Неспадзяванкі “аўтарскай” намінацыі

№ 17 (937) 24.04.2010 - 30.04.2010 г

Тыя адчуванні, якія пакінула намінацыя “Аўтарская песня” конкурсу “Зорка ўзышла над Беларуссю”, можна апісаць першым радком вядомай песні барда Юрыя Кукіна “За туманам”. І гучыць ён, нагадаю, так: “Понимаешь, это странно, очень странно…” І “странность” тая ў час конкурсу пачыналася з таго, што намінацыя мела “туманную” назву “Аўтарская песня”, а заканчвалася тым, што прапаноўвала ў выніку самы разнастайны жанравы спектр твораў.

 

/i/content/pi/cult/259/3916/18-2.jpgАўтарская песня ў стылі хіп-хоп, у джазавай манеры, раманс, шансон... Намінацыя, здавалася б, давала магчымасць удзельнікам паказаць сябе ў самых разнастайных напрамках і, адначасова, пакідала ў нявызначанасці: а што лічыць, уласна кажучы, аўтарскай песняй? Вось за перамогу з яскравай лірычнай кампазіцыяй "Гэй, дарогі!" змагаецца памочнік камандзіра ўзвода Дэпартамента аховы Касцюковіцкага РУУС Віталь Анжанкоў. Літаральна за ім упэўнена чытае рэп Ягор Войтаў з Рэчыцы. Алёна Вайцяхоўская, студэнтка Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, з дэкадэнцкім "Кофе" перадае музычнае прывітанне ад А.Вярцінскага. Аўтар і выканаўца, кансультант Беларускага саюза музычных дзеячаў Аляксей Скрыпнік захоплівае пяшчотнасцю гітарных пераліваў, і тут жа Андрэй Кастуноў, супрацоўнік Жлобінскага ГДК, "рве" залу сваёй жартаўлівай кампазіцыяй у народным духу "Гой, бяда, калі грошай няма"... Амаль усіх удзельнікаў трэцяга тура намінацыі можна было сабраць у адзіную канцэртную праграму - і вазіць па шматлікіх камерных, ды не толькі, пляцоўках. Але ж ці пачуе глядач на гэтым канцэрце хаця б з дзесятак бардаўскіх песень, якія прынята лічыць "аўтарскімі"? - вось пытанне, што і вызначае ўсю "дзіўнасць" сітуацыі. - Для конкурсу ўдзельнікі мусілі падрыхтаваць дзве кампазіцыі: адну - уласнага сачынення, другую - на выбар,- каменціруе страшыня журы намінацыі Надзея Мікуліч.

 - У выніку ў мяне склалася ўражанне, што бардаўская песня, якая нібыта лічыцца аўтарскай, цяпер проста знікае, вымірае ў часе. Гучалі песні ў рокавым стылі, у джазавым і г. д., - а яскравых бардаў, асоб амаль і не выявілася. Адпаведна, журы было вымушана прыняць саламонава рашэнне: Першую прэмію мы аддалі самай юнай канкурсантцы, безумоўна, адоранай дзяўчыне, з вялікім патэнцыялам - салістцы эстраднай студыі "Калядачкі" Лепельскага ЦДТ Ірыне Кулагінай. Але ўбачанае пакінула нас у разгубленасці: па якіх крытэрыях мы павінны судзіць? Хто ў гэтай сітуацыі вінаваты? Трэба абавязкова вызначыцца з назвай намінацыі: ці гэта - "бардаўская песня", ці- "аўтарская", пад якую, сапраўды, падпадаюць песенныя творы самых розных стылістычных напрамкаў,- пытанне, якое патрабуе вырашэння... Надзея Мікуліч прыгадала, што сёлета сталічны Дом моладзі ладзіў конкурс бардаўскай песні: "І колькі там было таленавітых маладых людзей! Чаму ж мы не бачым іх на "Зорцы..."?" Між тым, удзельнікі конкурсу мелі сваё асабістае меркаванне на конт спецыфікі намінацыі.

/i/content/pi/cult/259/3916/18-4.jpg "Мне здаецца, што фармуліроўка "аўтарская песня" прапаноўвае розныя жанравыя варыяцыі, - кажа Віталь Анжанкоў,- таму ўсе творы канкурсантаў былі дарэчы". Ягор Войтаў, выканаўца кампазіцый у стылі хіп-хоп, прызнаўся, што з вялікім задавальненнем прымаў удзел у Рэспубліканскім конкурсе маладых талентаў. "Я працую аўтаматчыкам на заводзе, музыку пішу ў вольны час. Сам запісваю аранжыроўкі на камп'ютэры. Калі перамог на абласным туры - быў вельмі ўсхваляваны. Лічу, аўтарская песня можа быць напісана і ў жанры хіп-хоп. Абмежаванняў тут не можа быць: на тое яна і аўтарская". Тое, што конкурс сабраў такіх розных і з боку прафесійнай прыналежнасці, і ў геаграфічным плане выканаўцаў, гаворыць толькі на яго карысць. І, нягледзячы на тое, што фокус з назвай намінацыі ў выніку не даў магчымасці атрымаць адказ на пытанне: ці жывая на сённяшні дзень бардаўская песня, - ён дзіўным чынам высветліў іншую прыемную акалічнасць: аўтары са сваім поглядам на творчасць у нас ёсць.

 

Аўтар: Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"