На пасяджэнне былі запрошаны кіраўнікі структурных падраздзяленняў Міністэрства культуры, устаноў адукацыі ў сферы культуры, начальнікі і намеснікі начальнікаў упраўленняў культуры выканаўчых камітэтаў абласцей краіны і Мінска, прадстаўнікі Цэнтральнага камітэта Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі. З асноўным дакладам выступіла начальнік аддзела ўстаноў адукацыі Міністэрства культуры Марына Юркевіч.
З дакладамі таксама выступілі першы сакратар ЦК БРСМ Аляксандр Лук’янаў, рэктар Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў Наталля Карчэўская, начальнік упраўлення культуры Магілёўскага абласнога выканаўчага камітэта Алег Стальмашок і дырэктар Рэспубліканскай гімназіі-каледжа пры Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі Аляксандр Палякоў.
На калегіі абмяркоўваліся якасць аду-
кацыі — як у плане арганізацыі навучальнага працэсу, так і выхаваўча-прафілактычнай работы, — сістэма сацыяльнай падтрымкі моладзі, пытанні выяўлення і падтрымкі таленавітай моладзі, мэтавай падрыхтоўкі кадраў, павышэння кваліфікацыі, другаснай занятасці моладзі ў вольны ад вучобы час, замацоўвальнасці маладых спецыялістаў ва ўстановах сферы культуры на працоўных месцах, узаемадзеяння ўстаноў адукацыі ў сферы культуры з БРСМ, фарміравання сярод моладзі здаровага ладу жыцця.
Як адзначыў міністр культуры Анатолій Маркевіч, работа па рэалізацыі дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі ў сферы культуры вядзецца сістэмна. Пытанне на калегіі было разгледжанае аб’ектыўна і па сутнасці. Тым не менш некаторыя пазіцыі патрабуюць больш дэталёвага аналізу, таму па асобных напрамках яшчэ будуць праводзіцца працоўныя нарады.
Другое пытанне нарады была перанесена ў Нацыянальны мастацкі тэатр імя Я. Купалы. Тут журы на чале з Анатоліем Маркевічам прымалі прадстаўнікоў гарадоў, якія прэтэндавалі прыняць эстафету “Культурная сталіца 2023 года”. Дапамагалі стварыць святочную атмасферу ў зале артысты Маладзёжнага тэатра эстрады.
Прадстаўнікі шасці гарадоў пераконвалі аўдыторыю ў сваёй асаблівасці. Выступоўца ад Баранавічаў зрабіў упор на тым, што горад з’яўляецца буйным прамысловым цэнтрам і транспартным вузлом. Тут праходзяць фестывалі “Беларускія фанфары”, “Баранавіцкая вясна”, “Свята бульбы”, харавое свята “Галасы сяброўства”, джазавы фэст, тэатральны фэст-семінар “Паралельныя сусветы”. Гонар места — Баранавіцкі дзяржаўны ўніверсітэт.
Прадстаўнік Мозыра згадаў, што іх горад — сталіца Палесся, а значыць пэўным чынам кансалідуе ўсіх жыхароў рэгіёна. Тут старажытная гісторыя знаходзіцца па суседстве з сучаснасцю. У горадзе дзейнічаюць Цэнтр цыркавога мастацтва “Арэна”, бібліятэчная сістэма з 26 філіяламі, драматычны тэатр, музыкальны каледж.
Свіслацкі раён Гродзенскай вобласці, наступны намінант, — гэта кут, дзе палова плошчы — Белавежская пушча. Тут адбываецца “Свіслацкі кірмаш”, фэст “Гамоняць душы Беларусі”, свята “Разам адзіныя”. Таксама раён вядомы выпечкай “Бацькавай булкі”. Хлеб, які тут гатуюць, асабліва спадабаўся Прэзідэнту падчас яго візіту ў раён, і Аляксандр Рыгоравіч быў не супраць, каб развіваць гэты брэнд.
Шчучын прадставілі як скрыжаванне сямі дарог і цікавых гісторый, бо раней мноства магнатаў валодалі гэтай зямлёй. Калісьці горад прымаў і святкаваў Дзень беларускага пісьменства, абласныя “Дажынкі”, таму мае добрую матэрыяльную базу ўстаноў культуры і досвед правядзення мерапрыемстваў.
Прадстаўнікі Слуцка паказалі прысутным танцавальны нумар. У горада багатая гісторыя, першы ўспамін якога пачынаецца з “Аповесці мінулых гадоў”. Ён меў Магдэбургскае права, мануфактуру шоўкавых паясоў. У свой час гэтая зямля пад кіраўніцтвам княжны Анастасіі не скарылася татарам і стала адным з цэнтраў беларускага праваслаўя пры княжне Сафіі. У горадзе шмат старажытных будынкаў, ёсць музей. Горад забяспечаны ўсімі неабходнымі сучаснаму чалавеку ўстановамі культуры.
Прадстаўнікі Бялынічаў таксама паказалі канцэртны нумар. Раён вядомы знакамітай іконай Багародзіцы. У горадзе ёсць вялікі парк, дзе можна ладзіць мерапрыемствы. Тут нарадзіўся мастак Вітольд Бялыніцкі-Біруля, у гонар якога ёсць музей.
Журы звяртала ўвагу на захаванне раёнамі матэрыяльнай і нематэрыяльнай спадчыны, колькасці наведвальнікаў культурных устаноў. У выніку ў жорсткай канкурэнцыі статус “Культурная сталіца 2023 года” быў нададзены гораду Слуцку.