ЛЕЧЫЦЬ НЕ ТОЛЬКІ ЛЮДЗЕЙ
Валерый Уладзіміравіч у Беларусі жыве з 2003 года, а родам — з Пермскага краю, з горада Чусавы. Па прафесіі ён медык, працуе ў Ашмянскім цэнтры гігіены і эпідэміялогіі, а ў вольны час — лечыць... гадзіннікі. Больш за 90% прадстаўленых на выставе гадзіннікаў добра працуюць, хоць у рукі Валерыя Мядзведзева многія трапілі ў “цяжкім стане”. Калекцыянер, ён жа гадзіннікавы майстар, адзначыў, што на дадзены момант можа адрамантаваць практычна любы гадзіннік, абы былі запчасткі. “Я калекцыянер з невялікім вопытам. Да гэтай справы падышоў як рэстаўратар і гадзінны майстар. На збіранне калекцыі патраціў гадоў пяць-шэсць. Гэтай справай захапіўся пасля таго, як у адным старым закінутым доме знайшоў зламаны гадзіннік, — удакладніў Валерый Уладзіміравіч. — А яшчэ раней я пачаў займацца аднаўленнем старых радыёкропак. Тэма гучнагаварыцеляў мне таксама вельмі цікавая — гэта частка жыцця савецкага чалавека. Раней радыёкропкі былі ў кожным доме. Па радыё людзі слухалі навіны, розныя перадачы і спектаклі, звяралі свае гадзіннікі. У аддаленых населеных пунктах, куды не даходзілі хвалі для звычайнага радыёпрыёмніка, рабілі правадное радыё. Выкарыстоўваліся гучнагаварыцелі і як сродкі апавяшчэння ў грамадзянскай абароне. Самы стары ўзор радыёкропкі, які прадстаўлены на выставе, датуецца 1945 годам.
Асвоіўшы рамонт гучнагаварыцеляў, я вырашыў аднаўляць гадзіннікавыя механізмы. З дапамогай ведаў, атрыманых у Інтэрнэце, паспрабаваў адрамантаваць знаходку. І мяне гэты працэс так захапіў!”
“МАЯК”, “УЛАДЗІМІР”, “ВЯСНА”
У нашага героя рукі залатыя. З дзяцінства ён любіў працаваць з дрэвам, літаральна прападаў у школьнай майстэрні, дзе бацька вёў урокі працы. Пазней Валерый Уладзіміравіч стаў цудоўна рэстаўраваць мэблю. Нядзіўна, што, калі яму ў рукі патрапіў стары драўляны гадзіннік, ён вырашыў аднавіць яго знешні выгляд, а потым і да “сэрца” дабраўся.
“Калі я захапіўся гадзіннікамі, то не скупляў іх усе запар. На выставе няма і дарагіх, антыкварных экспанатаў. Усе яны былі даступныя па цане савецкім людзям. Праўда, ёсць некалькі, на мой погляд, унікальных экспанатаў, — адзначыў калекцыянер і распавёў аб калекцыі: — Усе знакамітыя ходзікі, “зязюлі” — вырабы Сярдобскага гадзіннікавага завода, якія выпускаліся пад маркай “Маяк”. Ёсць некалькі гадзіннікаў пад маркай “Уладзімір”, у тым ліку і так званыя сталінскія калоны з боем, а таксама шмат відаў гадзіннікаў пад маркай “Вясна” — усё пералічанае выпускалася на Уладзімірскім гадзіннікавым заводзе.
Калісьці гэтыя заводы квітнелі, славіліся не толькі на ўвесь Савецкі Саюз, але і на ўвесь свет. На жаль, не змаглі перажыць перабудову і перасталі працаваць.
Калі гаварыць пра гісторыю стварэння гадзіннікавай вытворчасці ў СССР, то варта прыгадаць 1929 год, калі ўрад СССР прыняў рашэнне аб стварэнні першага завода па вытворчасці гадзіннікаў у рамках праграмы першай пяцігодкі. Тады група савецкіх інжынераў змагла ў ЗША заключыць дамову з дзвюма гадзіннікавымі кампаніямі, якія разарыліся. У Маскву, дзе будаваліся карпусы першага і другога гадзіннікавых заводаў, пераехалі не толькі інжынерна-тэхнічныя работнікі, але перавезлі і дакументацыю, і тэхналагічную лінію. Гэтыя прадпрыемствы аж да вайны паспяхова працавалі. Выпускалі кішэнныя гадзіннікі для тых, хто больш за ўсё меў патрэбу ў іх, — вайскоўцаў, работнікаў транспарту і іншых. А потым на другім Маскоўскім гадзіннікавым заводзе сталі выпускаць розныя будзільнікі, настольныя гадзіннікі — даступныя па цане звычайнай савецкай сям’і.
У пачатку вайны частка Маскоўскага гадзіннікавага завода была перавезена ў Сярдобск, частка — у Златавуст Чэлябінскай вобласці. У 1950-х гадах тут сталі вырабляць унікальныя воданепранікальныя, супрацьударныя, падводныя гадзіннікі для вадалазаў ваенна-марскога флоту Савецкай Арміі. Дарэчы, дагэтуль завод працягвае жыць, у розныя кропкі свету пастаўляе легендарныя гадзіннікі для вадалазаў і дайвераў, а таксама розныя віды секундамераў”.
ЗАБЫТЫ БРЭНД
Валерый Уладзіміравіч звярнуў увагу на самы стары гадзіннік з яго калекцыі — ён з 60-х гадоў 19 стагоддзя. І тут жа распавёў гісторыю, звязаную з гэтым экспанатам: “У царскай Расіі не было гадзіннікавай прамысловасці, былі саматужныя майстэрні, якія выпускалі простыя гадзіннік з гірамі. Дэталі закуплялі ў асноўным у Германіі. Каштавалі яны танна, а гатовыя гадзіннікі — дорага. Таму ў царскай Расіі сталі з’яўляцца зборачныя гадзіннікавыя цэхі. У гэтай справе дабіліся поспеху не Масква і не Пецярбург, а сяло Шарапава, якое знаходзілася ў Звенігародскім павеце Маскоўскай губерні. Васіль Ільіч Платаў, які быў залатаром, па заканчэнні працоўнай дзейнасці вырашыў заняцца гадзіннікавай справай. Паступова гэтай вытворчасцю пачало займацца ўсё сяло. Шарапаўскі гадзіннік стаў вядомым брэндам”. Адзін з такіх гадзіннікаў прадстаўлены цяпер у смаргонскім музеі. У ім нават гадзіннікавы механізм, платы драўляныя, шасцярэнькі ўстаўлены ў драўляны корпус.
Людзі прыпісваюць гадзіннікам магічныя ўласцівасці. У некаторых народаў дарыць гадзіннік — дрэнная прыкмета. Што думае на гэты конт наш герой? Яго адказ такі: “Гадзіннікі, як і любыя іншыя прадметы, нясуць у сабе энергію мінулых гадоў і тых людзей, каму яны належалі. Як станоўчую, так і адмоўную. Таму нельга сказаць, што гадзіннік утрымлівае ў сабе толькі адмоўную энергію і здольны перадаваць яе людзям. Гэта забабоны. Я ў іх не веру. А калі чалавек верыць у добрае, светлае, то так яно і будзе”.
На адкрыцці выставы прысутнічалі жонка і сябры калекцыянера. “Калі Валерый Уладзіміравіч нырнуў у гэта гадзіннікавае мора ведаў і уменняў, мы думалі: як жа так, багацце, якім ён валодае, ніхто не бачыць! Але не паспелі мы азірнуцца — і вось ужо гадзіннікі цікаюць тут, у музеі, — адзначыла сяброўка сям’і Мядзведзевых, ідэйны натхняльнік выставы Наталля Гайдукевіч і пажадала: — Валерый Уладзіміравіч, хай пра ваша мастацтва, якое вы дорыце ўсім нам, даведаецца як мага
больш людзей”.
Галіна АНТОНАВА, Смаргонь