Сем лісткоў “Лістападзіка”

№ 43 (911) 24.10.2009 - 30.10.2009 г

Сем мастацкіх стужак прымуць удзел у конкурснай праграме XI Міжнароднага фестывалю дзіцячых і юнацкіх фільмаў “Лістападзік”, які адбудзецца з 13 па 20 лістапада.

Як адзначыла куратар праграмы кіно і анімацыі "Лістападзіка" Ксенія Даніна, сёлетняя конкурсная праграма будзе прадстаўлена фільмамі з шасці краін свету: Аўстраліі, Нідэрландаў, Італіі, Узбекістана, Латвіі і, натуральна, Беларусі.
- Сярод іх, - распавяла яна, - такія нашумелыя карціны, як нідэрландская "Лягушкі і жабы", прызёр нямецкага Міжнароднага фестывалю для дзяцей і юнацтва "Шлінгель", італьянскія "Дзённікі" - лаўрэат Канскага кінафестывалю ў намінацыі "Лепшы фільм для юнацтва"... Беларусь жа будзе прадстаўлена апошняй работай Алены Туравай "Навагоднія прыгоды ў ліпені". У асобнай пазаконкурснай праграме "Лістападзіка" - "Дарослым- аб дзецях" - сёння заяўлена турэцкая стужка "Бука". Дапоўняць яе дзве карціны з Індыі: "Вераб'і" і "Маленькі Зізу". Па-за конкурсам апынулася анімацыя, якая, між тым, прапануе маленькім гледачам мультфільмы на любы густ: тут і блок польскіх мульцікаў серыі "Мядзведзь Фантазі", анімацыйная праграма фестывалю "Шлінгель", блок беларускіх мультфільмаў, традыцыйны паказ фільмаў студыі "Пілот", шэраг работ еўрапейскіх аніматараў... "Што да новаўвядзенняў,- падкрэсліла Ксенія Даніна, - то сёлета мы прапануем увазе гледачоў праграму праваслаўных анімацыйных стужак".

Аўтар: Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"