“...Вучыся і будзь добрай”

№ 36 (904) 05.09.2009 - 11.09.2009 г

У Нацыянальным музеі гісторыі і культуры Рэспублікі Беларусь знаходзіцца нямала экспанатаў і прадметаў, якія маюць дачыненне да гісторыі Смаргоншчыны. Сярод іх — і сямейны фотаальбом Францішка Багушэвіча. Перадаў рарытэт у сталіцу Ашмянскі раённы краязнаўчы музей. А “хто ёсць хто” на здымках вызначылі ў свой час унучка паэта Стэфанія Тамашэўская і доктар філалагічных навук Адам Мальдзіс.

/i/content/pi/cult/225/2991/23-1.jpg
 /i/content/pi/cult/225/2991/23-2.jpg

Дакранацца да вокладкі фотаальбома Багушэвіча, абцягнутай чырвоным аксамітам, нават у спецыяльных пальчатках захоўвальнікаў фондаў, - імгненне, роўнае дотыку да самой гісторыі.

 - Альбому каля 140 гадоў, - кажа нам загадчык аддзела пісьмовых і выяўленчых крыніц музея Надзея Саўчанка. - Тут знаходзяцца і вядомыя здымкі паэта, ягонай сям'і, і, натуральна, тыя, якія мала хто бачыў. Маці і бацька паэта - Канстанцыя і Казімір Багушэвічы, яго браты Уладзіслаў, Валяр'ян і Апалінар, сваяк па маці Аляксандр Галаўня, які дапамагаў Францішку пад час вучобы ў Нежыне, жонка паэта Габрыэля, дачка Канстанцыя... Скрозь стагоддзі бачым абліччы светлыя і задуменныя...

- Вось гэты здымак Францішка Багушэвіча быў зроблены ў 1863 годзе ў віленскім фотаатэлье "Прывальскі і Радке", - распавядае Надзея Іванаўна. - Будучаму аўтару "Дудкі беларускай" тут 23 гады. Гэтая унікальная фатаграфія была зроблена за некалькі дзён да пачатку паўстання 1863 года. Фотаздымкі, якіх у альбоме 69, пачынаюць візуальны летапіс роду Багушэвічаў з 60-х гадоў XIX стагоддзя і прыпыняюць расповед 20-мі гадамі ХХ. Побач з выявай маладога Багушэвіча знаходзім групавы сямейны здымак. "1864 год, Вільня". "Прывальскі і Радке" - пазначана на адвароце. Фотаздымак, магчыма, адзіны, дзе паэт разам з сям'ёй. Бо пасля падаўлення паўстання 1863-га будучы Мацей Бурачок быў вымушаны на доўгія 20 гадоў пакінуць родную зямлю. Разглядаем збор далей: сваякі паэта, пляменнікі, яго сябры і аднадумцы ўважліва ўглядаюцца ў нас, быццам не заўважаючы бездані часу. Іншыя, згодна з канонамі тагачаснага фотаздымка, глядзяць задуменна... Пра што, цікава, яны думаюць?..

 - А вось гэтая фатаграфія дзяцей графа Чапскага апынулася ў сямейным альбоме зусім не выпадкова, - звяртае ўвагу Надзея Саўчанка, адгортваючы празрыстую "палярынку" з прыгожага фотаздымка. - Дачка паэта Канстанцыя працавала ў доме графа гувернанткай. І сям'я Чапскіх падарыла ёй гэты фотаздымак, зроблены, дарэчы, у Парыжы, як знак глыбокай прыхільнасці і пашаны. Схіляемся над ім і бачым чатырох дзетак у прыгожых строях, заўважаем і залатыя вензелі ўнізе фотакарткі. А потым зноў і зноў углядаемся ў здымкі.

- На жаль, на вось гэтых фота - пакуль невядомыя для нас асобы... - адказвае Надзея Саўчанка на самае прадказальнае з пытанняў пад час прагляду: "А хто ж гэта?". У альбоме - выява жонкі паэта Габрыэлі - дзіўнай, высакароднай. Малодшы брат Апалінар з жонкай і дзецьмі - урачыстыя, кранальныя. А вось і дачка Канстанцыя - пяшчотная, разумная, валявая. Прагортваем самы вядомы здымак Беларускага Дудара - работы братоў Чыжоў, дзе ён, з вусамі, барадой, у грубым паліто, паглядае кудысьці ўдалячынь. Прагортваем і задумваемся: колькі яму ўжо давялося прайсці, колькі выпрабаваць! Пераварочваем фотакартку, каб узнавіць дату, і бачым дарчы надпіс: "Любімай дачцэ Канстанцыі Марыі на памяць, - занатавана рукой паэта. - Вучыся і будзь добрай. 1889 год". Так нечакана раскрылася незнаёмая старонка гісторыі знакамітага здымка. І ўжо зусім інакш глядзіш на задуменны і мужны твар Паэта-Прарока на гэтым фота - нібы вачыма яго дачкі.

Ды, па шчырасці, ці не ўсе мы, беларусы, сёння ў нечым ягоныя нашчадкі? Памятаеце: "Эх, скручу я дудку, такое зайграю!"...

Фотарэпрадукцыі Андрэя СПРЫНЧАНА  

Аўтар: Дар’я АМЯЛЬКОВІЧ
аглядальнік газеты "Культура"