Дзеля якой “птушачкі” фестывалім?

№ 14 (1140) 05.04.2014 - 11.04.2014 г

Кастусь АНТАНОВІЧ, рэдактар аддзела газеты “Культура”
Разам з веснавой цеплынёй у нашай краіне паступова абуджаецца і фестывальны сезон. За лета ў Беларусі праходзяць дзясяткі, калі не сотні, разнастайных адмысловых святаў, фестываляў рознага ўзроўню — ад міжнародных і рэспубліканскіх да раённых і вясковых.

/i/content/pi/cult/474/10066/4-2.jpgЧасцяком геаграфія запрошаных калектываў і выканаўцаў уражвае маштабнасцю і не абмяжоўваецца толькі краінамі-суседкамі. Неаспрэчна, вельмі добра, калі на беларускай зямлі можна ўбачыць таленты, скажам, з Францыі ці Венесуэлы. Цудоўна, калі такім чынам беларускія артысты могуць абменьвацца досведам, удасканальваць свой рэпертуар, наладжваць партнёрскія стасункі. Ды вось толькі ці не галоўная праблема беларускіх фестываляў — іх адмысловы, так бы мовіць “унутраны статус”, які можна акрэсліць як “фестываль дзеля фестывалю”.

А разам з тым, у той жа Германіі ці, скажам, Бельгіі абсалютна нармальнай практыкай для сельскіх народных фестываляў стала тое, што іх наведваюць не толькі і не столькі мясцовыя жыхары, колькі турысты з іншых гарадоў ды нават з замежжа. У выніку і мясцовай супольнасці выгадна (турысты актыўна набываюць адметныя сувеніры тамтэйшых майстроў), і гасцям цікава акунуцца ў народнае дзейства.

Маюцца выдатныя прыклады ў гэтым плане і ў нас. Згадайма той жа Гальшанскі фэст, білеты куды можна набыць не толькі ля руін старадаўняга палаца, але і нават у Мінску. Ды і недахопу на яркія афішы як у Ашмянах, у юрысдыкцыі якіх знаходзяцца рэшткі палаца, так і ў Мінску напярэдадні падзеі не назіраецца. З-за такой, можна сказаць, прадуманай палітыкі арганізатараў, сярод якіх, дарэчы, — і прыватная кампанія, турыстаў, гатовых заплаціць свае “кроўныя”, кожны раз багата. Спрыяе гэтаму і спецыяльны транспарт, які курсуе ў дзень фестывалю з Мінска да славутай вёскі, а гэта больш за 100 кіламетраў.

Я не кажу ўжо пра буйныя камерцыйныя фестывалі, што ладзяцца ў ваколіцах Мінска, кшталту “Року за баброў” ў Лагойску ці “Сырнага фэсту” ў Музеі народнай архітэктуры і побыту. Туды і транспарту багата ходзіць, дый рэкламная дзейнасць наладжана. Тое ж можна сказаць і пра “Славянскі базар у Віцебску”, дзе з турыстамі праблем ніколі не ўзнікала.

А вось у тых жа Паставах на выдатным фестывалі “Звіняць цымбалы і гармонік” ажыятажу ці турыстычнага буму я чамусьці не заўважыў. Парадаксальна: фестываль — міжнародны, а замежных турыстаў няма. Ды добра б замежных — перакананы, мерапрыемства было б цікавае і сталічнай грамадзе. Рэкламы ж, хоць нейкай, — бракуе.

Чамусьці няма бойкі і паміж турыстычнамі фірмамі за магчымасць арганізацыі так званага фестывальнага турызму. Тлумачыцца падобная сітуацыя нібыта нізкім попытам з боку насельніцтва і няўцямнай фестывальнай палітыкай арганізатараў: часам даты мерапрыемства пераносяцца за некалькі дзён да ўрачыстага адкрыцця, не кажучы ўжо пра час пачатку канцэртных дзей, на якія, у ідэале, і маюць збіраць групы.

Думаецца, арганізатары мусяць адказаць на пытанне, для чаго і для каго праводзіцца той або іншы фестываль, масавае святочнае мерапрыемства. Калі для “птушачкі”, то навошта марнаваць бюджэтныя сродкі? Калі для шырокай і не толькі мясцовай аўдыторыі, то трэба плённа працаваць не выключна з праграмай, але і з рэкламай, не забываючыся пры гэтым на належную інфраструктуру, хай сабе гэта і будзе прадугледжанае месца для палатак ды колькі санітарных кабінак.

Вядома адно: за публіку айчынным фестывалям трэба змагацца. А “Культура”, у сваю чаргу, працягне старацца быць, так бы мовіць, навігатарам у плыні фестывальнага жыцця краіны.

Аўтар: Канстанцін АНТАНОВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"