Праслухоўванні прэтэндэнтаў сталі апошнім часам максімальна празрыстымі: прамая тэлетрансляцыя, табло з адзнакамі, дзе бачны балы кожнага члена журы. Усё як на самім “Славянскім базары ў Віцебску”! Дакладней, на яго дарослым конкурсе, бо на дзіцячым ні прамежкавыя вынікі, ні агульную колькасць набраных галасоў не абвяшчаюць. У Палацы культуры “Орша” ў творчым плане было спякотна: нават на тэлеэкране было бачна, што энергетыка, спеўны запал, конкурсныя жарсці папросту зашкальвалі.
Прыемна назіраць, як падрыхтоўка юных і маладых выканаўцаў эстраднай песні становіцца ўсё больш дасканалай, аранжыроўкі —
прафесійнымі, а рэпертуар пашыраецца за кошт менавіта конкурсных кампазіцый. Удзельнікі клапоцяцца пра адпаведныя песням сцэнічныя строі, калі патрабуецца — пра добра пастаўленыя харэаграфічныя нумары. У выніку атрымліваецца трансляцыя не проста “працоўнага працэсу”, а добра складзенай канцэртнай праграмы з дадатковай конкурснай інтрыгай — зноў-такі, як на самім Міжнародным фестывалі мастацтваў, які сёлета будзе 31-м па ліку.
Як заўжды, кожны з фіналістаў спяваў дзве кампазіцыі: адну — нацыянальную (ці, у дарослым спаборніцтве, славянскую), другую — сусветны хіт. А вось колькасць членаў журы паболела і дайшла да лічбы 9 у дарослым спаборніцтве, што, па задуме арганізатараў, не магло не спрыяць як мага большай аб’ектыўнасці.
— Мы пачулі вельмі многа цікавых па тэмбры галасоў, — пракаментаваў праслухоўванні старшыня журы дарослага адбору, галоўны дырыжор Прэзідэнцкага аркестра Беларусі Віталь Кульбакоў. — Тая ж Маргарыта Шыбаева з Заслаўля працуе ў незвычайным мастацкім сегменце. Багаты патэнцыял у Ніколь Фургал, якая аказалася самай малодшай. Увогуле ў кожным з удзельнікаў я ўбачыў свае асаблівасці, якія трэба развіваць. Вядома, хтосьці пакуль быў слабейшы — не па голасе, а па падрыхтоўцы. У кагосьці лепей атрымалася першая песня, у кагосьці — другая. Хтосьці прадэманстраваў два аднапланавыя творы, а конкурсны рэпертуар павінен быць разнастайным. Камусьці не хапіла вытрымкі схаваць сваё расчараванне ўбачанымі баламі і застацца найперш артыстам, які павінен несці публіцы радасць, а не свой рэальны настрой, неадпаведны сцэнічнай сітуацыі. Але я не крывіў душой, калі абсалютна ўсіх запрасіў да супрацоўніцтва з нашым аркестрам — не дзесьці ў кулуарах, а са сцэны, у прамым эфіры. Дарэчы, з некаторымі мы ўжо сустракаліся: Аляксей Будзько ўдзельнічаў у канцэрце на Дзень пісьменства ў Капылі. Ганна Трубяцкая як фіналістка некалькіх рэзанансных тэлепраектаў літаральна месяц таму давала з нашым аркестрам сольны канцэрт “Слухаць сэрцам” у Малой зале Палаца Рэспублікі. На цяперашнім адборы яна перамагла з вялікім адрывам ад астатніх, бо гэта сапраўдны прафесіянал, які валодае не толькі мелізматыкай, але і публікай, добра разумее, што такое конкурсны рэпертуар і як лепей яго прыпаднесці. Пажадаем ёй поспеху на “Славянскім базары ў Віцебску”!
Тыя ж пажаданні атрымаў Елісей Касіч, які перамог у адборы на дзіцячы конкурс, апярэдзіўшы Сафію Рустамаву літаральна на некалькі балаў.
— Яны абодва былі маімі фаварытамі на гэтым праслухоўванні, — сказала старшыня журы, салістка Маладзёжнага тэатра эстрады, заслужаная артыстка Беларусі Жанэт. — Думкі членаў журы амаль супадалі, і з кожным новым удзельнікам мы пераконваліся, што цяперашнія канкурсанты былі адзін лепей за другога: іх узровень расце, і гэта выяўляецца ў выбары рэпертуару, вакальнай падрыхтоўцы. У такіх сітуацыях многае вырашае выпадак, насамрэч боская наканаванасць, бо ў кожнага свой лёс, і вытрымаць паразу — значыць стаць мацней, не страціць веру ў сябе. Пасля конкурсу мяне запыталі, ці не рабілі мы скідак на ўзрост, і я раптам усвядоміла, што ацэньвала канкурсантаў, як дарослых. Насамрэч, так і павінна быць: калі даеш дзецям пуцёўку ў жыццё, трэба рэальна ацэньваць іх магчымасці. У Елісея Касіча скарыла гармонія: музыкі, рэпертуару, голасу, харызмы. Ён як зачапіў, ледзь выйшаў на сцэну, дык адпусціў толькі тады, як песня скончылася. Не стамлюся паўтараць: падобныя конкурсы сведчаць, што ў нашай эстрады ёсць будучыня.