Лабараторыя актрысы

№ 40 (1062) 06.10.2012 - 13.10.2012 г

Джульета, Кардэлія, Ефрасіння...

...Першы іспыт у тэатральна-мастацкі інстытут скончыўся няўдачай, але Таццяна Ліхачова не згубіла надзеі.

Праходзіць час, і яна дасягае сваёй мэты: паспяхова вытрымлівае конкурс, што быў абвешчаны сярод творчай моладзі, і трапляе ў дапаможны акцёрскі склад знакамітай трупы Коласаўскага. Тут яна заспела карыфеяў-коласаўцаў Цімоха Сяргейчыка, Мікалая Звездачотава, Анатоля Шэлега, Іосіфа Матусевіча і творцаў сярэдняга пакалення: Галіну Маркіну, Уладзіміра Куляшова, Георгія Дубава, Мікалая Цішачкіна. У іх, а яшчэ ў сапраўднага тэатральнага бацькі — галоўнага рэжысёра Саламона Казіміроўскага яна атрымлівала першыя ўрокі акцёрскай прафесіі. Праз год Таццяна трапляе ў лік студэнтаў БДТМІ (кіраўніком курса быў Аляксандр Бутакоў). Цэлая група выпускнікоў у 1976-м трапіла ў Коласаўскую трупу.

/i/content/pi/cult/394/7923/2-7.jpeg

Тады, вярнуўшыся ў Коласаўскі тэатр, Таццяна Ліхачова ў спектаклі “Сымон-музыка” стварае вобраз Ганны. Актрыса, згодна з воляй рэжысёра, увасобіла вобраз-сімвал: яе гераіня — амаль незямная, нейкая іррэальная. Невыпадкова цягам усёй сцэнічнай дзеі Ганна з’яўляецца перад Сымонам як мара аб няспраўджаным шчасці. Прыгадваю з тых часоў яшчэ адзін рамантычна-ўзнёслы вобраз (бо ён моцна ўрэзаўся ў памяць) — Пастушкі са спектакля “Разгром” паводле А.Фадзеева. Здавалася б, эпізадычная роля, але які шчымлівы настрой стварала адзіная ў спектаклі яе сцэна з Мяцеліцам! За актрысай замацавалася амплуа рамантычнай гераіні. Сюды можна яшчэ дадаць яе Валянціну са спектакля “Летась у Чулімску”.

За шчырасцю, праўдзівасцю, непадробнасцю перажыванняў яе гераінь у спалучэнні з заўсёды рамантычнай узнёсласцю той жа Валянціны, Ані з “Вішнёвага саду “ і Соні з “Дзядзькі Вані”, Джульеты са славутай трагедыі Шэкспіра, Зінулі з аднайменнай п’есы Гельмана, Юлькі з “Адпачынку пасля ранення”, Марыны Грачынскай з “Вострава Алены” ўзнікала пэўная таямніца, загадка, якую актрыса не спяшалася раскрываць гледачу. Завяршала гэтую кагорту маладых гераінь Франя з інсцэніроўкі аповесці Васіля Быкава “Пакахай мяне, салдацік…” (рэжысёр — Валерый Маслюк). Таксама ў акцёрскай скарбніцы Ліхачовай — Кардэлія з “Караля Ліра” Шэкспіра, Данута з “Часу быка” Саі, Ганна са спектакля “Пад сонцам”…

У апошнія гады заслужаная артыстка Беларусі Таццяна Ліхачова стварыла шэраг работ у пастаноўках Юрыя Пахомава (Сеньёра Капулецці з трагікамедыі “Чума на вашы дзве сям’і!”, Этэр з п’есы “Млын” і, асабліва, Голда з “Памінальнай малітвы”) ды Міхася Краснабаева: Люці з п’есы Аляксея Дударава (дарэчы, гэты вобраз быў выпісаны драматургам менавіта ў разліку на актрысу) і, вядома ж, Ефрасіння Полацкая ў спектаклі “Крыж Ефрасінні” Ірыны Масляніцынай. Рыхтуючыся да ролі, Таццяна Ліхачова правяла некалькі дзён у родным Полацку, у Свята-Ефрасіннеўскім манастыры. Яна хадзіла на службы, размаўляла з манахінямі, Уладыкам Феадосіем. Стварэнне вобраза — сведчанне высокай ступені духоўнай сталасці актрысы...

У адным з інтэрв’ю Таццяна Ліхачова прызналася: тэатр — яе галоўны дом. У гэтых сценах прайшла большая частка жыцця. Тут яна спадзяецца перажыць і новыя яркія імгненні, з якіх складаецца акцёрскі лёс…

Юрась ІВАНОЎСКІ

Віцебск

На здымку: Таццяна Ліхачова (справа) ў сцэне са спектакля "Крыж Ефрасінні".