V.I.P.-мадэль: Янка Купала

№ 27 (1049) 07.07.2012 - 13.07.2012 г

"Зрэз" выяўленчай біяграфіі

Можна сказаць без перабольшання: з усіх вобразаў дзеячаў нацыянальнай культуры Янка Купала для беларускіх мастакоў з’яўляецца, мабыць, самым прывабным. З пачатку 1920-х гадоў жывапісцы, графікі, скульптары звярталіся да асобы Песняра і яго літаратурнай спадчыны. Чым жа выклікана такая прыцягальная сіла да Купалы? Тэзісам пра прароцкае прызначэнне паэта ў эстэтычным асваенні свету? Спробай знайсці нейкую мастацкую сістэму ў яго вобразах, выкліканую своеасаблівай гармоніяй, пранізлівасцю ягонай духоўнай спадчыны, шчырай любоўю да зямлі беларускай і яе народа? Альбо складанымі зігзагамі асабістай і творчай біяграфіі класіка, дзе, як у люстэрку, адбіліся драматычныя павароты жыцця краіны? Купала заўсёды заставаўся Паэтам з вялікай літары, патрыётам сваёй радзімы і чалавекам без элітарнай манернасці, фанабэрыстасці ды ганарыстасці...

/i/content/pi/cult/385/7650/7-1.jpg

У 50 — 80-я гады мінулага стагоддзя адбылося некалькі мастацкіх выставак, якія адлюстроўвалі жыццёвы і творчы шлях Песняра, знаёмілі з яго сваякамі ды сябрамі, паказвалі мясціны, звязаныя з ягонай біяграфіяй. Як правіла, такія экспазіцыі прымяркоўваліся да гадавіны з дня нараджэння і смерці паэта. Пры жыцці Купалы прайшлі адно дзве выстаўкі (у 1935 і 1940 гг.) — кніжныя, але пасля вайны такіх выставак было шмат. А вось першая буйная мастацкая з’явілася толькі да 90-годдзя Песняра. Але самая вялікая, юбілейная, пад назвай “Песняры зямлі беларускай”, прысвечаная 100-годдзю з дня нараджэння Янкі Купалы і Якуба Коласа, дэманстравалася восенню 1982-га. Тады 260 мастакоў прадставілі 450 твораў усіх відаў ды жанраў мастацтва, і лепшыя работы з той экспазіцыі ўвайшлі ў “залаты фонд” выяўленчай Купаліяны. Пасля гэтага тэматычны дыяпазон купалаўскай тэматыкі ў мастакоў як бы прыпыніўся. Нібыта ўсе “ключавыя” праблемы жыцця і творчасці Купалы для іх былі вычарпаны, хаця ў апошнія гады з’явілася шмат чаго новага ды цікавага для даследчыкаў яго біяграфіі. Таму і выклікае асабіста ў мяне нейкі сумнеў, што на бліжэйшай восеньскай юбілейнай выстаўцы, прысвечанай 130-годдзю з дня нараджэння Янкі Купалы і Якуба Коласа, нашы мастакі, відаць, не здзівяць гледачоў новымі шэдэўрамі ці хаця б больш-менш годнымі творамі, якія маглі б абнавіць ды ўпрыгожыць выяўленчы “вянок” Песняроў.

/i/content/pi/cult/385/7650/7-2.jpg

Мой папрок — найперш тым, ад каго залежыла падрыхтоўка такой выстаўкі. Чаму, напрыклад, не заключана з мастакамі ніводнай мэтавай дамовы, як гэта было заўсёды? Часу да вернісажу засталося зусім мала, але пакуль усё ціха… Што ж, Беларускаму саюзу мастакоў і Нацыянальнаму мастацкаму музею, відаць, зноў (у які раз!) давядзецца "папатрэсці" свае запаснікі, каб у такі юбілей не ўдарыць у гразь тварам і выйсці “на людзі” хаця б з годнай рэтраспекцыяй.

/i/content/pi/cult/385/7650/7-3.jpg

А пакуль мы прапаноўваем чытачам “К” невялічкую частку той самай мастацкай рэтраспектыўнай Купаліяны, што пачыналася ў пачатку 1920-х гадоў жывапіснымі партрэтамі паэта. Іх малявалі з натуры мастакі Дзмітрый Полазаў і Якаў Кругер.

Аўтар: Барыс КРЭПАК
рэдактар аддзела газеты "Культура"