Тэатр эстрады “Капелька” быў створаны яшчэ ў далёкім 1994 годзе на базе Мірскага сельскага Дома культуры. Ужо праз чатыры гады калектыву было прысвоена ганаровае званне “ўзорнага”, а ў 2015 годзе — і “Заслужанага аматарскага калектыву”.
Па словах стваральніка калектыву і яго нязменнага кіраўніка Ларысы Довят, якая, дарэчы, з’яўляецца і пераможцам XI Рэспубліканскага конкурсу Беларускага саюза жанчын “Жанчына года — 2018”, у калектыве вырастаюць і расцвітаюць сапраўдныя эстрадныя зорачкі, імёны якіх гучаць не толькі на раённых сцэнах, але і на абласных, рэспубліканскіх і нават міжнародных фестывалях і конкурсах. Дзякуючы гэтаму пра Баранавіцкі раён цяпер ведаюць не толькі ў Беларусі, але і ў Расіі, Польшчы, Балгарыі, Украіне і Літве.
Тэатр эстрады з Міра мае і свае традыцыі. У яго рэпертуары — песні рускіх і беларускіх кампазітараў у эстраднай апрацоўцы, а таксама адметныя сусветныя хіты. Пры падрыхтоўцы канцэртных нумароў, акрамя вакальнага мастацтва, шмат увагі надаецца выканальніцкаму майстэрству, касцюміраванню, харэаграфіі. Амаль усе сцэнічныя нумары тэатралізаваныя. У творчых праектах, якія ствараюцца “Капелькай”, удзельнікі калектыву з’яўляюцца як выканаўцамі (вакалістамі, харэографамі, акцёрамі), так і аўтарамі шматлікіх праграм.
Да слова, многія выпускнікі ўзорнага тэатра эстрады “Капелька” працягваюць адукацыю ў творчых ВНУ краіны і ў будучыні звязваюць сваё жыццё са сцэнай. Так што можна з упэўненасцю сказаць, што сфера культуры Беларусі, дзякуючы “Капельцы”, жывіцца зусім не “кропляй”, а цэлым морам адметных і таленавітых эстрадных выканаўцаў, якія выходзяць з гэтага ўзорнага калектыву Мірскага СДК.