Семінар прайшоў з удзелам выкладчыкаў і супрацоўнікаў, якія з’яўляюцца рэжысёрамі культурных мерапрыемстваў. Начальнік галоўнага ўпраўлення дзяржаўных спецыяльных культурных мерапрыемстваў і прафесійнага мастацтва Міністэрства культуры Ірына Дрыга ў сваім прывітальным слове да ўдзельнікаў семінару распавяла аб сучасных падыходах да правядзення мерапрыемстваў такога кшталту рэспубліканскага і міжнароднага ўзроўню.
Сваім досведам, прафесійнымі сакрэтамі поспеху і прыкладамі ўдала рэалізаваных праектаў падрыхтоўкі сцэнарыяў і пастаноўкі культурных праграм падзяліўся начальнік аддзела па арганізацыі канцэртных і творчых праектаў БДУКіМ, рэжысёр-пастаноўшчык Аляксандр Вавілаў. Мастак-пастаноўшчык Юрый Барысевіч выступіў з дакладам аб распрацоўцы эскізаў мастацкага афармлення месцаў правядзення дзяржаўных спецыяльных культурных мерапрыемстваў, а рэжысёр відэакантэнту Лілія Шкарупа распавяла аб асаблівасцях іх сцэнаграфіі і відэаафармлення. Намеснік дырэктара па тэхнічных пытаннях Палаца Рэспублікі Андрэй Лебедзеў падзяліўся досведам забеспячэння бяспекі мантажу і эксплуатацыі элементаў мастацкага афармлення і абсталявання, якія выкарыстоўваюцца падчас мерапрыемстваў.
Акрамя тэарэтычнай часткі, прайшлі практычныя заняткі з наведваннем месцаў правядзення рэспубліканскіх і міжнародных дзяржаўных спецыяльных культурных мерапрыемстваў, дзе ўдзельнікі семінара змаглі азнаёміцца з тэхнічнымі магчымасцямі гэтых пляцовак, сярод якіх - Палац Рэспублікі, плошча Перамогі, плошча Дзяржаўнага сцяга, пляцоўкі ля культурна-спартыўнага комплексу “Мінск-арэна” і ля абеліска “Мінск — горад-герой”. Завяршыўся семінар экскурсіяй для ўдзельнікаў па Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны.