ПЕРШЫЯ ПЕРАШКОДЫ
Пасля заканчэння школы яна вырашыла паступаць у музычны каледж. Але на шляху да мары паўсталі дзве перашкоды. Па-першае, такі выбар дачкі не задавальняў бацькоў. Мама прасіла: “Ну, калі не хочаш у медінстытут, то паступай у Гомельскі дзяржуніверсітэт на спецыяльнасць “лясная гаспадарка”, — уздыхала і паўтарала: — У нас жа большасць сваякоў — медыкі. Мы спадзяваліся, што і ты працягнеш дынастыю”. Юля адказвала: “Я хачу працаваць у культуры! Буду ў нашым родзе першаадкрывальнікам!” Бацькі ўрэшце пагадзіліся.
Другая перашкода. Пасля заканчэння агульнаадукацыйнай школы Юля не паспявала скончыць музычную. Аднак і тут знайшлося рашэнне. Атрымала дазвол за адзін год прайсці два музычныя класы. У канцы навучальнага года здала выпускныя экзамены і ў музычнай, і ў агульнаадукацыйнай школе, паступіла ў Гомельскі дзяржаўны каледж мастацтваў імя Нестара Сакалоўскага на аддзяленне “культурна-забаўляльныя дзейнасць”. Вучылася, спасцігала асновы прафесіі, з радасцю спявала ў хоры.
ТОЛЬКІ ПАЗІТЫЎ
У 2017 годзе на размеркаванне ў каледжы Юля ішла першая. Абрала для сябе горад Светлагорск. Атрымала прызначэнне — кіраўнік народнага ансамбля народнай песні “Весялухі” Светлагорскага цэнтра народнай творчасці. Ансамбль быў створаны ў 1988 годзе Зінаідай Любімавай. У 1994-м ён стаў народным. Рэпертуар быў шырокі: стылізаваны фальклор, песні з рэпертуару вядомых выканаўцаў і розных музычных калектываў Беларусі.
Першыя крокі на пасадзе былі такімі: кіраўнік ансамбля імкнулася выбраць песні, якіх няма ў рэпертуары іншых народных калектываў раёна, і толькі тыя, што прыйшліся даспадобы ўсім спевакам. Гукааператар Анатоль Курскі робіць арыгінальныя аранжыроўкі для гэтых песень. Своеасаблівай візітоўкай калектыву можна назваць песню “Беларуская душа” і народную песню “Базар”. Часам на канцэртах гледачы падпяваюць.
Чаму менавіта “Весялухі”? Таму што ў рэпертуар ансамбля ўваходзяць толькі пазітыўныя песні, якія выклікаюць прыўзняты настрой у гледачоў, нясуць радасць. “Весялухі” бяруць удзел ва ўсіх масавых мерапрыемствах горада, з’яўляюцца частымі гасцямі аграгарадкоў і маланаселеных вёсак Светлагорскага раёна, выязджаюць на гастролі. Так, запомнілася паездка ў Польшчу ў Бельск Падляскі на міжнародны фестываль песні “Падляская нота” (2019), на якім занялі трэцяе месца.
Летась ансамбль запрасілі выступіць на рэспубліканскім “Фестывалі дзвюх рэк” у горадзе Докшыцы. У музычным суправаджэнні ўрачыстага тэатралізаванага шэсця “Дзве ракі збіраюць сяброў” выкарысталі песні ў выкананні ансамбля “Весялухі”. Арганізатары фестывалю запісалі іх падчас папярэдняга прыезду калектыву і цяпер выкарыстоўваюць гэтыя запісы пры правядзенні масавых мерапрыемстваў. “Весялухам” не шкада.
СА СВЕТЛАГОРСКА НЕ ПАЕДУ
Юлія Мікалаеўна спачатку планавала вярнуцца ў родныя Васілевічы, але паступова, што называецца, улілася ў калектыў, пасябравала з усімі. “У нас, у Цэнтры народнай творчасці пад кіраўніцтвам Ірыны Ясянецкай, сярод работнікаў пануе ўзаемаразуменне, мы як адна сям’я. Усе справы выконваем разам, дапамагаем адно аднаму, усе спяваем у ансамблі “Весялухі”, — адзначыла Юлія Чырык. — Цяпер я ўжо са Светлагорска не паеду”.
Галіна КАПЕЦКАЯ, Светлагорск