Пушча Гусавіяна і Тэадорыка

№ 17 (885) 25.04.2009 - 01.05.2009 г

Сёлета самаму старажытнаму запаведніку ў Еўропе — Нацыянальнаму парку “Белавежская пушча” — спаўняецца 600 гадоў. Гэты юбілей уключаны ў Спіс памятных дат UNESCO. Пастановай Савета Міністраў зацверджаны план мерапрыемстваў па падрыхтоўцы да святкавання, дзе, у прыватнасці, прадугледжаны рэканструкцыя, мадэрнізацыя, будаўніцтва, добраўпарадкаванне як аб’ектаў самога запаведніка, так і прылеглай да яго інфраструктуры. Вядома, уключаны ў яго і шматлікія асветніцкія, культурныя праекты. Асобным пунктам у плане пазначана перавыданне кнігі Георгія Карцава “Белавежская пушча”, з часу першага выхаду ў свет якой летась споўнілася сто пяць гадоў. Дарэчы, у Беларусі захаваліся толькі тры экземпляры гэтага фаліянта. Таму не дзіва, што “пушчанская” кніга, перавыдадзеная факсімільна выдавецтвам “Мастацкая літаратура”, уражвае найперш ужо “праверанай часам” якасцю.

Арыгінал выдаў Маркс
Арыгінальная кніга пабачыла свет у Санкт-Пецярбургу ў 1903 годзе ў “артыстычнай установе А.Ф. Маркса”. Гістарычны нарыс Георгія Карцава апісвае “сучасную паляўнічую гаспадарку і “высочайшие охоты” ў Пушчы”. Выданне было ілюстравана групай мастакоў і дапоўнена графікай.А як рыхтавалася перавыданне “Белавежскай пушчы” да друку? Старыя старонкі сканіраваліся, атрыманыя адлюстраванні ўдасканальваліся з дапамогай камп’ютэра. Напачатку выдаўцы нават жадалі падабраць паперу, падобную па колеры да той, пажоўклай. А потым вырашылі пакінуць тэкст, фота і малюнкі на белых аркушах: маўляў, пройдзе час — і яна сама пажаўцее.
Ад арыгінала факсіміле мае толькі два адрозненні. Па-першае, перад малюнкамі і фатаграфіямі ў кнізе змешчаны лісты калькі, якія клеіліся ва ўсе 1922 асобнікі фаліянта 2009 года ўручную. Па-другое, адрозніваецца новая “Белавежская пушча” і колерам вокладкі: у арыгінала ён быў карычневы, а факсімільны варыянт мае малахітава-зялёную афарбоўку.
З трох беларускіх экземпляраў кнігі 1903 года адзін знаходзіцца ў Нацыянальным парку “Белавежская пушча”, другі — у бібліятэцы газеты “Звязда”, трэці — у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі. Менавіта са “звяздоўскага” асобніка і было падрыхтавана выданне.
Апошняе паляванне апошняга караля
Георгій Карцаў пачынае сваю кнігу з гісторыі Пушчы. Аўтар паведамляе, як ўтварыўся ў сярэдзіне еўрапейскага кантынента вялікі лясны масіў, як ён развіваўся, хто яго засяляў. Цікавыя звесткі пра першыя захады па ўпарадкаванні пушчы і ахову яе пры Жыгімонце Старым, калі распачалося першапачатковае абмежаванне яе тэрыторыі, засяленне стралкамі, клопат аб Белавежы наступных каралёў і вялікіх князёў літоўскіх.
 /i/content/pi/cult/205/2394/Pushcha1.jpg
 Ці сапраўды зубр такі ж грозны, як на гравюры з выдання Брынкена (1828 г.)?
Значную ўвагу надае Георгій Карцаў апісанню княжацкіх і каралеўскіх паляванняў Ягайлы і Вітаўта, Стэфана Баторыя. У “Белавежскай пушчы” распавядаецца і пра ўзнаўленне пасля даволі значнага перапынку палявання ў гэтых мясцінах пры Аўгустах Саксонскіх, аб уладкаванні пушчы Тызенгаузам. Апісваецца і апошняе паляванне апошняга караля Рэчы Паспалітай Станіслава Аўгуста Панятоўскага.
Белавежа ХІХ стагоддзя
Першы раздзел выдання распавядае, як Белавежская пушча пераходзіць пасля падзелу Рэчы Паспалітай да Расійскай імперыі, пра адміністрацыйнае ўпарадкаванне гэтага масіва, указ імператара Аляксандра І аб ахове зуброў.Паведамляецца аб пажары ў пушчы 1811 года, аб дзеянні войскаў на яе тэрыторыі ў 1812 годзе. Прыкладам, па словах Карцава, тады саюзнікі Напалеона — аўстрыйцы — разрабавалі ўвесь замак.
Асобныя старонкі прысвечаны першаму лесаўладкаванню і новаму адміністрацыйнаму падзелу, мерапрыемствам па захаванні зуброў у 40-я — 50-я гг. ХІХ стагоддзя. Значнае месца займае матэрыял, прысвечаны паляванню рускага імператара Аляксандра ІІ у 1860 годзе. У той час назіраецца ажыўленне цікавасці да Белавежскай пушчы: зараджаецца паляўнічая гаспадарка, арганізоўваецца пастаянны звярынец. Пасля паўстання 1863 года ўзмацняецца дагляд за зубрамі, змяняецца сістэма нагляду за жывёламі.
Цікавыя факты паведамляе раздзел, прысвечаны царскаму паляванню, якое прайшло з 22 жніўня па 3 верасня 1897 года. Яго вынікі аказаліся наступнымі. Гасудар імператар не
 /i/content/pi/cult/205/2394/Pushcha2.jpg

 Паляванне на зуброў у XV стагоддзі.
З малюнка Р.Фрэнца.

застрэліў ніводнай жывёліны; вялікі князь Міхаіл Аляксандравіч — двух зуброў, чатырох дзікоў, адну лісу, аднаго русака і іншых — усяго 11; каралевіч Мікалай Грэчаскі — трох ласёў, аднаго казла, двух дзікоў — усяго 6 жывёл; граф Варанцоў-Дашкаў — двух зуброў, двух ласёў, двух казлоў, восем дзікоў — усяго 14 жывёлін; лейтэнант Бойсман — аднаго зубра, аднаго казла, двух дзікоў — усяго 4. За два тыдні паляўнічыя застрэлілі 7 зуброў, было зроблена 349 выстралаў, забіта 81 жывёліна.
Наогул, “высочайшие охоты” адбываліся праз тры гады. У кнізе апісваюцца тыя, што былі ў 1894, 1897, 1890 гадах.
Пушча “нашага часу”
Наступны раздзел прысвечаны пачатку ХХ стагоддзя. У ім пададзены значны аб’ём звестак пра зуброў і арэал іх пражывання, падаюцца яго заалагічныя прыкметы, распавядаецца аб паходжанні белавежскага волата. Аўтар прыгадвае паэму “Песня пра зубра” Міколы Гусоўскага, ці, як піша сам Карцаў, Гусавіяна.Георгій Карцаў задаецца пытаннем: памнажаюцца зубры або выміраюць? Але па-за ўвагай аўтара не застаюцца і іншыя пушчанскія жыхары: алені, ласі, даніэлі (лані), дзікі, дзікія козы, зайцы, лісы, воўкі, рысі, барсукі, выдры і іншыя дробныя драпежнікі, дзічына.
Паведамляецца пра дагляд за дзічынай, пра натуральны, падножны і драўляны корм, лясныя культуры, пасадкі, штучнае кармленне, зберажэнне дзічыны, браканьерства.Дарэчы, з выдання даведваемся, што ў Пушчы быў пастаўлены помнік зубру.
У кнізе можна пазнаёміцца з аглядам кіравання Пушчай з 1889 года: агульнай адміністрацыяй лясной гаспадаркі, характарам высечкі і ачысткі леса, сенажацямі, кустарнікавымі зараснікамі, выпасам жывёл. На старонках выдання распавядаецца аб пабудове імператарскага палаца, а таксама аб дзейнасці кіраўніка пушчы Андрыеўскага.

Наталля КІРПІЧЭНКАВА