А.Шлегель. "Калекцыя 2".
А.Шлегель. "Рукадзельніца".
Яшчэ ў чатырохгадовым узросце маленькая дзяўчынка Аленка на пытанне бацькоў, кім хоча стаць, упэўнена адказала: мастачкай. Так яна паступова і ішла да галоўнай мэты свайго жыцця. Спачатку навучалася ў Мінскім мастацкім вучылішчы імя А.Глебава, а потым — у Беларускім дзяржаўным тэатральна-мастацкім інстытуце на спецыяльнасці “Манументальна-дэкаратыўнае мастацтва”. Сярод работ сакурснікаў творы Алены вылучаліся незвычайным светаўспрыманнем. Спалучаючы простыя рэчы з абстрактнай прасторай, карціны мастачкі выглядаюць як фантастычныя апавяданні, але адначасова сучасныя, зразумелыя.
Алена Шлегель набыла свой уласны почырк, што пазнаецца адразу. Ейнае натхненне — гэта міфы і казкі, любоў да якіх яна захавала яшчэ з дзяцінства. Кожная яе работа — маленькая гісторыя. На палотнах набываюць рэальнасць узнёслыя і паэтычныя вобразы, фантазіі і сны самой творцы. Мастачка надае стылю, у якім працуе, незвычайнае вызначэнне: “куртуазны рамантызм”. І сапраўды: гэта жывапіс з жаночым характарам — лірычны, тонкі, элегантны, прасякнуты арыстакратычным духам.
“Алфавіт” — назва выстаўкі і цэнтральнай карціны экспазіцыі. Пад час разгляду ўсіх дэталей, сімвалаў і дробязей здаецца, што трапляеш у іншае вымярэнне. Спакоем прасякнуты палотны “Настальгія”, “Краіна мрояў”, “Рукадзельніца”. У фарбы чараўніца-мастачка быццам дадала месячнае святло. У работах “Маскарад”, “Калекцыя — 1,2”, “Юдзіф”, “Паядынак” — інтрыгуючая, таямнічая атмасфера, якая абуджае пачуцці і запальвае сэрцы. Другой асаблівасцю твораў Алены з’яўляецца насычаны каларыт. Колеры знаходзяцца ў асобай раўнавазе, парадку і гармоніі адно з адным. Уся гэтая шматкаляровасць стварае радаснае адчуванне свята і ўрачыстасці, а казачныя сюжэты даюць магчымасць адысці ад праблем рэчаіснасці і крыху памарыць...
Ульяна ФЯДОТАВА, супрацоўнік галерэі “Мастацтва”, мастацтвазнаўца