“Вёскаўтваральнасць” музея? Магчымы варыянты!

№ 13 (1139) 29.03.2014 - 04.04.2014 г

Урокі для аматараў беларускай літаратуры, валёнак
Перадапошні дзень нашага аўтапрабегу прысвечаны быў даследаванню музейнай справы ў двух раёнах Магілёўшчыны: Дрыбінскім і Мсціслаўскім. Уражанне аказалася дваістым. З аднаго боку, брэндавасць устаноў проста не мае аналагаў па сваім прызначэнні і перспектыўным развіцці. З другога ж, уражанне такое, што мы іншым разам не ведаем у поўнай меры, што з ім рабіць.

/i/content/pi/cult/473/10063/10-1.jpg

Наталля Нейфельд у дрыбінскім музеі і яго экспанаты.

/i/content/pi/cult/473/10063/10-2.jpg

/i/content/pi/cult/473/10063/10-3.jpg

/i/content/pi/cult/473/10063/10-4.jpg

Экстэр'ер і інтэр'ер Літаратурнага музея імя Максіма Гарэцкага ў Малой Багацькаўцы.

/i/content/pi/cult/473/10063/10-5.jpg

"Знахарскі" музей у Расне.

/i/content/pi/cult/473/10063/10-6.jpg

Гэты асірацелы дом нам і прапаноўвалі прыгледзець сабе.

Пераклад з катрушніцкага лемезня

Валёнкі — неаспрэчны брэнд Дрыбіншчыны. Але рэдка хто ведае пра гэта па-за межамі раёна. Пра адсутнасць дзейснай рэкламы ў дадзеных выпадках надакучыла гаварыць і пісаць. У невялічкім Дрыбіне мы доўга блукалі ў пошуках мясцовага краязнаўчага музея, нават прытым, што адзін з нас тут быў некалькі гадоў таму. Справа ва ўсеагульнай райцэнтраўскай бядзе: не хапае ўказальнікаў, бігбордаў і банераў. А музей месціцца не ў надта адкрытым месцы: у адным з пад’ездаў жылога дома, разгорнутага “спінай” да гарадскога храма і з вялікай шыльдай “Аптэка”. Знайсці ўстанову — усё роўна што зразумець сакрэтны катрушніцкі лемезень…

Але бракуе не толькі вулічнай указальнай рэкламы. У 2011 годзе “К” пісала пра тое, як шапавальскі промысел са статусам гісторыка-культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь натхніў мясцовае кіраўніцтва на стварэнне канцэпцыі турыстычнага праекта “У госці да дрыбінскіх шапавалаў”. Планавалася, што пры падтрымцы прыватных турфірм будзе створаны сайт, а інтэрактыўнасць праекта прапануе магчымасць адсачыць не толькі гадоўлю ды стрыжку авечак, але і дэталёвую тэхналогію вырабу валёнак ды магерак. Далей дэкларацый справа не пайшла…

Таму і завіталі зноў у Дрыбін, каб высветліць сённяшнюю “валёнкавую” сітуацыю. Нас сустрэла дырэктар Дрыбінскага раённага гісторыка-этнаграфічнага музея Наталля Нейфельд, якая з 2012 года ўзначальвае ўстанову. Праўда, экспазіцыя музея нагадвае хутчэй збор музейных прадметаў, не аб’яднаных адзінай канцэпцыяй. Ды і афармленне прасторы нельга назваць музейным. Прычынай таму капітальны рамонт будынка, які нядаўна завяршыўся. Па словах спадарыні Нейфельд, сёлета будзе заключана дамова з Магілёўскім абласным краязнаўчым музеем імя Еўдакіма Раманава на ўнутранае аздабленне будынка. Фінансаванне выдаткоўваецца па праграме “Культура Беларусі”. Толькі на афармленне сёлета мусіць паступіць каля 80 мільёнаў.

У тыя некалькі гадоў, цягам якіх праводзіўся рамонт, экспазіцыі не было ўвогуле. Але нягледзячы на гэта супрацоўнікі ўстановы не сядзелі без справы: музей дзейнічаў, ствараліся часовыя перасоўныя выстаўкі. А з пачатку бягучага года ўстанова аднавіла і экскурсійную працу ў адрамантаваным будынку. І пакуль будзе рабіцца афармленне (каб яшчэ год музей не “прастойваў”), было вырашана сваімі сіламі стварыць часовую экспазіцыю. Да слова, ініцыятыва аказалася не дарэмнай: летась амаль восем тысяч наведвальнікаў завіталі ў музей. Дарэчы, паводле ўжо існуючага праекта афармлення, гісторыка-этнаграфічны профіль музея засяродзіцца на галоўным брэндзе раёна — шапавальстве.

Калі казаць прадметна, адна зала будзе прысвечана гісторыі дрыбінскай зямлі, другая — мясцовым промыслам і рамёствам. Асобную ж пляцоўку маюць выдаткаваць выключна пад шапавальства. Будзе адлюстраваны ўвесь працэс гэтага адметнага промыслу. Зойме пачэснае месца і сучаснае валенне з авечай воўны: не толькі валёнкі, але і адметныя вырабы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, створаныя рукамі дванаццаці дзяцей — удзельнікаў музейнага гуртка, якія, да слова, атрымалі два дыпломы на апошнім фестывалі “Залатая пчолка”...

Па словах Наталлі Нейфельд, працуюць з дзецьмі майстры, якія не з майстар-класаў і семінараў ведаюць пра старажытную традыцыю, а са шматгадовага ўласнага досведу. Акрамя таго, пры музеі дзейнічае народнае аматарскае аб’яднанне “Шапавал”, што згуртавала пятнаццаць дарослых майстроў, якія акрамя валёнкаў вырабляюць і шапкі, так званыя катрухі, з авечай воўны.

Трэба сказаць колькі слоў і пра інтэрактыўныя перспектывы. Так, на першым паверсе музея неўзабаве з’явяцца майстэрня і сувенірны салон. У выніку, кожны госць музея зможа ў рэжыме рэальнага часу пазнаёміцца са складанай справай шапавала і набыць упадабаныя вырабы. Праўда, як высветлілася, валёнкі можна прыдбаць і да адкрыцця сувенірнага салона — непасрэдна ў майстра.

Наталля Нейфельд растлумачыла, што майстры выплачваюць рамесніцкі падатак ды маюць права прадаваць прадукцыю, у тым ліку, на кірмашах, што і робяць, выязджаючы ў Горкі, Чавусы, Мсціслаў. У сярэднім жа пара аўтэнтычных валёнкаў каштуе 750 тысяч. Да гэтага ў музеі існуе платная паслуга па іх мастацкім аздабленні — амаль усе супрацоўнікі музея валодаюць гэтай тэхналогіяй.

Здавалася б, у Дрыбін на свята шапавальства магло збірацца багата турыстаў. Ды яго пакуль няма. Толькі летась уласнымі намаганнямі музейшчыкі самі ўвялі ў каляндар так званы Дзень валёнка, які адзначаецца ў апошнія выхадныя лістапада і пакуль звернуты выключна да дзяцей...

Адкрыты дрыбінскія музейшчыкі і для міжнароднага супрацоўніцтва. У чэрвені 2012-га ў рамках Праекта міжнароднай тэхнічнай дапамогі “Умацаванне грамадскага ўзаемадзеяння для ўстойлівага развіцця сельскіх рэгіёнаў Беларусі” пры фінансавай падтрымцы Еўрапейскага Саюза і Фонду “Еўразія” музей выйграў адкрыты конкурс, прапанаваўшы ідэю стварэння Творчай навукова-практычнай лабараторыі па выкарыстанні культурнай спадчыны “Шапавальства” як аднаго з асноўных напрамкаў ўстойлівага развіцця рэгіёна. Дзякуючы праекту музей набыў ноўтбук, відэакамеру, дыктафон, праектар з экранам, каляровы прынтар.

Наколькі нам вядома, ёсць зацікаўленасць у абмене досведам з беларускім бокам і ў Музея малой Бацькаўшчыны з-пад Бельска, што на Беласточчыне, дзе ў свой час таксама было актыўна пашырана шапавальства. Балазе выйсці на кантакт з дрыбінскім музеем цяпер не праблема: установа мае выдатны сайт valenki-dribin.by, які, праўда, працуе толькі на рускай мове...

(Не)лірычнае адступленне Яўгена Рагіна

Эканамічны крызіс — справа сур’ёзная. Але з нагоды не магу не паўтарыць генеральную думку ІІІ Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі “Культура Беларусі: рэаліі сучаснасці”: культура і эканоміка — модусы цывілізаванага ўкладу. Інакш кажучы, культура — не раскоша, на якой можна і неабходна эканоміць, а адзін з дзейсных інструментаў сацыяльна-эканамічнага развіцця. І — канчатковая выснова, датычная праекта “У госці да дрыбінскіх шапавалаў”. У яго проста неабходна ўкладаць грошы, бо фінансаванне культуры Дрыбіншчыны — гэта інвеставанне будучыні раёна, створанага для чарнобыльскіх перасяленцаў. І эканамічны крызіс тут — не перашкода, а стымул. Без кропкавых маштабных укладанняў у перспектыўныя бюджэтаўтваральныя праекты ён так і застанецца крызісам.

Жывое “Роднае карэнне”…

Яшчэ па дарозе ў Малую Багацькаўку Мсціслаўскага раёна распачалі дыскусію пра лёсы шматлікіх нашых пісьменніцкіх дамоў-музеяў, якія з незразумелай перыядычнасцю то становяцца філіяламі, то набываюць юрыдычную самастойнасць. Сярод такіх — мемарыяльныя сядзібы Петруся Броўкі і Васіля Быкава на Ушаччыне. Не сталі пакуль музеямі дамы, дзе пэўны час жыў Уладзімір Караткевіч (Рагачоў) і нарадзіўся Цішка Гартны (Капыль)… А цяпер скажыце: хто пра іх ведае? Ці існуе літаратурная карта Беларусі з дакладнымі пазнакамі жыццёвых і творчых шляхоў нашых класікаў? Ці існуюць адпаведныя турыстычныя маршруты? Ці выправіўся хтосьці са школьных настаўнікаў-славеснікаў (разам, безумоўна, са сваімі вучнямі-старшакласнікамі) у караткевічаўскі шлях, якім пайшоў класік, каб напісаць “Зямлю пад белымі крыламі”? Мары, мары, мары...

Неаспрэчна адно: вясковыя літаратурныя музеі сваю першачарговую дзейнасць павінны адрасаваць школьнай рознаўзроставай і студэнцкай аўдыторыі. А для гэтага ўсе экскурсіі ў тую ж Багацькаўку павінны падпарадкоўвацца храналогіі школьнай і студэнцкай навучальных праграм. Скажам, прачыталі дзеці апавяданне “Роднае карэнне” ці аповесць “Ціхую плынь”, або студэнты — раманы “На Імперыялістычнай вайне”, “Камароўская хроніка” — і ў Багацькаўку, да першакрыніц, да вытокаў. Бо менавіта тут яшчэ жывуць нашчадкі літаратурных правобразаў. Бо менавіта тут вырас пісьменнік еўрапейскага маштабу і значэння. Твор “На Імперыялістычнай вайне” не меў сабе роўных па напале напружання нацыянальных праблем, узведзеных у ранг сусветных…

Дазволім сабе сцвярджэнне: не было б у нашай літаратуры Гарэцкага — не было б і Быкава. Таму і наведваць варта не толькі дамы-музеі — аглядаць варта і самі вёскі з наваколлямі. Натуральна, пад суправаджэннем кампетэнтнага экскурсавода-музейшчыка, які распавёў бы, якое канкрэтнае збудаванне меў на ўвазе празаік, калі пісаў твор “У лазні”. А дзе жыў герой “Ціхай плыні”? А як нараджалася “Фантазія”? Экскурсія такая можа доўжыцца дзень. Тым больш, калі ўявіць, што ў адной з хат гасцей могуць пакарміць за невялікія грошы. У іншай прапануюць сувеніры і кнігі. Да прыкладу — “Народныя песні з мелодыямі”, выдадзеную Гарэцкім разам з кампазітарамі Аладавым і Ягоравым паводле запісаных ад роднай маці 318 песень. На вялікі жаль, мы зноў пра мары. Што возьмеш з журналістаў-ідэалістаў... Так, на вялікі жаль, бо і маршрутаў такіх няма, і паяднання паміж музейшчыкамі ды педагогамі, і кніжка “Народныя песні з мелодыямі” не перавыдавалася з 1928 года, даўно стаўшы бібліяграфічнай рэдкасцю…

Гаспадыня Літаратурнага музея імя Гарэцкага, які быў адкрыты ў 1993-м на месцы, дзе стаяла хата сям’і пісьменніка, Марыя Пляшкова працуе толькі першы месяц, ды і тое — на палову стаўкі. Таму патэнцыйным наведвальнікам трэба быць больш мабільнымі: музей працуе толькі да абеду.

Загадчык філіяла Мсціслаўскага раённага гісторыка-археалагічнага музея ўжо на пенсіі, жыве ў Курманаве — суседняй вёсцы. Да слова, яна — культработнік з 27 гадовым стажам.

Тым часам Малая Багацькаўка гібее. Жывымі засталіся лічаныя падворкі. Нават нам прапанавалі адну з апусцелых хат купіць. А што, яшчэ адзін варыянт выратавання дэмаграфічнай сітуацыі ў Малой Багацькаўцы. Мы абяцалі падумаць…

(Не)лірычнае адступленне Кастуся Антановіча

Наведаць Музей Максіма Гарэцкага ў Малой Багацькаўцы намерваўся даўно. Вельмі хацелася адчуць атмасферу роднага дома выбітнага беларускага пісьменніка, сялянскай хаты, апісанай не ў адным яго мастацкім творы. Адчуць месца, дзе з сялянскага хлопчыка нараджаўся вялікі творца, а разам з тым дакрануцца да вясковага побыту пачатку ХХ стагоддзя з яго шматлікімі заганамі, на якія неаднойчы звяртаў увагу Максім Іванавіч.

Наведаўшы, я ўбачыў добра дагледжаную хату, цікавага загадчыка музея, але разам з тым нейкую нежыццёвасць, статычнасць, холаднасць, што ніякім чынам не адпавядае канцэпцыі “дома пісьменніка”. Так, маюцца стэнды з рэпрадукцыямі фотаздымкаў, дакументаў Гарэцкага, якія перадаў Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры. Але ці ж гэтага дастаткова? Чаму б, пры мінімальных затратах, не набыць тую ж лічбавую фотарамку, манітор, ці хаця б танную аўдыясістэму, дзякуючы якой можна было б пачуць голас родных пісьменніка, фрагменты радыёпастановак твораў Максіма Гарэцкага?

Пры такім падыходзе, перакананы, было б не сорамна ўключыць аб’ект як абавязковы ў сістэму экскурсійных маршрутаў па Мсціслаўшчыне.

Пячатка з гарышча і ліпавы чай

Пакруціўшыся па Мсціслаўшчыне, ізноў трапілі ў Дрыбінскі раён. І невыпадкова. Даведаліся, што ў вёсцы Расна пачаў дзейнічаць філіял Дрыбінскага раённага музея. Філіял — незвычайны. Брэндавы ўхіл яго — лекавыя зёлкі. Трэба зазначыць, не першы на Беларусі, бо падобныя “знахарскія” музеі існуюць у Іванаўскім ды Буда-Кашалёўскім раёнах.

Перш чым знайсці музей, пра які распавяла Наталля Нейфельд, давялося пакруціцца па вёсцы. Але яно таго каштавала: мы пабачылі велічны, але занядбаны часам касцёл ды іншыя мясціны, якія маюць шанц стаць аблюбаванымі турыстамі.

Паколькі ў паловы нашага аўтаэкіпажу пацёк нос, падскочыла тэмпература і амаль знік голас, мы адразу трапілі пад інтэрактыўны ўплыў раснянскай музейшчыцы Жанны Мацвеенка, якая напаіла нас ліпавым чаем з гэткім жа ліпавым мёдам. Гэта, спадарства, проста смаката! Чай піць ды слухаць Жанну Валянцінаўну... Як, да прыкладу, венікі лазневыя нарыхтоўваць ды вязаць. Ды не толькі з бярозавых галін, але і з ядлоўцавых. Якая зёлка ад якой хваробы дапамагае…Рэцэпты ды тэхналогіі, як і зборы самых разнастайных лекавых траў — аснова музейнай экспазіцыі. І апошняя пастаянна папаўняецца: літаратурай, новымі звесткамі пра гаючыя здольнасці раслін, на якія мы проста не зважаем у лесе. А былі ж часіны, калі серпарэзнік на жніве быў першым выратаваннем ад выпадкова рэзаных сярпом ран... Хто памятае цяпер пра тую зёлку? Вось у Расне і памятаюць.

А яшчэ Жанна Мацвеенка адказвае за напаўненне краязнаўчай экспазіцыі. Перад нашым прыездам была на ўласным легкавіку ў хуткатэрміновай экспедыцыі па навакольных вёсках, — як сама сказала, “вандравала па гарышчах”.

— Вось пячатку школьную знайшла, — зазначыла не без гонару. — А яшчэ фотаздымкі, дакументы, значкі…

Філіял месціцца ў будынку, дзе працуе аптэка. Суседства, пагадзіцеся, — сімптаматычнае і ўзаемакарыснае. Наша здароўе — не толькі таблеткі ды мікстуры, але і раслінныя дары роднай зямлі. Музей толькі развіваецца, толькі нарошчвае “мускулы”. І таму Жанна Матвеенка гатова наведаць і Буда-Кашалёва, і Іванава, каб аб’яднаць намаганні. Прынамсі, еўрапейскія “аднажанравыя” музейныя ўстановы так і робяць: аб’ядноўваюць намаганні для абмену выстаўкамі ды больш паглыбленай і маштабнай экспедыцыйнай дзейнасцю...

Агульнае (не)лірычнае адступленне

Час абнаўляць энцыклапедычнае выданне “Музейныя ўстановы Рэспублікі Беларусь”. Літаральна за апошнія гады шэраг раённых музеяў канкрэтызаваў перспектывы развіцця, у адпаведнасці з чым пераўдакладніўшы ўласныя назвы. Узніклі якасна новыя аб’екты, вартыя увагі дапытлівых турыстаў. І працэс гэты ўяўляецца бесперапынным. Мы, да прыкладу, прыхільнікі такой высновы: чым больш музеяў, тым лепш. Уявіце райцэнтраўскую вуліцу ў гістарычным квартале мястэчка, дзе няма стандартнага і пазнавальнага гісторыка-краязнаўчага музея, а ёсць музейныя, дзейныя: аптэка, фотаатэлье, кнігарня, абутковая майстэрня, кавярня, страўня, кілбасня, рамесніцкая, цір з самымі адмысловымі платнымі паслугамі. Уяўляеце, які даход прыносіла б такая вуліца за выхадныя! А наведвальнікі, абышоўшы ўсё, склалі б дакладнае ўяўленне і пра гісторыю з культурай, і пра эканоміку з этнаграфіяй канкрэтна ўзятага горада! Укладайце грошы, спадары, у музейную справу!..

Аўтар: Яўген РАГІН
рэдактар аддзела газеты "Культура"
Аўтар: Канстанцін АНТАНОВІЧ
рэдактар аддзела газеты "Культура"