Бясспрэчна, дзяржава клапоціцца аб захаванні і аднаўленні гісторыка-культурнай спадчыны. Працягваецца рэканструкцыя Спаса-Праабражэнскай царквы ў Полацку, рэстаўрацыя комплексу былога калегіума езуітаў у Юравічах, палацава-паркавага ансамбля ў Жылічах і іншых аб’ектаў. Аднак ахапіць увагай кожны помнік немагчыма, усё ж трэба расстаўляць прыярытэты. Як правіла, перавага аддаецца аб’ектам агульнанацыянальнага значэння, а што тычыцца менш вядомых, тут надзея на прыватную ініцыятыву. І не кожнаму закінутаму будынку пашанцуе на бескарыслівага рупліўца. Натуральна, чалавек разлічвае ў будучыні атрымаць прыбытак, калі выдаткоўвае грошы і сілы на рэанімацыю гістарычнага аб’екта. І часам паўстае праблема: не кожны архітэктурны помнік праз асаблівасці планіроўкі або праз месцазнаходжанне можна прыстасаваць пад камерцыйную дзейнасць. А між тым менавіта наданне новых функцый бывае апошнім шанцам. Практыка прыстасавання помнікаў культуры актыўна пашыраная ў Еўропе. Найбольш глыбокае перапрафіляванне там перажываюць індустрыяльныя аб’екты, а сярод самых незвычайных рашэнняў можна назваць гатэлі ў будынках былых турмаў. Перапрафіліраванне выкарыстоўваецца і ў беларускай практыцы. Такі падыход дапамагае ратаваць гістарычныя будынкі ад заняпаду.
Былы бровар у Лошыцкай сядзібе
ВЯСЕЛЛЕ НА БРОВАРЫ
Лошыцкая сядзіба, як вядома, дасягнула росквіту пры Яўстафіі Любанскім, які валодаў маёнткам з 1884 да 1913 года. Яна стала адной з найлепшых губернскіх гаспадарак і цэнтрам свецкага жыцця. Так у канцы ХІХ стагоддзя Любанскі ўдасканальвае бровар, дабудоўвае да яго вялікі спіртаачышчальны цэх. Тады і сфарміраваўся канчатковы выгляд вінакурні, якая сёння лічыцца помнікам беларускай прамысловай архітэктуры. Доўгі час былая вінакурня стаяла без справы. Яе спрабавалі прадаць на аўкцыёне, але так і не знайшлі пакупніка. У выніку за ажыўленне аб’екта вырашылі ўзяцца гарадскія ўлады — за кошт бюджэтных і пазабюджэтных сродкаў.
Праект рэканструкцыі былога бровара ў Лошыцы
Паводле канцэпцыі, будынкі атрымаюць новыя функцыі: у галоўным размесцяцца Палац шлюбаў і аддзел ЗАГС Ленінскага раёна, а ў суседніх будуць працаваць салон пракату вясельных строяў, кавярня, кветкавая крама, цырульня і кафэ з залай для фуршэтаў. Таксама запланавана добраўпарадкаванне тэрыторыі. Там з’явяцца амфітэатр і алея рэгістрацыі шлюбаў, лодачная прыстань. Характэрныя архітэктурныя асаблівасці былой вінакурні абяцаюць захаваць. Пачатак рэстаўрацыйных работ запланаваны на восень, а пакуль заказчык — прадпрыемства “Мінская спадчына” — шукае будучых арандатараў, якія паўдзельнічаюць у рамонце памяшканняў.
СЯДЗІБА ЗНОЎ ПРЫМЕ ГАСЦЕЙ
Таямніцай для мінчан была будучыня так званай Белай дачы ў Курасоўшчыне — помніка сядзібна-паркавай архітэктуры. Гэты загарадны дом на высокім узгорку ў другой палове ХІХ стагоддзя пабудаваў начальнік Лібава-Роменскай чыгункі Мікалай Ададураў. У савецкія часы сядзіба належала Інстытуту глебазнаўства, пазней там размяшчаўся Цэнтр беларускага фальклору, а з канца 1990-х гадоў аб’ект пуставаў. З 2016 яго спрабавалі прадаць на аўкцыёне, але новага гаспадара знайшлі толькі з чацвёртай спробы.
Белая дача ў працэсе аднаўлення. Чэрвень 2022 года.
Прыватная кампанія, якая набыла будынак, запланавала адкрыць культурна-асветніцкі цэнтр з музычнай гасцёўняй. Нарэшце ў 2020 годзе на аб’екце пачаліся работы. Тэрмін уводу ў эксплуатацыю пераносілі праз доўгі працэс архіўных пошукаў, абследаванняў будынка і ўзгадненняў дакументаў. Цяпер завершыць аднаўленне знешняга выгляду помніка і добраўпарадкаванне тэрыторыі абяцаюць да 3 ліпеня. Хутка будаўнікі прыступяць да ўнутранага аздаблення. Дарэчы, яно будзе ўяўляць сабой фантазію на гістарычную тэму, бо выяўленчых дакументаў з інтэр’ерамі Белай дачы не засталося. Знешні ж выгляд максімальна набліжаны да аўтэнтычнага. Да прыкладу, разабраны другі паверх (яго надбудавалі ў савецкія гады) і адноўлены фальцаваны дах, а ў афармленні экстэр’еру выкарыстаны такія ж матэрыялы, што і ў пачатку мінулага стагоддзя.
Працяг тэмы — у газеце "Культура" №23 ад 4 чэрвеня.