Невядомы вядомы Кабзар і яго беларускі след

№ 14 (1140) 05.04.2014 - 11.04.2014 г

Нядаўна споўнілася 200 гадоў з дня нараджэння выдатнага ўкраінскага паэта і празаіка, жывапісца, гравёра, акварэліста Тараса Шаўчэнкі. А пражыў ён усяго сорак сем гадоў. Між тым, яго літаратурная спадчына налічвае каля 240 твораў, а спадчына мастацкая — больш як 1 000 работ. Зрэшты, бясконцыя спрэчкі і дыскусіі пра ягоную творчасць, яго культурна-грамадскі ўнёсак у станаўленне Украіны працягваюцца да сённяшняга часу.

/i/content/pi/cult/474/10085/15-1.jpg

Т.Шаўчэнка. Аўтапартрэт (у маладосці).

/i/content/pi/cult/474/10085/15-2.jpg

Т.Шаўчэнка. "Сялянская cям'я".

Хтосьці робіць з яго ікону, а хтосьці — вурдалака; прычасанага і мудрага прарока або выпівохі ды сапсаванца. Я ўжо не кажу пра аднатыпныя тэксты, якія шмат гадоў дубліравалі школьныя падручнікі. Аднак геніям можна дараваць іх “неідэальнасць”, але, можа, не трэба так капацца ў бруднай бялізне? Хаця ў такую “бялізну” ў розныя часы былі скінуты і “непапраўныя карцёжнікі” Пушкін ды Някрасаў, і “злосны, з’едлівы” Лермантаў, і “кабацкі” паэт Ясенін, і “горкія п’яніцы” Мусаргскі, Саўрасаў, Саламаткін, Апалон Грыгор’еў, і “рулетачнік” ды “эпілептык” Дастаеўскі, і “антысаветчык” Шаляпін, і многія іншыя годныя асобы з гэтага легіёна, у тым ліку сучаснікі. “Люды б сонце очорнили, якбы малы силу…” — пісаў, як у ваду гледзячы, Шаўчэнка. Але гэта іншая і вельмі балючая тэма, вартая асобнага буйнога даследавання.

Што да выяўленчага мастацтва, то адны даследчыкі лічаць Шаўчэнку толькі “фатографам навакольнай прыроды”, творы якога маюць пэўную гістарычную і этнаграфічную каштоўнасць, другія ж — “сілай, што адлюстравала цэлую эпоху”, для трэціх ён цікавы як таленавіты вучань сусветна вядомага жывапісца Карла Брулова. Таксама існуе шмат розных і неадназначных ацэнак, датычных паэзіі, прозы ды эпісталярнай спадчыны Тараса Рыгоравіча.

Аднак, што б там ні казалі, Шаўчэнка — гэта “візітоўка” Украіны, як для нас — Янка Купала і Якуб Колас, для Расіі — тыя ж Пушкін і Ясенін, для Англіі — Бёрнс і Байран, для Германіі — Шылер і Гётэ, для Францыі — Беранжэ. Праўда, шкада, што яго мастацкая спадчына апынулася ў грамадскай прасторы як бы на другім плане пасля паэзіі, хаця як прафесіянал-жывапісец і рысавальшчык Шаўчэнка не саступаў сучаснікам — выхаванцам пецярбургскай Акадэміі мастацтваў. Нездарма той жа Брулоў лічыў яго адным з найлепшых вучняў. Думаю, што “вялікаму Карлу” можна давяраць больш, чым сучасным крытыкам Шаўчэнкі-мастака. А адзін з грамацеяў заявіў у Інтэрнэце: “Я не бачыў карцін Шаўчэнкі, але ўпэўнены, што Айвазоўскі маляваў лепш”.

На жаль, амаль 270 жывапісных і графічных работ Тараса Рыгоравіча да нас не дайшлі, кудысьці зніклі, “растварыліся” ў перыпетыях часу, але тыя, што захаваліся, яскрава сведчаць пра талент чалавека — па сутнасці, самародка, якому прырода дала ўсе магчымасці, каб узняцца на вяршыню мастацкага Алімпа. Аб гэтым сведчаць хаця б такія творы, як “Кацярына”, “Жанчына ў ложку”, “Цыганка-варажбітка”, “Адаліска”, “Марыя”, “Перарванае спатканне”, серыя пейзажаў, намаляваных у ссылцы, цыкл партрэтаў сучаснікаў і аўтапартрэтаў пецярбургскага часу, гравюры на метале і дрэве з цыкла “Маляўнічая Украіна”, акадэмічныя кампазіцыі на антычныя ды біблейскія тэмы, у тым ліку цікавая серыя з васьмі сепій “Прытча пра блуднага сына” — пра норавы сучаснага мастаку грамадства. Гэтыя творы ён маляваў у сярэдзіне 1850-х гадоў адначасова з напісаннем на рускай мове аўтабіяграфічнай аповесці “Художник”, якая ёсць у маёй бібліятэцы разам з “Кабзаром” (зразумела, на ўкраінскай мове).

Але няшчасны лёс не даў Шаўчэнку магчымасці дабрацца да жаданай мастакоўскай вяршыні, хаця ён і быў за свае студэнцкія творы ўдастоены трох сярэбраных медалёў Акадэміі. Ён нават не паспеў атрымаць прысуджаны яму ганаровы дыплом акадэміка Акадэміі мастацтваў па класе гравюры, бо смерць апярэдзіла гэтую ўрачыстасць. Дзіўна, але калі 26 лютага 1861 года Шаўчэнка памёр, на яго пахаванні ніхто не ўспомніў пра тое, што ён быў жывапісцам і графікам. Удзельніца жалобнай працэсіі Кацярына Юнг прыгадвала: “Шкада, што з акадэмікаў ніхто не сказаў і слова пра яго як пра мастака, быццам бы ён ім і не быў. Застаўся толькі паэт...”.

У гэтых адносінах не давялося Шаўчэнку адчуць смак хоць кавалачка той прыжыццёвай славы, якая суправаджала, скажам, яго апекуна Брулова або прафесараў Акадэміі Ф.Талстога і Ф.Бруні; не паспеў рэалізаваць усё тое, пра што марыў у юнацтве і пасля вяртання з ссылкі, калі незадоўга да скону задумаў пабрацца шлюбам з “простай сялянкай”, набыць маёнтак на беразе Дняпра, пад Каневам, і там, нарэшце, разгарнуцца ва ўсю моц — і ў жывапісе, і ў паэзіі, і ў прозе…

Для мяне Тарас Рыгоравіч уяўляе цікавасць у дадзеным кантэксце як чалавек неймаверна складанай і цяжкай біяграфіі, як асоба са сваёй годнасцю і недахопамі, якую, у рэшце рэшт, відаць, сапраўды загубіў алкаголь. Але гэта не яго віна, гэта — ягоная бяда, выкліканая, у асноўным, дзесяцігадовай ссылкай-катаргай “радавога з палітычных злачынцаў”, калі яму катэгарычна забаранілі пісаць ды маляваць, але ўсё роўна ён умудраўся рабіць і тое, і другое. І нават — ляпіць. А вось што да горкіх напояў — дык, калі ласка, гэта начальствам дазвалялася: каб толькі не бянтэжыў сваімі вершамі ды малюнкамі народ праваслаўны. Але, як вядома, потым ад гэтай дрэннай звычкі цяжка пазбавіцца чалавеку, які, да таго ж, ад прыроды не валодаў моцнай сілай волі.

Урэшце, сам паэт лічыў, што “стараннае пакланенне вясёламу богу Бахусу — напэўна, абавязковая ўласцівасць незвычайных людзей”. Аднойчы спаслаўся на земляка: “...Гогаль не без падставы заўважыў, што рускі чалавек калі добры майстар — то абавязкова п’яніца”. І далей: “Я далёка не прыхільнік манатоннай, цвярозай акуратнасці ды штодзённай аднастайнай валовай дзейнасці, але не скажу, каб я быў і адкрытым ворагам сталай акуратнасці. Наогул, у жыцці сярэдні шлях ёсць лепшы шлях, аднак у мастацтве, у навуцы ды наогул у разумовай дзейнасці сярэдні шлях ні да чаго, акрамя дачаснай магілы, не прыводзіць...”. Запомнім гэтае словазлучэнне, якое я згадаю напрыканцы, — “сярэдні шлях”…

Хачу папярэдзіць чытача, што эсэ напісана не для літаратараў і мастакоў, не для крытыкаў, не для знаўцаў паэзіі ды жывапісу. Напісана для чытача, які хаця б нейкім чынам цікавіцца тым, што называецца духоўнай культурай. Я імкнуўся пазбягаць акадэмічнага пафасу, навуковых рэбусаў ды літаратурна-мастацтвазнаўчых глыбінь. Гэта проста “чытво”, у якім я жадаў выказаць свой пункт гледжання ў дачыненні да вялікага чалавека няпростага лёсу з яго годнасцю і недахопамі.

Вядома, што сучасная культура прабывае ў нежывым накаўце. Наша грамадства ў многіх адносінах абслугоўвае развясёлая папса: гламурныя часопісы, нудныя дэтэктывы і трылеры, адпаведныя тэле- і кінавытворчасць, эстрада і Інтэрнэт. Сёння ўсё дазволена. І ў гэтай “свабодзе слова” поўным ходам ідзе радыкальная пераацэнка духоўных каштоўнасцей, у тым ліку творчых і жыццёвых лёсаў знакамітых дзеячаў літаратуры ды мастацтва мінулага часу. Адна з такіх асоб — Тарас Шаўчэнка, літаратар, мастак, грамадскі дзеяч, які, акрамя ўсяго іншага, не быў чужым і для нас, беларусаў; творца, якому пакланяліся Багушэвіч, Колас, Бядуля, Гарун, Багдановіч, Танк, Трус, Панчанка, Пушча, Вялюгін, Астрэйка…

Янка Купала выказаў сваё асаблівае захапленне Шаўчэнкам. У 1928 годзе ён пісаў у аўтабіяграфіі: “...З украінскіх паэтаў больш за ўсіх, безумоўна, люблю Шаўчэнку”. Да лепшых твораў Купалы належаць вершы “Памяці Шаўчэнкі” (1909) і паэма “Тарасава доля” (1939). Наш Пясняр быў папулярызатарам творчасці Кабзара на Беларусі. Ён першым пераклаў на беларускую мову некалькі яго вершаў. А ў маі 1939-га Купала і Колас прынялі ўдзел у юбілейным пленуме Саюза пісьменнікаў СССР у Кіеве, прысвечаным 125-годдзю з дня нараджэння Шаўчэнкі. У час знаходжання ў Каневе Купала ля магілы Тараса Рыгоравіча прачытаў свой пераклад “Заповіту”.

Я не хачу апяваць Шаўчэнку, асыпаючы яго кампліментамі як паэта і мастака, — ён даўно ўшанаваны ва ўсёй сваёй велічнасці ды красе. Ягоны ўплыў на духоўную культуру свету застаецца вельмі значным і сёння. Колькі дакладна помнікаў і мемарыяльных знакаў, прысвечаных Шаўчэнку, створана на планеце, ніхто не ведае. Спецыялісты мяркуюць, што іх колькасць — ад 800 да 1000 адзінак. Калі гэта так, то ў гэтых адносінах Кніга Гінеса даўно чакае. Скульптурны вобраз Кабзара захоўваецца ў манументальных творах на ўсіх кантынентах — ад Расіі да ЗША, ад Бразіліі да Кітая. У Беларусі ёсць пяць помнікаў Тарасу: у Мінску, Брэсце, Магілёве, Гомелі і Слуцку. Дарэчы, у Слуцку гэта — барэльеф на пастаменце: малады Шаўчэнка з пэндзлем і палітрай. Сярод помнікаў класіку ёсць розныя як па якасці, так і па вобразным увасабленні. Паводле яркай арыгінальнасці, на мой погляд, можна адзначыць помнік у Рыме (аўтар — італьянец У.Мацэі): паэт — у вобразе антычнага філосафа з паднятай для прывітання правай рукой. Іншае пытанне: а ў якой “антычнай тозе” Шаўчэнка ўспрымаецца ў сучасным грамадстве? Канешне ж, любы студэнт-гуманітарый ведае, што Пушкін і Лермантаў былі забіты на дуэлі, Гогаль спаліў рукапіс другога тома “Мёртвых душ”, Чаадаеў звар’яцеў, Ясенін павесіўся, а Маякоўскі і Фадзееў застрэліліся. Мартыралог вельмі вялікі. А хто ведае, якія ўсе яны былі сам-насам, на самоце ці са сваімі блізкімі? Чаму “геній і ліхадзейства” ў такіх асобах часта сумяшчаюцца?..

Вершы паэта я ведаў з дзяцінства: у дзядулі на кніжнай паліцы стаяў томік “Кабзара”, які заўсёды быў “у рабоце”. Нейкім чынам у дзеда аказалася і аповесць Шаўчэнкі “Художник”, напісаная на рускай мове. Дарэчы, нядаўна ў Мінску адбылася прэзентацыя кнігі ў перакладзе на беларускую  Валерыя Стралко. А я да сённяшняга часу ведаю на памяць некаторыя шаўчэнкаўскія вершы з таго, дзедаўскага, зборніка.

Потым, ужо ў Ленінградзе, я даведаўся, дзе жыў і бываў малады Шаўчэнка: 5-я лінія Васільеўскага вострава, дом Арэнста; Мойка, дом графа Уварава; вялікая майстэрня з антрэсолямі ў доўгім калідоры Акадэміі мастацтваў (былая царкоўная рызніца) — апошняя кватэра Тараса Рыгоравіча, дзе ён і памёр. А на 6-й лініі калісьці шумела карчма “Рым” — улюбёнае месца яго адпачынку. Ды і не толькі яго: сюды наведваліся Брулоў, Нестар Кукальнік, Міхаіл Глінка, аднагрупнікі Тараса па Акадэміі — Рыгор Міхайлаў і Пётр Пятроўскі, наш зямляк Міхаіл Мікешын, які ў 1860 годзе жадаў змясціць барэльеф свайго сябра Шаўчэнкі на помніку “Тысячагоддзе Расіі”, але цар яму гэта забараніў. Пецярбург Тарас Рыгоравіч любіў, асабліва Летні сад, у якім, па вялікім рахунку, і вырашыўся лёс будучага мастака. Але пра ўсё — па парадку...

Чаму песня Тараса Шаўчэнкі "знайшла водгалас пачэсне ў сэрцы беларускім"?Чым жа звязана біяграфія Шаўчэнкі з Беларуссю? Чытайце ў наступных нумарах “К”.

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"