Праца з Полацкай Багародзіцай
Я чалавек не забабонны, але… Іншым разам здаецца, нібы некаторыя скарбы трапляюць табе ў рукі не таму, што ты іх шукаеш. Наадварот, гэта яны самі цябе адшукваюць. Прыкладам, такое было ў мяне адчуванне, калі ўдалося знайсці прывілеі на будаўніцтва Свята-Духавага манастыра ў Мінску 1613 года. Ладны час я не разумеў, што да мяне патрапіла: ну, нейкія чарговыя пацямнелыя аркушы пергаменту... Але потым стаў капаць глыбей — і выявілася, што гэта нацыянальная рэліквія, якую да мяне не даводзілася трымаць у руках нікому з сучасных гісторыкаў.
Папярэдне я ўжо ведаў, што архіў уніяцкіх мітрапалітаў, які змяшчаў той дакумент, яшчэ да рэвалюцыі быў перавезены з Мінскага Свята-Духавага манастыра ў Пінск. Што было з ім далей? Тут сляды губляюцца. Але потым “ліхія” 90-я паднялі цэлы пласт рарытэтаў, якія раней тоіліся на дне. Трэба было ў той каламутнай вадзе лавіць тое, што мае вялікую каштоўнасць для нашай культуры.
Я бачыў часы зараджэння беларускага антыкварнага рынку — ды што там, у меру магчымасцей і ўдзельнічаў у яго стварэнні. Назіраў, як з’яўляюцца першыя ручаінкі — куды менш магутныя, чым у Маскве або Кіеве. І калі там людзі ўжо спакваля будавалі катэджы, тут унікальныя абразы можна было набыць за сто савецкіх рублёў. Адзін італьянскі калекцыянер нават адкрыў недзе пад Неапалем музей ікон пераважна веткаўскай школы. Зрэшты, іншы раз думаю: добра, што яны зберагліся. Кожная выратаваная і адрэстаўраваная ікона — гэта ўжо выдатна. І не заўсёды мы ведаем, які яе чакае шлях. Іконы часам самі яго знаходзяць.
І вось недзе напрыканцы 90-х мне трапіўся стары абраз, чыю вартасць я адразу ацаніць, прызнацца, не здолеў. У Маскве мне яго паказаў калега: ён ведаў, што набываў пераважна іконы ў стане, далёкім ад ідэальнага.
Гэты абраз таксама патрабаваў рэстаўрацыі. Найперш аблічча: хітон і амафоры былі ў добрым стане, асістоўка залатая збераглася. Прызнацца, на самым пачатку ён мяне не асабліва зацікавіў: тады я не разумеў, што гэтая святыня мае дачыненне да Беларусі. Я нават меў намер прапанаваць яго на продаж іншым калекцыянерам. Але зацікаўленых пакупнікоў не знайшлося. Так ён у мяне і застаўся. Стаяў у суседнім пакоі.
І вось аднойчы з самага ранку да мяне завітаў рэстаўратар, які шчыльна супрацоўнічаў з Беларускай праваслаўнай царквой. Пабачыў гэты абраз — і ажно ўстрапянуўся. Кажа, маўляў, бяры яго з сабою, хутчэй пойдзем у Епархіяльнае ўпраўленне. І тэлефануе Уладыку Філарэту, каб яго папярэдзіць. Іерарх такому ранняму візіту трохі здзівіўся. Памятаю, глядзіць на нас пільна, расчэсвае бараду… Але калі пабачыў ікону, усе пытанні ў яго адпалі самі сабою. Я адразу зразумеў: мітрапаліт ведае пра гэты рарытэт куды больш за мяне!
Паводле адной з легенд, Святая Ефрасіння атрымала ікону Божай Маці ў падарунак ад візантыйскага імператара. З таго часу яна захоўвалася ў Полацку. Але падчас Лівонскай вайны, калі туды набліжаліся войскі Івана Жахлівага, манахі цішком вывезлі абраз у невялічкі гарадок Таропец (цяпер ён у Цвярской вобласці). Аднак праз нейкі час цар займеў намер наведацца і туды — пасля "усмирения" Вялікага Ноўгарада. Тарапчане разумелі, чаго ад гэтага можна чакаць, і галоўную ў сваім горадзе рэліквію вырашылі схаваць. А каб Іван нічога не западозрыў, нейкаму іканапісцу (пэўна, найлепшаму майстру ў ваколіцах) замовілі стварэнне спіса гэтай іконы — лічы, падробкі.
Але цар са сваімі апрычнікамі дайшоў толькі да Пскова. Там яму бажаволак сунуў у пост кавалак сырога мяса, і намёк Іван Жахлівы зразумеў. Будучы чалавекам забабонным, ён тут жа вяртаецца ў Маскву. Так у Таропцы апынуліся два аднолькавыя абразы.
Пасля ўсталявання савецкай улады арыгінал патрапіў у Рускі музей і лічыцца рэліквіяй нацыянальнага маштабу. А пра лёс спісу сярэдзіны XVI стагоддзя доўгі час нічога не было вядома. Хіба тое, што пасля закрыцця сабору ікону забрала нейкая прыхаджанка — ну а далей сляды губляюцца.
І вось абраз нечаканым чынам раптам усплыў — ды воляй лёсу патрапіў у мае рукі. Зрэшты, сітуацыя не такая і дзіўная. Не раз я сутыкаўся з тым, што, разграбаючы куфры на гарышчах сваіх бабуль, унукі нават і прыблізна не маюць уяўлення, якія рарытэты там захоўваюцца.
Праз нейкі час Уладыка Філарэт мяне выклікаў, мы шчыра гутарылі ў яго кабінеце болей за гадзіну. Усё пераказваць не буду. Скажу толькі, што ён успрыняў сітуацыю як своеасаблівы знак. Рыхтавалася вялікая ўрачыстасць — угодкі перанясення мошчаў Святой Ефрасінні з Кіева ў Полацк. І вяртанне да яе на радзіму іконы, якая мае да нашай асветніцы хоць ускоснае, але дачыненне выглядала нечым вельмі сімвалічным. Ды я і сам згодны, што гэткія супадзенні проста так не здараюцца. І прыняў рашэнне падарыць абраз царкве. Болей за тое — узяўся за яго рэстаўрацыю, за што атрымаў ад Праваслаўнай царквы ордэн Святой Ефрасінні.
Праўда, аднойчы Уладыка мне шапнуў, каб я пакуль нікому не казаў, што гэтая рэліквія ў мяне. Потым я зразумеў чаму. Праз нейкі час мы паехалі ў Таропец з невялікай праваслаўнай дэлегацыяй (пра тое, што я каталік, нікому не казаў, каб не ўзбуджаць непатрэбныя дыскусіі). Мясцовы бацюшка распавёў нам гісторыю абраза. І кажа: “На арыгінал, які ў Рускім музеі, мы нават не разлічваем. Але нашы дабрадзеі — а людзі гэта вельмі сур’ёзныя — гатовыя нават копію выкупіць за любыя грошы, ажно дзесяць мільёнаў долараў прапануюць”. Усе адразу моўчкі на мяне паглядзелі. Але я прытомнасць не страціў. Дасюль дзякую Богу, што ікона трапіла ў Беларусь і знайшла сваё месца ў Полацкім Крыжаўзвіжанскім храме, ля мошчаў Ефрасінні. Засталося мне яшчэ хіба яе срэбныя шаты адрэстаўраваць. Пакуль на гэта сродкаў няма, але веру, што ўсяму прыйдзе свой час.
Фрагмент палескага абраза Святой Барбары
Я дбайна вывучаў Бацічэлі — спярша ў тэорыі ў нашым Тэатральна-мастацкім, а потым і арыгіналы давялося пабачыць у Мюнхене ды Парыжы. Ведаю сёе-тое і пра беларускі іканапіс. Таму міжволі знаходжу нейкія агульныя рысы — тыя ж адмысловыя тэхнічныя прыёмы. Прыкладам, адмысловая фарбавая падкладка, якая называлася імпрыматура, была вядомая нашым іканапісцам Гродна і Нясвіжа яшчэ ў XVII стагоддзі!
Самы стары палескі абраз у маёй калекцыі датаваны 1794 годам. На жаль, народнай іконы ўвогуле вельмі мала захавалася, і пераважна ўзоры трапляюцца пазнейшага часу. З той простай прычыны, што мы не надта гэты феномен цанілі. Быў час, калі такія “некананічныя” іконы можна было купіць за 10-20 долараў. Тады я аснову сваёй палескай калекцыі і заклаў.
Дык вось, той абраз Хрыста Уваскрослага я адразу назваў для сябе “Джота”. Тое непаўторнае спалучэнне глыбокага сіняга і сіены ці охры… Так, уплыў і Джота, і Тыцыяна цалкам можна знайсці ў палескай іконе, створанай самавітымі народнымі майстрамі. Тая ж святая Барбара часта выяўленая як гэткая мажная венецыянка з кубкам і мячом. Але варта задацца пытаннем: чаму іканаграфічны вобраз гэтай раннехрысціянскай мучаніцы так часта сустракаецца менавіта на Палессі? Можа, з той прычыны, што яна ратавала ад раптоўнай смерці? А сярод дрыгвы такая пагроза заўсёды была актуальнай.
Ну вось вы спытаеце: адкуль тут узяўся Джота, калі ў Палессі яго ніхто бачыць не мог? Як распаўсюджвалася інфармацыя, калі не тое што інтэрнэту — нават альбомаў з каляровымі рэпрадукцыямі яшчэ не навучыліся рабіць? Як ні дзіўна, вельмі эфектыўна.
Ад Нясвіжа да Рыма — трохі болей за дзве тысячы кіламетраў. Калі ў дзень ты праходзіш недзе з паўсотні — можна падлічыць, колькі часу зойме шлях у адзін бок. Не так і шмат, у прынцыпе. А калі няма магчымасцей самому туды патрапіць, можна ж пераняць пэўныя навыкі або ў італьянцаў, якія працуюць тут, або ў тутэйшых майстроў, якія гэтыя сакрэты ўжо паспелі засвоіць.
Увесь свет для нас быў адкрыты, ды і нашае мастацтва было адкрытым для ўсяго свету. Задоўга да Пятра І. Мы нават не ўяўляем наколькі. Скажам, знакаміты “чорны” алтар у Будславе ствараў італьянец, якога запрасілі з Варшавы. У той самы час — у сярэдзіне XVII стагоддзя — падобны з’явіўся і ў знакамітай чанстахоўскай святыні. А карані гэтай тэхнікі — чорнае дрэва з золатам — наогул у Нюрнбергу. Бачыце, якія пакручастыя шляхі… Гэта цяпер мы здзіўляемся, што Скарына вучыўся ў Падуі. Тады ж такая вандроўка па асвету была ці не ў парадку рэчаў.
Працяг тэмы — у газеце "Культура" № 17 за 23 красавіка.