Леанарда каля… лагойскага “мора”

№ 31 (951) 31.07.2010 - 06.08.2010 г

Згодна з данымі адной з сусветна вядомых кансалтынгавых кампаній, на еўрапейскім кантыненце налічваецца каля 300 паркаў забаў. На жаль, пакуль у гэтым шэрагу “казачных месцаў” не фігуруюць забаўляльныя паркі, якія месціліся б на постсавецкай прасторы. Між тым, у Беларусі цягам года таму распрацаваны праект тэматычнага парку забаў, што здолеў бы кампенсаваць нястачу такога кшталту адпачынку беларусаў, ды і ўвогуле — стаць першым вялікім цэнтрам забаў для дзяцей і дарослых на прасторы СНД.

/i/content/pi/cult/280/4408/pic_10.jpgГаворка - пра праект архітэктараў Беларускага навукова-даследчага праектнага інстытута горадабудаўніцтва, распрацаваны згодна з Планам дзеянняў па выкананні Даручэння Кіраўніка дзяржавы ад 16 студзеня 2009 года па прыцягненні замежных інвестараў для рэалізацыі праектаў будаўніцтва Парку забаў на мяжы Мінскага і Лагойскага раёнаў, а таксама хуткаснай трамвайнай лініі паміж гарадамі. Якім жа ён будзе - беларускі Парк забаў? У чым яго адметнасць ад аналагаў у свеце? Каб дазнацца пра падрабязнасці праекта, карэспандэнт "К" звярнуўся да аўтара ідэі - галоўнага архітэктара праектаў архітэктурна-планіровачнай майстэрні згаданага праектнага інстытута Валерыя МУСІЕНКІ.

"Усё шмат разоў вылічвалася"

- Валерый Пятровіч, дык што ж будзе ўяўляць з сябе, так бы мовіць, "беларускі Дыснейлэнд"?

 - Перш чым прыступіць да распрацоўкі канцэпцыі беларускага Парку забаў, мы зрабілі экскурс у сусветную практыку: што ж уключае ў сябе гэтае паняцце? І высветлілі, што, пры ўсёй розніцы ў памерах і габарытах, паркі такога кшталту падобныя паводле сваёй структуры: яны ўсе падзелены па прынцыпе функцыянальнага заніравання. Усе паспяховыя паркі маюць тры асноўныя зоны: сямейнага адпачынку - для бацькоў з дзецьмі, экстрэмальнага - для падлеткаў, і дзіцячага - для самых маленькіх наведвальнікаў. Гэты падыход дазваляе, з аднаго боку, ахапіць розную аўдыторыю, з іншага, - умела кіраваць рухам гасцей па парку. Наш забаўляльны цэнтр таксама падзелены на тры вышэйзгаданыя зоны з адпаведным наборам атракцыёнаў плюс зону забаў для дарослых... Але не будзем забягаць наперад і засяродзім увагу на другім этапе распрацоўкі праекта - гэта выбар пляцоўкі, на якой размесціцца Парк. Намі былі разгледжаны шэсць перспектыўных месцаў, і сёння мы спыніліся на двух варыянтах: першы - пляцоўка пад Лагойскам непасрэдна на Дуброўскім вадасховішчы, і другі - на поўдзень ад Рэспубліканскага гарналыжнага цэнтра "Сілічы".

 - Пад час прыняцця рашэння вы разлічвалі, мусіць, на блізкую адлегласць ад Мінска?

 - Несумненна. Тым больш, пэўны час таму было прынята рашэнне аб стварэнні хуткаснай трамвайнай трасы паміж Мінскам і Лагойскам. Блізкасць да вялікага горада, да аэрапорта, годныя транспартныя магчымасці - усё гэта неабходныя ўмовы, каб будучы Цэнтр забаў не аказаўся абмежаваны ўвагай наведвальнікаў. Натуральна, пры выбары пляцоўкі ўлічвалася і навакольнае асяроддзе: асаблівасці рэльефу Лагойскага раёна, няўнасць акваторыі Дуброўскага вадасховшча - усё разам і схіліла нас да выбару гэтых мясцін.

- А чаму было вырашана распрацаваць два варыянты Парку?

 - Каб заказчык і інвестары маглі вызначыцца, які варыянт ім больш даспадобы. А яшчэ ўсе ідэі не "змяшчаліся" ў адну версію. Першы варыянт парку - на Дуброўскім вадасховішчы, - улічваючы наяўнасць вады, мае свае перавагі. Другі - той, што бліжэй да "Сілічаў", - прапаноўвае трошкі іншую канцэпцыю, зыходзячы са свайго размяшчэння: разам з гарналыжным курортам ён стварае адзінае цэлае. Вядома, і першы, і другі варыянты - па-свойму добрыя, і мяркую, на якім бы ні спынілі свой выбар інвестары, - у выніку наш Парк забаў стане унікальным комплексам.

/i/content/pi/cult/280/4408/pic_11.jpgАтрымаць "спажыву" для розуму

- Валерый Пятровіч, дык у чым жа будзе адметнасць беларускага Парку забаў, прынамсі, у еўрапейскай прасторы?

- Хачу адзначыць, што ён будзе прадстаўляць сістэму тэматычных паркаў. Гэта значыць - ён сумесціць у сабе забаўляльную і пазнаваўчую функцыі, будучы цікавым для ўсіх узроставых груп. Мы свядома пазбягаем назвы кшталту "Дыснейлэнд", каб выключыць канатацыю цалкам забаўляльнай установы (хоць дзеля справядлівасці скажам, што апошні таксама падзелены на тэматычныя часткі). Наша мэта - каб наведвальнікі не проста пакаталіся на "амерыканскіх" або "рускіх горках", пачаставаліся ласункамі, спужаліся "прывідаў", а, у першую чаргу,- атрымалі "спажыву" для розуму: вынеслі пэўныя веды пасля гасцявання ў Парку. Якім чынам гэта будзе адбывацца? Праз далучанасць аб'екта да пэўнай тэмы. Напрыклад, Галоўная вуліца, якая размешчана ў нас у зоне сямейнага адпачынку (зараз я кажу пра першы варыянт канцэпцыі), распавядзе наведвальнікам пра шлях сусветных цывілізацый. На ёй знаходзяцца спецыяльныя павільёны і выкананыя ў мініяцюры архітэктурныя помнікі: Егіпта, Старажытнай Грэцыі, Рыма, сярэднявечнай Еўропы... Адпаведна тэматыцы, на вуліцы прапанаваны і забавы: гэта могуць быць ажылыя карціны вялікіх майстроў жывапісу, гладзіятарскія баі, вынаходніцтвы Леанарда да Вінчы, алхімія, развіццё рамёстваў, рыцарскія турніры... Чым не магчымасць для наведвальнікаў увачавідкі пабачыць, як складвалася сусветная - і наша - гісторыя?

- А што наконт зоны для маленькіх наведвальнікаў?..

- Зона для самых маленькіх пабудавана па прынцыпе "Нашы любімыя казкі і іх героі". Гэта значыць, што дзетак там сустракаюць героі іх улюбёных кніг і фільмаў. І мы прапаноўваем пасябраваць не з персанажамі замежных гісторый, а з героямі славянскіх казак: да прыкладу, увасабляем вобразы славутых савецкіх мультфільмаў і фільмаў, казак Пушкіна, такіх як Чарнамор, а таксама Ілля Мурамец, Змей Гарыныч, Баба-Яга, Нязнайка...

Беларускі акцэнт

/i/content/pi/cult/280/4408/pic_12.jpg- А як жа персанажы беларускіх твораў? Ці знойдзецца месца для іх у такім багатым вобразным шэрагу?

- Мы адкрытыя для прапаноў. Я называю вам зараз герояў, якія могуць быць у Краіне казак, але гэта не значыць, што спіс любімых персанажаў дзятвы ўжо вызначаны. Безумоўна, героі беларускіх казак могуць заняць сваё месца ў "пантэоне" Парку.

- А ці будзе створаны ў адной з зон павільён, прысвечаны менавіта Беларусі?

- Акурат цяпер самы час пераключыцца на другі варыянт канцэпцыі Парку. Менавіта ў ім на Галоўнай плошчы да павільёна "Наш свет - Сусвет" прымыкае комплекс "Азёрная краіна". Ён якраз і прысвечаны Беларусі. У цэлым, гэта паменшанае адлюстраванне галоўных адметнасцей нашага краю: слынных гарадоў, помнікаў архітэктуры, прыроды і жывёльнага свету ў спалучэнні з разнастайнымі воднымі атракцыёнамі. Вакол плошчы і павільёна пракладзена рэчышча ракі: частка яе цячэ і ўнутры будынка. Як вы здагадаліся, па гэтай рэчцы можна будзе здзейсніць падарожжа, і, натуральна, яно не абыдзецца без сюрпрызаў. Той факт, што другі варыянт Парку канцэптуальна звязаны з курортам "Сілічы", мае на ўвазе тэматычны паварот у бок зімовых казак і гісторый. У гэтым варыянце Парку забаў галоўнай пабудовай стане Замак Снежнай каралевы: ён акажацца брэндавым арыенцірам з боку трасы. Запланаваны тут і сімпатычны Гарадок Кая і Герды, "Лебядзінае возера", чыя праца плануецца і ў зімовы, і ў летні час. Як бачыце, гэты варыянт зусім не горшы за папярэдні.

- Сапраўды. Але ж не магу не спытаць наконт экстрэмальных атракцыёнаў: у якім з двух паркаў яны будуць размешчаны?

 - У абодвух. Парк забаў ніяк не можа абысціся без зоны актыўнага адпачынку. І тут абавязкова прадугледжваюцца ўлюбёныя забавы маладых людзей: "амерыканскія горкі", аквапарк, водныя прыгоды, гоначная траса, Дом прывідаў, Вежа жахаў... Не забыліся мы і на Парк дыназаўраў, пірацкую бухту, кальцавую чыгунку, параходзікі ды прагулачныя паруснікі- на іх можа здзейсніць падарожжа да атракцыёнаў. Усяго адразу і не раскажаш!

- Гучыць вельмі захапляльна! Ды галоўнае пытанне напрошваецца само сабой: калі ж стане рэальнасцю Краіна казак пад Мінскам?

- Пакуль невядома. Праект атрымаў адабрэнне на ўзроўні гарадскіх і абласных улад, але пакуль чакае інвестараў. Да таго ж, ён пакуль яшчэ незавершаны: патрабуюцца дэтальная прапрацоўка і эканамічныя разлікі. Не варта забывацца, што парк як камерцыйны аб'ект павінен не толькі акупіць сябе, але і прынесці прыбытак. Канешне, сам праект і здолее пачакаць, ды месца, якое было абрана для магчымага будаўніцтва, патрабуе рэзервацыі. Таму справа ў найбліжэйшы час - акурат за гэтым.

 

Аўтар: Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"