методыкі пляцення з газетнай паперы, якая прыпыніць знішчэнне лазы, патрэбнай для пляцення.
Навучыць дызыйну
Цэнтр культуры аграгарадка “Ходасы”, дзе я працую цяпер на пасадзе дырэктара, аформлены работамі, выкананымі ў тэхніцы пляцення з газетнай паперы. На базе Цэнтра арганізавала аматарскае аб’яднанне “Дэкаратыўны дызайн”, дзе не толькі сама твару, але і вучу іншых свайму майстэрству. Майстар-класы, якія праводжу раз-пораз, захапляюць людзей розных прафесій.
Чацвёрты год навагоднія святы нашых работнікаў упрыгожваюць рукатворныя стылізаваныя ёлачкі: і цікава, і прыгожа, і прыемна. Вось так аджылыя свой век газеты і часопісы даюць жыццё сухарніцам, вазачкам,
дэкаратыўным дрэўцам, нават прадметам побыту — і служаць, і радасць прыносяць.
Сонечка — для ўнукаў
Час не стаіць на месцы, развіццё не стрымаць, пашыраюцца і інфармацыйныя магчымасці. Неяк зацікавілася стварэннем тэкстыльнай лялькі — і вось на свет з’явілася Сонечка. Затым было шмат іншых — непаўторных, непадобных, са сваім характарам, гісторыяй і жыццём. Але Сонечка — самая дарагая, таму што першая, таму што ледзянец выбірала ёй мо з паўгадзіны, каб быў ён у адной колеравай гаме з сукенкай. Нават прадаўшчыца на мяне стала неяк насцярожана паглядаць…
Кожнаму чалавеку разам з жыццём Бог дае і талент. Вельмі важна заўважыць яго як мага раней, дапамагчы чалавеку знайсці сваё месца ў жыцці, навучыць служыць людзям, ствараць добры настрой, пакінуць нашчадкам плён уласных рук і адметнага розуму…
Так і бяжыць жыццё…
Творчыя захапленні, выстаўкі, конкурсы, фестывалі, ну і, канешне ж, уласны дом — тут жывуць самыя дарагія сэрцу работы. Адны былі створаны пад уплывам нейкіх падзей, успамінаў, іншыя — увасабленне творчага парыву. Сёння яны ўпрыгожваюць мой дом, падтрымліваюць творчую атмасферу, натхняюць на новыя здзяйсненні. А калі мяне не стане — застануцца ў спадчыну маім дзецям і ўнукам…
А як жа, усё пакінуць след павінна…
Ларыса ПАШКЕВІЧ, дырэктар Цэнтра культуры аграгарадка “Ходасы”