Партнёрства

№ 41 (961) 09.10.2010 - 15.10.2010 г

Мінскі гарадскі камітэт Беларускага прафсаюза работнікаў культуры распачаў урачыстасці з нагоды Дня работнікаў культуры ўжо 6 кастрычніка. У толькі што адрамантаваным офісе гаркама адбылася сустрэча кіраўніцтва аб’яднання з ветэранамі прафсаюзнага руху. Не абышлі ўвагай і герояў дня сённяшняга: разам з упраўленнем культуры Мінгарвыканкама, Мінаблвыканкама ім адзначаны лепшыя работнікі галіны Мінска і Мінскай вобласці.

/i/content/pi/cult/290/4777/12-2.jpg

Карэспандэнту ж "К" старшыня Мінскага гаркама Беларускага прафсаюза работнікаў культуры Віктар Маліноўскі распавёў пра новыя накірункі ў міжнародным супрацоніцтве:

- Адзін з істотных накірункаў дзейнасці - міжнароднае супрацоўніцтва прафсаюзных арганізацый. Ужо сёння мы актыўна ўзаемадзейнічаем з Федэрацыяй прафсаюзаў Санкт-Пецярбурга і Ленінградскай вобласці, з Маскоўскай федэрацыяй прафсаюзаў, з Валгаградскім абласным Саветам прафсаюзаў... Днямі нас наведала арганізацыя Севастопальскага гарадскога Савета прафсаюзаў, пад час візіту якой былі заключаны дамовы аб далейшым супрацоўніцтве. Прынамсі, севастопальцаў вельмі ўразіў конкурс прафесійнага майстэрства "Мінскі майстар", і ведаю, што літаральна днямі яны разглядаюць магчымасць правядзення падобнага спаборніцтва ў сябе.

Неабходна адзначыць і сувязі з прафсаюзнай арганізацыяй Савета прэфектуры Міягі Японіі, ханойскай Федэрацыяй працы В'етнама. У бліжэйшых планах -наладжванне далейшых кантактаў з галіновымі прафсаюзнымі камітэтамі гэтых краін. Замежныя партнёры наведаюць нашу краіну, вядома, пазнаёмяцца з дзейнасцю прафсаюза, з нашымі калектывамі, з культурай увогуле. З адпаведным візітам паедуць у замежжа і беларусы. Як сацыяльна абаронены работнікі культуры ў іншых краінах, якімі дакументамі гэта пацвярджаецца - безумоўна, гэта той досвед, што дазволіць убачыць спецыфіку прафсаюзнай працы з новага ракурсу.

 

Аўтар: Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"