"Шматсерыйная" дарога да сцэны

№ 40 (1062) 06.10.2012 - 13.10.2012 г

Новы беларускі тэатр: дажыць і... выжыць

Пра тое, якой пакручастай і “шматсерыйнай” здольная быць дарога новай п’есы на сцэну, можна пісаць цэлыя дысертацыі. Нават — на прыкладзе апошняй работы Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі “Дажыць да прэм’еры” Мікалая Рудкоўскага ў рэжысуры Паўла Харланчука, спектакля, што можна смела назваць стопрацэнтным нацыянальным тэатральным прадуктам найноўшага часу.

/i/content/pi/cult/394/7918/2-1.jpeg

Хтосьці ўсміхнецца, пачуўшы гэткую фармуліроўку, аднак — дарэмна. Нягледзячы на тое, што ў сучаснай культурнай прасторы нашай краіны ёсць з тузін людзей, якія рэгулярна займаюцца напісаннем драматургічных твораў, пераважная большасць літаратурнага прадукту, што выходзіць пад іх прозвішчамі, уяўляе з сябе ўдалую ці не (у залежнасці ад таленту аўтара) эксплуатацыю прыёмаў ды тэхналогій, адкрытых і адпрацаваных яшчэ ў мінулым стагоддзі. І нават зважаючы на той-сёй поспех у гледачоў, называць такія навадзелы па-сапраўднаму новай драматургіяй не выпадае. Тым каштоўней выглядаюць “перліны”, якія, магчыма, не кідаюцца ў вочы сваім бляскам, аднак складаюць рэальны культурны здабытак.

Галоўная творчая навізна п’есы “Дажыць да прэм’еры” Мікалая Рудкоўскага — з’яўленне ў беларускай драматургіі ХХІ стагоддзя па-сапраўднаму сучаснага героя. Не маргінала, які пакутуе ад уласнай дэструктыўнасці ды непаўнавартаснасці, і не інфантыльнай “ахвяры новага часу”, а звычайнага, так бы мовіць, “нармальнага” чалавека. Героя, з якім гледачы ў зале змогуць сябе атаясамліваць, здолеюць пазнаваць у ім уласныя інтанацыі, знаходзіць перасячэнні інтарэсаў і поглядаў на жыццё. Чалавека, які здолее трымаць нашу глядацкую ўвагу не ўласнымі “адметнасцямі”, а тым, што размаўляе з гледачамі на адной мове і — пра агульныя, знаёмыя рэчы ды з’явы.

/i/content/pi/cult/394/7918/2-2.jpeg

Тэатралы-аматары памятаюць асноўную сюжэтную канву твора яшчэ з часу яго яркай і надзвычай удалай прэзентацыі ў рамках праекта “On-line” Міжнароднага тэатральнага фестывалю “Панарама” ў лістападзе 2009 года. Тады ўсе чакалі, што тэатры будуць навыперадкі “ганяцца” за Рудкоўскім і Харланчуком, аднак... Наша звыклая тэатральная практыка палічыла разумным бачыць у той заяўцы ўсяго толькі мілую нагоду для імправізацыі, і на некалькі гадоў працэс яе руху да лагічнага завяршэння — паўнавартаснай пастаноўкі на прафесійнай сцэне — аказаўся замарожаным, пакуль, нарэшце, Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі не вырашыў пайсці на свайго кшталту пастановачны эксперымент.

/i/content/pi/cult/394/7918/2-3.jpeg

Што ж у новай пастаноўцы эксперыментальнага? Найперш тое, што яе стваральнікі не пабаяліся выправіцца ў вольнае плаванне ды цалкам даверыцца інтуіцыі ды творчаму таленту драматурга. І заняцца не сцэнічным камплектаваннем спектакля эфектнымі акцёрскімі ды рэжысёрскімі прыдумкамі, а — аналізам ментальных адметнасцей нашага сучасніка, спробай зразумець, на якой глебе грунтуецца яго пазіцыянаванне сябе ў навакольным асяроддзі. Прычым у надзвычай “рызыкоўным” для гэтых задач жанры — камедыі.

Галоўная гераіня, актрыса, якая мае сыграць партызанку, для таго, каб ужыцца ў ролю, спрабуе “па-сапраўднаму” ўзнавіць жахі ваеннага часу — голад, нястачу, страх трапіць да немцаў — і, да таго ж, уцягвае ў гэта сваіх блізкіх: сяброўку ды мужа. Хтосьці скажа: маўляў, новая спроба асэнсавання Вялікай Айчыннай вайны. І — патрапіць пальцам у неба: фармальныя адсылкі да яе — усяго толькі нагода для таго, каб паказаць на сцэне “жахі” і “экстрым” нашай сучаснасці, галоўная праблема якой — размеранасць, уладкаванасць жыцця, яго максімальная сарыентаванасць на псіхалогію спажывання, і з гэтай прычыны — глыбінная атрафія эмацыйнага складу людзей. Прага моцных, незвычайных перажыванняў, здольных узрушыць чалавека і вымусіць яго працаваць у “экстраным” рэжыме,  — вось тое, што ніяк не можа адчуць наша гераіня Вера (Вераніка Буслаева, Людміла Сідаркевіч) і што яе муж Лёша (Аляксандр Марчанка) так відавочна падкрэслівае сваім... неімкненнем усвядоміць гэткую ўласную абдзеленасць і заблакіраванасць клопатамі адно толькі пра матэрыяльны дабрабыт і камфорт.

Пастановачная група на гэтым спектаклі сабралася папраўдзе унікальная: сцэнограф Андрэй Меранкоў, адметны тым, што ўмее ствараць на сцэне тэатральную прастору, візуальную атмасферу спектакля, мастак па касцюмах Алена Ігруша, якая здолела падхапіць вобразнае рашэнне (захаванае, дарэчы, з “on-line”-паказу) і далікатна ўбудавацца ў яго, і, канешне ж, рэжысёр Павел Харланчук, які, нарэшце, атрымаў магчымасць не залежаць ад чыіхсьці ўяўленняў пра тэатральнае мастацтва і ў поўнай ступені ўвасобіць на сцэне сваё бачанне спектакля, без “дапамог” ды “карэкціровак”. І аказалася, што казаць пра яго як пра маладога рэжысёра сёння ўжо няёмка: Харланчук яскрава прадэманстраваў сваю рэжысёрскую самастойнасць. У чарговы раз вяртаючыся да жанру спектакля, мушу зазначыць: сучасны беларускі тэатр практычна забыўся на тое, што камедыя не абавязкова мусіць быць сатырычнай або фарсава-арыентаванай. Тонкі, далікатны і культурны гумар, без сцэнічнага плюсавання і анекдотнай забаўляльнасці, — вось тая рэдкая тэатральная радасць, якую прапаноўвае ён сваім гледачам, адсылаючы больш спакушаных у тэатральных уражаннях да шматлікіх культурна-эстэтычных алюзій, а менш патрабавальных — да забаўнай радасці пазнавання.

/i/content/pi/cult/394/7918/2-4.jpeg

У апошнія гады (калі не сказаць: дзесяцігоддзі) у дыскусіях, прысвечаных сучаснай драматургіі, неаднойчы гаварылася, што для таго, каб п’есы маладых драматургаў не заставаліся адно толькі літаратурнымі тэкстамі, а траплялі на тэатральныя падмосткі, адным з дастаткова надзейных спосабаў можа стаць фарміраванне своеасаблівых творчых тандэмаў з больш масцітымі калегамі-рэжысёрамі. Найперш для таго, каб яны маглі падкарэкціраваць твор, “падцягнуць” яго да ўмоў прафесійнай сцэны. На практыцы ж (пра гэта, праўда, мала хто казаў услых) падобныя эксперыменты часцей за ўсё прыводзілі новыя п’есы на сцэну за кошт... пазбаўлення іх аўтарскай індывідуальнасці, “прычэсвання” пад агульна-ўжытковы стандарт. І, верагодна, гэткае перацягванне твораў, што намагаюцца адпавядаць новаму часу, у тэатральную стылістыку мінулага стагоддзя шмат у чым саслужыла аўтарам мядзведжую паслугу, ператвараючы іх літаратурныя спробы ў драматургію “аднаразовага ўжытку”. Спектакль “Дажыць да прэм’еры” яскрава прадэманстраваў: не трэба баяцца за маладых творцаў (умоўна маладых: і Рудкоўскі, і Харланчук, і Меранкоў у тэатры — ужо амаль пад два дзесяцігоддзі кожны) і за тое, што ў імкненні выплысці на бераг яны немінуча патопяць адно аднаго. Рэальнасць у абліччы іх прэм’еры засведчыла: людзі, якія размаўляюць на адной мове, здольныя хутчэй дамовіцца наконт любых пастановачных пытанняў і нюансаў.

Пакуль рана казаць пра тое, што новая пастаноўка — гэта першая ластаўка творчага “апгрэйду” Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі, альбо проста ўдалая пастаноўка ў яго сценах. Спадзяюся, для творчай групы галоўнай задачай было — усё ж такі дайсці да прэм’еры: не толькі для таго, каб стварыць спектакль, але і з мэтай прадэманстраваць рэальнасць і дзейснасць работы, не скаванай “традыцыямі”, за якімі часта хаваецца адсутнасць творчай навізны і жывога, тонкага ўспрыняцця драматургіі не як сродку для самасцвярджэння, а ў якасці падставы для сцвярджэння на сцэне творчага пошуку. Ужо сёння можна казаць, што новая пастаноўка РТБД выкліча вакол сябе шматлікія дыскусіі і разважанні, і гэта — цудоўна: значыць, і ўнутры традыцыйных паводле сваёй арганізацыі калектываў таксама маецца патэнцыял для творчых прарываў. І цалкам верагодна, што “Дажыць да прэм’еры” шмат у чым паўторыць лёс купалаўскага “Офіса”, які пазіцыянаваўся “пабочным прадуктам”, а ў выніку стаў пастаноўкай, што злучыла ў сабе і міжнароднае фестывальнае прызнанне, і касавы поспех у “звычайных” гледачоў. Такім чынам, можна не сумнявацца: галоўную сваю задачу — выжыць пасля прэм’еры  —спектакль “Дажыць да прэм’еры” выканае без праблем.

На здымках: сцэны са спектакля "Дажыць да прэм'еры".

Фота Аляксандра ДЗМІТРЫЕВА