Навіну аб прысуджэнні ўзнагароды каманда, натуральна, успрыняла з радасцю і ўдзячнасцю. Пры гэтым высокую ацэнку ў арганізацыі не лічаць нагодай для фанабэрыі, бо працуюць не дзеля славы.
— Мы не задумваемся, як атрымаць выгаду ад дзейнасці. Галоўнае, каб ладзілася добрая справа, якой жывём, — дзеліцца памочніца кіраўніка фонду Святлана Казбанава. — Але, безумоўна, прэмія шмат значыць для нас. Гэта доказ таго, што калектыў рухаецца ў правільным кірунку і наша справа важная не толькі для тых, хто атрымаў адрасную дапамогу, але і для ўсёй краіны.
Перабольшыць заслугі фонду складана. Здаецца, на апеку можа разлічваць кожны, каму патрэбна дапамога — адшукаць месца працы чалавеку з інваліднасцю, сабраць грошы на рэабілітацыю ці нават проста падтрымаць цёплым словам. Апошняе заснавальнік фонду Аляксей Талай бярэ на сябе. Вопытны матывацыйны спікер зладзіў больш за паўтараста трэнінгаў для людзей, якія трапілі ў складаную сітуацыю, падзяліўся з імі прыкладам перамогі над праблемамі. З добрых спраў фонду варта звярнуць увагу на дапамогу дзецям Данбаса. Намаганнямі калектыву і пры падтрымцы кіраўніка дзяржавы дзясяткі хлопчыкаў і дзяўчынак пабывалі ў Беларусі. У верасні на рэабілітацыю і аздараўленне іх прынялі Рэспубліканская дзіцячая бальніца медыцынскай рэабілітацыі і нацыянальны дзіцячы цэнтр «Зубраня».
Летась фонд узяўся за новы кірунак працы — захаванне гістарычнай памяці — і запусціў агульнанацыянальны праект «Дзеці Беларусі — ветэранам і будучым пакаленням». Ён аб’яднаў тысячы школьнікаў з розных рэгіёнаў. Удзельнікі напісалі эсэ пра Вялікую Айчынную вайну, у якіх падзяліліся кранальнымі сямейнымі гісторыямі, далі ўласную ацэнку падзей 1940-х гадоў. Прачытаць дзіцячыя творы можна ў зборніку, выдадзеным па выніках праекта. Уражвае маштаб выдання: работы юных аўтараў занялі сорак пяць тамоў.
Таксама талакой фонд разлічвае ўсталяваць адразу ў трох гарадах — Мінску, Брэсце і Маскве — памятны знак «Жывая памяць удзячных пакаленняў». У яго мастацкім рашэнні скульптар Уладзімір Слабодчыкаў прапанаваў выкарыстаць вобразы франтавога трохкутніка і дрэва. Кампазіцыя будзе сімвалізаваць працяг жыцця насуперак няшчасцям і адлюстроўваць удзячнасць усім, хто набліжаў Перамогу. Прычыніцца да стварэння скульптуры можа кожны. Дастаткова сабраць старыя манеты і пакінуць іх у адмысловых шкляных колбах, якія неўзабаве з’явяцца ў мемарыяльным комплексе «Брэсцкая крэпасць-герой» і Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. Пазней старыя металічныя грошы дададуць у сплаў для адліўкі памятнага знака.
І цяпер у мясцовым дабрачынным фондзе імя Аляксея Талая бурліць праца. Па словах памочніцы кіраўніка Святланы Казбанавай, у офісе арганізацыі збіраюць і размяркоўваюць гуманітарную дапамогу для жыхароў усходніх раёнаў Украіны.
Данііл ШЭЙКА