“ХХІ — адлік новага часу. Пачатак” — назва канцэрта адкрыцця аказалася трапнай. У летнім амфітэатры выступіла шмат вопытных артыстаў (шлях некаторых, дарэчы, пачынаўся з маладзечанскага фэсту), але сапраўднымі зоркамі паказалі сябе выканаўцы маладыя. На фоне старэйшых калег яны вылучаліся больш нязмушанымі, натуральнымі паводзінамі на сцэне і, падаецца, глыбейшым разуменнем матэрыялу. Сапраўдным падарункам сталіся выступленні двух лаўрэатаў Нацыянальнага конкурсу маладых выканаўцаў беларускай эстраднай песні мінулых гадоў Ягора Шаранкова і Ганны Трубяцкой. Дарэчы, падобнымі іх шляхі робіць яшчэ адно спаборніцтва — конкурс выканаўцаў эстраднай песні на “Славянскім базары ў Віцебску”. Ягор выступіў там у 2017 годзе і заваяваў дыплом другой ступені, а Ганна прадставіць нашу краіну на форуме сёлета. Упэўнены, гэта не апошнія таленты, чый росквіт звязаны з Маладзечна.
КАМУ ДАСТАЛАСЯ КРЫШТАЛЬНАЯ ГІТАРА?
Цэнтральная падзея фестывалю — Нацыянальны конкурс маладых выканаўцаў беларускай эстраднай песні — прынёс нямала прыемных адкрыццяў. Маладыя спевакі (21 удзельнік з усіх абласцей і Мінска) паказалі выдатную падрыхтоўку: усе без выключэння займаюцца вакалам з ранніх гадоў, а многія маюць прафесійную адукацыю і не першы раз удзельнічаюць у рэспубліканскіх і міжнародных фестывалях. Але гэты вопыт не выратаваў некаторых удзельнікаў ад тыповых памылак маладых артыстаў. Нехта спрабаваў уціснуць у выступленне ўсе даступныя яму вакальныя фішкі і губляў пачуццё меры, нехта перастараўся з завучваннем нумара — і ў выніку яго рухі, жэсты і міміка падаваліся штучнымі, а выступоўца нагадваў механічную цацку. Галоўная ж заўвага (са мной, гледачом, у гэтым згодныя эксперты) тычыцца рэпертуару. На жаль, агульная карцінка атрымалася не такой стракатай і багатай на навінкі, як хацелася б. Да прыкладу, “Чырвоная ружа” Уладзіміра Мулявіна прагучала двойчы ад розных удзельнікаў. “Хацелася б большай стылістычнай разнастайнасці”, — мяркуе член журы, мастацкі кіраўнік ансамбля “Песняры” Раман Козыраў. Пры гэтым некаторыя ўдзельнікі адважыліся нават выступіць з уласнымі творамі. Так публіка пачула даволі цікавую песню “Хмаркі” на словы Францішка Багушэвіча. І зварот маладых аўтараў да гэтых радкоў не можа не радаваць. Значыць, успрымаюць “Маладзечна” не проста як магчымасць прабіцца на вялікую сцэну, але і падзяляюць галоўную мэту фестывалю — прапаганду нацыянальных каштоўнасцей.
— Менавіта на гэтым конкурсе поспех выканаўцы прадыктаваны ў большай ступені якасцю яго рэпертуару, а таксама музычным інтэлектам. Ён прысутнічае не ва ўсіх. І мне падаецца, што людзі з музычным інтэлектам і добрым рэпертуарам атрымалі вартую ацэнку, — дзеліцца ўражаннямі член журы, старшыня Беларускага саюза кампазітараў Алена Атрашкевіч. — Недзе энергіі ад удзельнікаў было многа, калі экспрэсія амаль пераходзіла ў агрэсію, недзе энергіі, наадварот, не хапала. Як знайсці залатую сярэдзіну? Дадам, што ў некаторых артыстаў былі элементы імправізацыі, на што не кожны пойдзе. Для гэтага трэба быць на перспектыву майстрам.
Па выніках двух тураў (выступленне пад фанаграму мінус і ў суправаджэнні аркестра) Гран-пры і крыштальную гітару — спецыяльны прыз Уладзіміра Мулявіна — атрымала Ганна Рыбакова. 24-гадовая спявачка скарыла конкурс з другой спробы: летась атрымаць прызавое месца не пашчасціла. Год да цяперашняга спаборніцтва пайшоў на ўдасканаленне майстэрства і пошук конкурсных кампазіцый, якія раскрылі б вакальныя здольнасці. У выніку выбар спыніўся на песнях “Гора не бяда” з рэпертуару Ірыны Дарафеевай і “Закаханая” Юліі Быкавай і Яўгена Алейніка.
— Раней я ўжо спявала ў суправаджэнні ўніверсітэцкага аркестра, аднак выступленне на конкурсе — зусім іншая праца. Акампануюць музыканты з вялікай літары, што накладае большую адказнасць, — дзеліцца Ганна Рыбакова. — Мне вельмі спадабаўся фестываль, добрая атмасфера творчасці на рэпетыцыях. На сцэне я атрымала вялізны спектр эмоцый, атрымала асалоду, а далей будуць новыя конкурсы. Не планую спыняцца на цяперашніх дасягненнях.
Самір Ялчыеў — дыпламант І ступені
ПАМЯЦІ МАЭСТРА
Сёлета фестываль упершыню адбыўся без яго натхняльніка і аднаго з заснавальнікаў — Міхаіла Фінберга, які пайшоў з жыцця ў снежні 2021 года. Дарэчы, на фестывалі міністр культуры Анатолій Маркевіч паведаміў, што Нацыянальнаму акадэмічнаму канцэртнаму аркестру сімфанічнай і эстраднай музыкі плануюць надаць імя яго стваральніка. На творчым форуме не маглі не ўшанаваць памяць дырыжора. У кінатэатры “Радзіма” адбылася прэзентацыя дакументальнага фільма “Імправізацыя”, прысвечанага народнаму артысту (вытворчасць тэлеканала “Беларусь 3”).
— У назве мы адштурхоўваліся ад джазу, у якім без імправізацыі ніяк. І ў жыцці без яе не абысціся. Жыццё Міхаіла Фінберга таксама ў пэўнай ступені імправізацыя. Яго выганялі з музычнай школы, ён пяць разоў паступаў у музычнае вучылішча і ўсё роўна ішоў, — падзялілася кіраўнік творчай групы фільма і аўтар сцэнарыя Надзея Габец. — Мне цікавай падалася гэтая загадка: звычайны хлопчык з беднай сям’і трапляе ў вышэйшую лігу і становіцца асобай краіны, асобай эпохі.
Стваральнікі прызналіся публіцы, што імкнуліся стварыць фільм-эмоцыю. І гэта ім удалося. Дасягнуць гэтай мэты дазволіла выкарыстанне інтэрв’ю з сябрамі і калегамі, менавіта іх шчырыя аповеды зрабілі стужку жывой. 17 чалавек — маленькая частка тых, хто хацеў выступіць перад камерай са сваімі ўспамінамі пра Міхаіла Якаўлевіча.
Перад паказам фільма ў фае кінатэатра прэзентавалі невялічкую выставу памяці маэстра з афішамі і праграмкамі яго аркестра, фотаздымкамі, узнагародамі, дырыжорскімі палачкамі і калекцыяй канцэртных гальштукаў-бабачак.
ПРЫСВЯЧЭННЕ КЛАСІКАМ
Сёлета адзначаецца 140-годдзе Янкі Купалы і Якуба Коласа. Гэтую дату не абмінулі ўвагай на фестывалі: у Мінскім абласным краязнаўчым музеі адкрылі выставу “Песняры роднага краю”, якую складаюць прадметы з фондаў персанальных музеяў абодвух паэтаў. Наведвальнікі ўбачылі асобнік паэтычнага зборніка Якуба Коласа “Водгулле”, выдадзенага сто гадоў таму, і яго факсімільнае перавыданне. Вядома, на свяце песні не абысціся без “Сымона-музыкі”. У Маладзечна прывезлі розныя выданні паэмы і некалькі старонак аўтарскага рукапісу. Таксама дэманструюцца асабістыя рэчы паэта, якія рэдка пакідаюць мінскі музей. І сапраўдная перліна экспазіцыі — серыя графічных аркушаў Сямёна Геруса “Знаёмства з Якубам Коласам”, датаваная 1953—1956 гадамі. На 22-х алоўкавых малюнках захавана аблічча класіка ў розных жыццёвых абставінах: на пленумах, у кабінеце за працай, падчас адпачынку на Нарачы і нават у лечкамісіі. Некаторыя з аркушаў пазней паслужылі матэрыялам для стварэння партрэтаў песняра.
Пабачыць можна яшчэ адзін зборнік-юбіляр — Купалаву “Спадчыну”. Побач са стагадовым выданнем паказана сучаснае, прысвечанае толькі аднаму вершу “А хто там ідзе”, пераўвасобленаму на 101-й мове. Прадстаўлены таксама асабістыя рэчы паэта, яго жывапісныя, графічныя і скульптурныя партрэты. Дарэчы, даступная экспазіцыя не толькі падчас фестывалю: яна прадоўжыцца да 10 ліпеня.
НАРАДЖЭННЕ НОВАЙ ТРАДЫЦЫІ
У дні фестывалю маладзечанскі касцёл Святога Юзафа другі раз прыняў канцэрт “Музыка беларускіх кампазітараў — пакаленню ХХІ стагоддзя”. Гэта частка пачатага летась аднайменнага праекта Беларускага саюза кампазітараў. Яго задача — папулярызацыя харавых твораў сучасных айчынных аўтараў, развіццё традыцый харавога выканальніцтва праз канцэрты, майстар-класы, практыкумы. Дарэчы, імпрэзы прымаюць не толькі сталічныя ўстановы, праект ахапіў таксама Ракаў, Бабруйск, Гомель і іншыя мясціны. Летась арганізатары пайшлі далей і выпусцілі для прафесійных, аматарскіх і вучэбных хароў зборнік твораў, якія прагучалі на канцэртах.
Рухавіком праекта можна назваць харавы ансамбль “Concertino” пад кіраўніцтвам Аляксея Снітко. Сёлета на маладзечанскім канцэрце да яго далучыліся хор Мінскага дзяржаўнага музычнага каледжа імя Глінкі і струнны ансамбль “Амелія” Маладзечанскага музычнага каледжа імя Агінскага, а таксама салісты Вялікага тэатра Беларусі Анастасія Масквіна, Ніна Шарубіна, Уладзімір Громаў і Дзмітрый Шабеця. У іх выкананні прагучалі творы Ігара Лучанка, Аліны Безянсон, Віктара Кісценя, Алега Хадоскі, Эдуарда Ханка, Алены Атрашкевіч і іншых кампазітараў. Некаторыя аўтары прадставілі работы адмыслова для канцэрта, дапрацавалі аранжыроўкі. Безумоўна, праект “Музыка беларускіх кампазітараў — пакаленню ХХІ стагоддзя” выдатна дапоўніў святочную праграму. І прыемна назіраць, як нараджаецца новая фестывальная традыцыя.