“Творчыя і добрасумленныя “Зорка”ўцы”

№ 1 (1024) 07.01.2012 - 13.01.2012 г

Кіраўніка Заслужанага аматарскага калектыву Рэспублікі Беларусь “Харэаграфічны ансамбль “Зорка” Наталлю ЧАРНЮК карэспандэнт “К” заспеў на рэпетыцыі. “Акурат зараз рыхтуемся да выступлення на канцэрце ў Палацы Рэспублікі”, — прызналася яна.

/i/content/pi/cult/358/6825/4_4.jpeg- Якое дасягненне "Зорка" лічыць самым значным за мінулы год?

- Дасягненне, лічу, - гэта ўнутраны стан калектыву: наколькі ўсё ў ім добра, у радасці, любові, наколькі дзецям хочацца займацца. Заўжды кажу дзеткам: перш за ўсё - гэта пачуццё адказнасці перад сцэнай. Колькі б гледачоў на канцэрт ні прыйшло - ці сем тысяч  у Летні амфітэатр, ці 20 чалавек  у маленькую залу, - належыць працаваць з аднолькава моцнай аддачай. І такі падыход мае свае вынікі. Бачу: ці гэта Міжнародны дзіцячы фестываль у Італіі, на якім мы заваявалі Гран-пры, ці ўдзел у казачных прадстаўленнях - дзеці атрымліваюць аднолькавае задавальненне. Такім чынам, можна сказаць, што ансамбль - у добрай форме і цудоўным настроі!..

Не стаў выключэннем і мінулы год. Мы шмат выступалі: гэта і ўдзел у "Славянскім базары ў Віцебску", і ў іншых канцэртных праграмах ды прадстаўленнях. На тым жа "Славянскім..." дзеткі паказалі 19 нумароў: і на дзіцячым конкурсе, і на вялікай сцэне, і на малых пляцоўках. І ніводнага старога нумара! Не трэба, увогуле, далёка хадзіць - згадайма тыя ж навагоднія пастаноўкі: 21 спектакль! У кожным з іх - па чатыры нумары. Дзеці працавалі штодня, і, нягледзячы на такую "недзіцячую" нагрузку, увесь час імкнуліся данесці сваё майстэрства і добры настрой да публікі. Ці ж гэта не доказ сапраўднага захаплення творчасцю?

- Магчыма, "зоркаўцы" - гэта ўжо не проста калектыў, а пэўны лад жыцця?..

- Вы маеце рацыю. Справа ў тым, што ў нашага калектыву, якому сёлета, дарэчы, споўніцца 50 гадоў, існуе даўняя традыцыя: перш чым нашы пачаткоўцы стануць паўнавартаснымі ўдзельнікамі ансамбля, яны мусяць займацца цягам трох гадоў у падрыхтоўчай групе. За гэты тэрмін кожны здольны разабрацца, куды ён трапіў: гэта не тры месяцы, калі зразумець, чым займаешся, на маю думку, да канца не магчыма, а тры гады, тэрмін  - дастатковы. Дарэчы, летась у нас адбыўся справаздачны канцэрт-прысвячэнне нашых пачаткоўцаў,  і мы прынялі да сябе новае пакаленне, якое ўжо мае належнае стаўленне да танца. "Зорка" - гэта, сапраўды, ужо цэлы рух, які ведаюць па ўсёй рэспубліцы, які паважаюць. Можна сказаць, "зоркаўцы" - такі творчы і добрасумленны народ, што прайшоў агонь, ваду і медныя трубы.

- Якія мэты і задачы ставіць сабе "Зорка" ў 2012-м?

- Першая задача для нас у бягучым годзе  - пацвярджэнне звання Заслужанага аматарскага калектыву. Па вяртанні ў Віцебск адразу пачынаем рыхтаваць моцную творчую праграму, каб паказаць шаноўнай камісіі, што ўсе нашы міжнародныя ўзнагароды - зусім не выпадковасць. Далей - цяжка загадваць, але плануем паехаць на Фестываль дзіцячай творчасці ў Іспанію. Існуюць, вядома, значныя фінансавыя цяжкасці, бо дарогу вымушаны будзем аплачваць самі, аднак хацелася б ажыццявіць выступленне на іспанскім форуме. Увогуле, яшчэ ніхто пра гэтую паездку не ведае, і я нават баюся ўявіць, што здарыцца, калі дзеці прачытаюць пра тыя планы ў вашай газеце: колькі будзе радасці! І як бы іх тут не падвесці...

Аўтар: Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"