Якуб Колас — мудры народны мысляр, непераўзыдзены мастак слова. Разам з Янкам Купалам ён стаіць ля падмурка беларускай літаратуры, з’яўляецца выразнікам народных памкненняў, дум і пачуццяў, той асобай, якая спрыяла развіццю нацыянальнай культуры і станаўленню беларускай літаратурнай мовы.
Пяць дзясяткаў гадоў працаваў Пясняр на ніве нацыянальнай культуры, змагаўся за адраджэнне роднага краю. Яго паэмы, вершы, апавяданні, п’есы ўспрымаюцца сёння як арганічныя часткі вялікага мастацкага палатна, на якім адлюстравана жыццё беларускага народа.
Творчасць Якуба Коласа — невычэрпная крыніца тэм для жывапісцаў і скульптараў, майстроў кніжнай і станковай графікі. Прываблівае мастакоў і сама асоба Якуба Коласа — чалавека, які так шчыра клапаціўся аб лёсе краіны і роднай беларускай мовы. Якім бачылі класіка жывапісцы розных гадоў, можна даведацца на часовай экспазіцыі “Якуб Колас у творчасці мастакоў”, што адкрылася ў Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеі Якуба Коласа. Выстаўка арганізавана сумесна з Нацыянальным мастацкім музеем Рэспублікі Беларусь, а таксама Дзяржаўным літаратурным музеем Янкі Купалы.
Неабходна нагадаць і пра цырымонію ўрачыстага адкрыцця часовай экспазіцыі. Удзел у ёй прыняў першы намеснік міністра культуры Рэспублікі Беларусь Валерый Іванавіч Грамада.
— 2022 год у нашай краіне абвешчаны Годам гістарычнай памяці. Сёлета пройдзе шмат мерапрыемстваў, якія павінны паказаць усяму свету, што Рэспубліка Беларусь — гэта моцная і незалежная дзяржава, якая мае сваю багатую гістарычную і духоўную спадчыну, — адзначыў Валерый Іванавіч. — Безумоўна, асобнае месца займае 140-годдзе з дня нараджэння Янкі Купалы і Якуба Коласа.
В.І. Грамада зачытаў прывітальны адрас міністра культуры Анатолія Мечыслававіча Маркевіча.
— Якуб Колас увайшоў у гісторыю айчыннай культуры і сусветнай літаратуры як пісьменнік самабытнага таленту, адзін з пачынальнікаў мастацкай прозы, аўтар шэдэўраў нацыянальнага лірычнага эпасу. Ён стаў сапраўдным узорам служэння Бацькаўшчыне, сімвалам велічы нацыі, яе жыццёвай моцы. З любоўю і павагай ставімся мы да ўсяго, што звязана з імем Песняра, — гаворыццца ў прывітальным адрасе.
Госці Дома Коласа сёння могуць адчуць сябе вандроўнікамі ў часе і прасторы. Дзевятнаццаць карцін з фондаў музея народнага паэта паказваюць нам класіка ў розныя перыяды яго жыцця. Напрыклад, часу яго юнацтва і маладосці прысвечаны творы Святаслава Федарэнкі “К. Міцкевіч з кнігай”, Валяр’яны Жолтак “У Люсінскай школе”, Уладзіміра Сулкоўскага “Якуб Колас у Мінскім астрозе”. Моцныя ўражанні выклікаюць палотны Ісаака Давідовіча “Якуб Колас на возеры Нарач”, Георгія Паплаўскага “Смутак і радасць мая”, Мікалая Кірэева “Якуб Колас у разбураным Мінску”, а таксама партрэты Коласа пэндзля Леаніда Шчамялёва, на якіх пісьменнік паказаны сталым, разважным і мудрым.
ПЕРЛІНЫ КАЛЕКЦЫЙ
Амаль сто гадоў аддзяляе нас ад таго часу, калі сусветна вядомы творца Якаў Кругер напісаў прыжыццёвы партрэт Якуба Коласа. Малады пісьменнік, апрануты ў простую салдацкую гімнасцёрку, паказаны на фоне тыповага сельскага пейзажу — аўтар палатна падкрэслівае, што вытокі коласаўскай лірыкі ў народным жыцці. Мастаку цудоўна ўдалося перадаць цвёрды характар Коласа і сталасць яго творчай думкі — мастак зрабіў акцэнт на ўважлівым, пранізлівым позірку паэта ды моцна сціснутых яго вуснах. Сёння карціна з’яўляецца гісторыка-культурнай каштоўнасцю Беларусі рэспубліканскага значэння і перададзена на выстаўку з фондаў Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы.
Як сведчаць успаміны вядомага мастака Зянона Паўлоўскага, партрэт Якуба Коласа ён напісаў, калі вучыўся ў Маскоўскім дзяржаўным мастацкім інстытуце імя Сурыкава. Зянон Станіслававіч пазнаёміўся з Якубам Коласам у 1940 годзе ў Маскве на кватэры паэта Сяргея Гарадзецкага і прапанаваў папазіраваць для партрэта. У той час Колас прыехаў у сталіцу СССР, каб прыняць удзел у дэкадзе беларускага мастацтва. Працаваць пачалі ў нумары гасцініцы “Масква”, дзе ўладкаваўся класік. Аднойчы, перарваўшы пазіраванне, Колас сеў пісаць тэрміновы ліст. А мастак, каб не марнаваць часу, вырашыў на скрынцы для фарбаў напісаць другі партрэт Коласа — за працай. У фондах музея Якуба Коласа, акрамя гэтай карціны, захоўваецца і рэдкі фотапартрэт Песняра, які ён падараваў мастаку Паўлоўскаму. На адвароце ёсць аўтограф: “3.С. Паўлоўскаму. Я. Колас. 18.VI.1940 г. Масква”.
Яшчэ адна карціна пэндзля Паўлоўскага заслугоўвае ўвагі — “Якуб Колас і Янка Купала гуляюць у шахматы” (з фондаў музея Янкі Купалы). Створана яна была ў 1945 годзе. Мастак, як быццам фотакамерай, выхапіў момант, калі абодва класікі змагаюцца ў шахматы, і перавага яўна на баку Купалы. Ён лагодна пасміхаецца, гледзячы на свайго сябра, а той разважае над наступным ходам. Купала з Коласам любілі пазмагацца за перамогу ў шахматных баталіях, за гульнёй жартавалi, трохi кпiлi адзiн з аднаго, але вельмі добразычлiва і паважліва, таму гэта толькi замацоўвала сардэчныя стасункі. Купала часам зазначаў з добрай усмешкай: “Каласочак, мне так добра з табой маўчыцца!”
Шасцю гадамі раней, у 1939-м, Колас з Купалам накіраваліся ў Кіеў для ўдзелу ва ўрачыстасцях, прысвечаных 125-годдзю з дня нараджэння Тараса Шаўчэнкі. У адзін з дзён абодва паэты адправіліся ў падарожжа па Дняпры да магілы Кабзара. Тады ж адзін з фатографаў зрабіў здымак пісьменнікаў, якія сядзелі на палубе парахода. Фотакартачка была падаравана Якубу Коласу да 40-годдзя літаратурнай дзейнасці музеем Купалы. На падставе памятнага здымка мастак З. Паўлоўскі у 1959 годзе стварыў карціну “Падарожжа па Дняпры”.
Сярод іншых, Якубу Коласу падабалася творчасць мастака Валянціна Волкава. У лісце да мастацтвазнаўца Антона Уса 20 лютага 1955 года Якуб Колас пісаў: “Ты не зусім справядліва абураешся нашымі мастакамі. Сярод іх ёсць і таленавітыя, як, скажам, Волкавы — бацька і сын”. Варта згадаць, што яшчэ ў 1928 і 1936 гадах Валянцін Волкаў ілюстраваў кнігі Коласа “Як пеўнік курачку ратаваў” і “Савось-распуснік”. А ў 1959 годзе напісаў партрэт паэта, які на часовую экспазіцыю ў Дом-музей Якуба Коласа прадставіў Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь. На карціне мы бачым Песняра перыяду 1950-х. Стрыманасць і строгасць фарбаў дае магчымасць засяродзіць увагу наведвальнікаў выстаўкі на твары пісьменніка, на яго позірку — глыбокім, вострым. Мастак здолеў перадаць не толькі знешняе падабенства, але і выявіць характар, паказаць Коласа як чалавека з багатым жыццёвым вопытам, удумлівага, інтэлектуальнага.
Гледзячы на партрэты Якуба Коласа, міжволі ўспамінаеш яго пажаданне, адрасаванае нам, нашчадкам: “Жывіце даўжэй, хлопцы! Дагледзьце на свае вочы ўсё, чаго не давялося мне, і заўсёды помніце: хай кожны дзень ваш сябруе ці з пачаткам, ці з заканчэннем якой-небудзь справы”.
Вольга НАВАЖЫЛАВА, загадчык навукова-асветніцкага аддзела Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа
Фота аўтара