Будучая беларуская сталіца, як вядома, упершыню была згаданая ў летапісах у сувязі з бітвай на Нямізе, што адбылася ў 1067 годзе, таму сёлета наш горад налічвае ўжо 955 гадоў уласнай гісторыі. Мерапрыемства прайшло ў фармаце лекцыі з удзелам шэрагу экспертаў, якія распавялі аб перыядзе XVI-XVIII стагоддзяў, калі Мінск жыў паводле нормаў Магдэбургскага права, што было нададзена гораду 14 сакавіка 1499 года.
Тэрмінам “Магдэбургскае права” абазначаецца сістэма прававых норм, якая склалася ў ХІІ-ХІІІ стагоддзях у нямецкім горадзе Магдэбургу, а пасля шырока распаўсюдзілася ў розных краінах Еўропы, у тым ліку і ў Вялікім Княстве Літоўскім, у складзе якога ў той час знаходзіўся Мінск. Нормы Магдэбургскага права рэгулявалі дзейнасць гарадской улады, арганізацыю судаводства, пытанні ўласнасці, гандлю і рамесніцтва, дзейнасць прафесійных цэхаў і купецкіх гільдый, парадак падаткаабкладання.
Жыхары гарадоў, надзеленых Магдэбургскім правам, атрымлівалі дазвол на самакіраванне і вызваляліся ад значнай часткі феадальных павіннасцей, атрымліваючы пэўную грамадска-палітычную і эканамічную незалежнасць. Выбарным органам, які кіраваў гарадскім жыццём, быў магістрат, які засядаў у ратушы, таму месца, абранае для правядзення лекцыі, цалкам адпавядала яе тэме.
ХРОНІКІ САМАКІРАВАННЯ
Малодшы навуковы супрацоўнік аддзела спецыяльных гістарычных даследаванняў Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Надзея Палтаржыцкая распавяла аб структуры і дзейнасці галоўнага органа самакіравання, які загадваў усімі сферамі гарадскога жыцця ў адпаведнасці з Магдэбургскім правам, — мінскага магістрата, абапіраючыся на яго дакументы XVII-XVIII стагоддзяў — магістрацкія кнігі. Менавіта з тых часоў паходзяць першыя дакументы гэтага кшталту па гісторыі Мінска, якія захаваліся да нашых дзён і сёння знаходзяцца ў Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі.
Гэта вельмі цікавыя гістарычныя крыніцы, якія могуць багата распавесці аб падзеях свайго часу. Як вядома, XVII стагоддзе ў гісторыі нашага горада і краю было, на жаль, багатае на войны. Трагічныя абставіны, звязаныя з ваеннымі падзеямі, знайшлі сваё адлюстраванне і ў магістрацкіх кнігах, якія змяшчаюць тэстаменты (запаветы) мінскіх мяшчан, дакументы аб продажы маёмасці і зямлі, якую часта прадавалі праз уцёкі з горада падчас вайны альбо праз страту карміцеля.
Загадчык аддзела спецыяльных гістарычных даследаванняў Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Аляксандр Доўнар распавёў аб радзе мужоў гмінных — малавядомым органе яшчэ адной галіны гарадской улады, што таксама, як і магістрат, засядаў у ратушы. У Мінску рада мужоў гмінных была створаная на просьбу гараджан у 1613 годзе для кантролю над магістратам і яго фінансавай дзейнасцю.
НЯБЕСНЫЯ ЗАСТУПНІКІ
Старшы навуковы супрацоўнік аддзела гісторыі Беларусі ХІ-ХVIII стагоддзяў Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Алег Дзярновіч распавёў пра нябесных апекуноў магдэбургскага Мінска — святых, якія лічыліся заступнікамі горада ў ліхія часы. Як вядома, на гербе Мінска, нададзеным гораду ў 1591 годзе, выяўленая фігура Багародзіцы ў атачэнні анёлаў. Такі выбар сімвала горада, хутчэй за ўсё, звязаны менавіта з тым, што тут яшчэ з XVI стагоддзя шанаваўся абраз Маці Божай Мінскай, які, паводле падання, цудоўным чынам з’явіўся ў горадзе ў 1500 годзе, прыплыўшы нібыта супраць плыні ракі з Дняпра, куды ён быў кінуты татарамі-крымчакамі падчас набегу на Кіеў.
Лічыцца таксама, што туды абраз быў прывезены яшчэ хрысціцелем Русі князем Уладзімірам Кіеўскім, з Корсуні ў Крыме, якая тады ўваходзіла ў склад Візантыі. Так ці іначай, абраз сапраўды мае адзнакі візантыйскага паходжання. Хаця ён і зведаў многія змены і неаднаразова перапісваўся, у 1990-я намаганнямі рэстаўратара Пятра Журбея найбольш грубыя запісы ўдалося зняць. Сёння абраз знаходзіцца ў Кафедральным саборы Сашэсця Святога Духа і карыстаецца вялікай увагай і пашанай вернікаў.
Калі праваслаўныя вернікі лічылі галоўнай нябеснай апякункай горада Маці Божую, то ў мінскіх каталікоў у XVIII стагоддзі з’явіўся свой заступнік. У 1700 годзе будучы мінскі ваявода Крыштаф Станіслаў Завіша наведаў Рым, дзе папа Клімент XI яму падарыў мошчы святога Феліцыяна. У Мінску яны былі размешчаныя ў адмыслова збудаванай капліцы пры новаўзведзеным архікафедральным касцёле. Дзень памяці святога Феліцыяна, які прыпадае на 6 лютага, адзначаўся з тых часоў як гарадское свята.
АДРАДЖЭННЕ СІМВАЛА ВОЛЬНАСЦІ
Вядучы навуковы супрацоўнік Музея гісторыі горада Мінска, археолаг Сяргей Тарасаў падзяліўся ўспамінамі аб археалагічных даследаваннях архітэктурнага сімвала самакіравання, будынка, дзе праходзілі пасяджэнні магістрата — гарадской ратушы. Як вядома, упершыню ратуша згадваецца ў дакументах пад 1582 годам, хаця ёсць таксама звесткі, што мураваны будынак на гэтым месцы быў узведзены толькі ў 1600 годзе. Пазней яго некалькі разоў перабудоўвалі пасля пажараў і разбурэнняў: спачатку ў стылі барока, потым — класіцызму.
Звыклы для нас выгляд ратуша набыла ў 1744 годзе, пасля перабудовы паводле праекта гарадскога архітэктара Фёдара Крамера. Доўгі час тут знаходзіліся гарадскія магістрат і суд, пазней, у 1830-1840-я, — музычная школа і тэатр. Аднак у 1851 годзе было прынятае рашэнне разабраць будынак. Выканана яно было толькі ў 1857-м, прычым для работ па разборы сцен колішняга сімвала гарадскога самакіравання давялося задзейнічаць вязняў мінскага турэмнага замка.
У 1988 годзе на месцы ратушы, дзе ў той час размяшчаўся сквер, былі праведзеныя археалагічныя даследаванні, а ў 2002-м пачалося аднаўленне будынка ў выглядзе, набліжаным да гістарычнага; урачыстае адкрыццё яго адбылося ў 2004 годзе. Сёння тут дзейнічаюць экспазіцыі Музея гісторыі горада Мінска, прысвечаныя гісторыі гарадскога самакіравання, старадаўняй картаграфіі, а таксама гарадам-пабрацімам беларускай сталіцы.
ВОБРАЗ ХРАМА
Археолаг Ірына Ганецкая распавяла аб археалагічных даследаваннях царквы Святога Духа на плошчы Свабоды ў Верхнім горадзе. Гэты храм, узведзены да сярэдзіны XVII стагоддзя, быў агульным для жаночага і мужчынскага грэка-каталіцкіх манастыроў, якія размяшчаліся побач, абапал сённяшняй вуліцы Энгельса (дамы №№ 1 і 2 адпаведна). Падчас ваенных падзей другой паловы XVII стагоддзя царква ўжо актыўна выкарыстоўвалася ў якасці абарончага збудавання.
Пасля ўваходжання Мінска ў склад Расійскай імперыі храм быў перададзены праваслаўным і істотна перабудаваны пасля пажару, які здарыўся ў 1835 годзе. Ужо ў гады савецкай улады, у 1936 годзе, колішняя царква была зруйнаваная — як тлумачылася, для пашырэння плошчы, якая ў тыя часы была галоўнай у горадзе. Першыя археалагічныя даследаванні на месцы царквы распачаліся ў 1988 годзе, а апошнія адбыліся падчас адбудовы будынка ў 2009 годзе.
Найвялікшую каштоўнасць для даследчыкаў уяўляла крыпта-пахавальня ў сутарэннях храма, дзе хавалі святароў і найбольш заможных гараджан. Тут удалося адшукаць не толькі парэшткі пахаваных, але і элементы іх адзення. У 2011 годзе адбудова будынка колішняй царквы з аднаўленнем яе гістарычнага вобразу была завершаная, цяпер тут размяшчаецца канцэртная зала “Верхні горад”.
ВЯРТАННЕ З НЯБЫТУ
Як адзначыў у сваім заключным выступе спецыяліст па гістарычнай урбаністыцы Андрэй Кіштымаў, менавіта з часоў Магдэбургскага права бярэ свой пачатак асэнсаванне нашымі продкамі каштоўнасці статусу гарадскога жыхара, якое прывяло ў выніку да значнага ўзроўню ўрбанізаванасці нашай краіны.
Як бачым, гісторыя гарадскога самакіравання і змагання мінчукоў за ўласныя правы налічвае многія стагоддзі. Лёс сімвалаў гэтай барацьбы быў цяжкі і трагічны — як гарадская ратуша, так і многія мінскія храмы і найстарадаўнейшыя і найпрыгажэйшыя будынкі, што захоўвалі памяць аб важных падзеях мінуўшчыны, на працягу ўсёй гісторыі знішчаліся падчас войнаў альбо перабудоўваліся да непазнавальнасці.
Тым не менш спыніць хаду гісторыі немагчыма, і гістарычная справядлівасць рана ці позна аднаўляецца. Пра гэта сёння напамінаюць нам і адбудаваная мінская ратуша, і адроджаны вобраз Святадухаўскай царквы, якія былі вернутыя з нябыту ўжо ў сучаснай Беларусі. Хочацца верыць, што гістарычныя абрысы старога горада і ў будучыні будуць клапатліва захоўвацца і аднаўляцца на сталічных вуліцах, над якімі напамінам аб слаўных дасягненнях нашых продкаў гучыць сёння бой ратушнага гадзінніка.
Антон РУДАК