Знітоўваючы часы...

№ 35 (801) 01.09.2007 - 07.09.2007 г

Да Дня беларускага пісьменства ў Шклове падрыхтавана экспазіцыя мастацкіх твораў з фондавай калекцыі Магілёўскага абласнога мастацкага музея імя П.Масленікава, якая будзе працаваць у новай выставачнай зале Шклоўскага краязнаўчага музея да 1 кастрычніка.

 /i/content/pi/cult/127/577/Magileuski mastacki muzej.jpg
Гэта своеасаблівы экскурс у складаны шлях нашай гісторыі і культуры, спроба сабраць у адной выставачнай зале прадстаўнікоў філасофскай, асветніцкай думкі зямлі беларускай ад старажытных часоў да ХХ стагоддзя.
Тут прадстаўлены работы вядомых творцаў Беларусі А.Анікейчыка, А.Дранца, С.Гарбуновай, А.Концуба, У.Пасюкевіча, У.Хадаровіча, І.Бархаткова, В.Шматава, У.Гардзеенкі.Прымаючы да ўвагі значнасць свята Дзень беларускага пісьменства, галоўная ўвага надаецца такім асобам, як Францыск Скарына. Палатно І.Бархаткова “Юнацтва Скарыны” дапамагае гледачу адчуць вытокі і пачатак пісьменства ў эпоху Полацкага і Тураўскага княстваў.
У карціне Алы Каласенцавай “Дабрадатны край” тэма адраджэння гучыць яшчэ больш моцна. Тут, акрамя вобразаў Францыска Скарыны і Еўфрасінні Полацкай, ёсць і вобраз беларускага і рускага пісьменніка, філосафа-асветніка, педагога, тэолага, грамадскага і царкоўнага дзеяча Сімяона Полацкага.
Дапаўняе эмацыянальнае гучанне згаданых твораў палатно Уладзіміра Хадаровіча “Слыннаму беларускаму вестуну прысвячаецца”. З вялікай любоўю і высокім прафесіяналізмам напісаны ў нацюрморце прадметы і рэчы, якія дакладна перадаюць подых той далёкай эпохі.
Менавіта са згаданых славутых продкаў пачаліся пісьменства і асвета на нашай зямлі. На гэтым моцным падмурку ўжо ў ХІХ стагоддзі з’яўляюцца славутыя сыны зямлі беларускай Янка Купала і Якуб Колас. Твор Мікалая Апіёка “На пачатку шляху” — кульмінацыйны момант экспазіцыі. Манументальна і яскрава прадстаўлены вобразы геніяльных Песняроў Беларусі.
Вобраз Янкі Купалы дапаўняюць скульптурны партрэт Андрэя Заспіцкага “Сям’я” (Я.Купала з сям’ёй) і дэкаратыўная кампазіцыя Анатоля Концуба “Спадчына”.Партрэт “Якуб Колас” пэндзля Івана Рэя падае вобраз другога славутага Песняра Беларусі. Паглыбіцца ў свет пісьменніка дапамагаюць таксама “Нацюрморт з лірай” Віктара Шматава, “Спадчына” Уладзіміра Гардзеенкі, “Рамонкі. Лета” Мікалая Давыдава.У экспазіцыі прадстаўлены вобразы і іншых слынных дзеячаў Беларусі. Гэта такія асобы, як Максім Багдановіч і Міхась Лынькоў, партрэты якіх стварылі Анатоль Анікейчык і Уладзімір Пасюкевіч.Экспазіцыя па-свойму асэнсоўвае факты і з’явы мінулых часоў, падае іх з пункта гледжання сённяшняга дня. Тым самым мы кажам, што нам засталася спадчына багатая і разнастайная, цікавая і загадкавая. Той, хто хоча зразумець дух свайго народа, павінен ведаць яго вытокі. Спадчына можа навучыць нас цаніць вечнае, духоўнае.

Святлана СТРОГІНА,
намеснік дырэктара Магілёўскага абласнога
мастацкага музея
імя П.Масленікава