Святочныя праграмы музея ладзяцца на базе выставы “Калядныя цуды”, якая знаёміць з зімовымі святочнымі традыцыямі нашых продкаў — як далёкіх, гэтак і адносна нядаўніх. Экспазіцыя пераносіць то ў традыцыйную сялянскую хату, то ў шляхецкі маёнтак, а то і ў паваенную мінскую кватэру з моднай на той час радыёлай. Асаблівую атмасферу ствараюць карціны на калядную тэматыку і, вядома, радкі класікаў.
І ўсё гэта ажывае дзякуючы аповеду гіда. Яна ўмее інтрыгаваць, правакаваць цікавасць, трымаць увагу… Падчас кароткай і зусім не сумнай экскурсіі дзятва даведваецца багата новых для сябе слоў: вігілія, куцця… урэшце, вінілавая кружэлка. І пэўная інфармацыя пра беларускія калядныя звычаі ў юных розумах, без сумневу, адкладзецца.
Але ж адным знаёмствам з даўнімі традыцыямі справа не абмяжоўваецца. Бадай, асноўная ідэя праграмы — засведчыць, што яны з часам развіваюцца і трансфармуюцца. І таму яна мае амбітны намер — пакласці пачатак новай традыцыі. Спярша дзеці разам з гідам прыдумляюць калядную казку, а потым кожны ўласнаручна стварае адмысловую скарбонку, куды хавае сваё патаемнае пажаданне. Такі творчы інтэрактыў малыя ўспрымаюць з імпэтам. Тым болей творца ў такім узросце — літаральна кожны першы.
Праграма “Калядныя цуды” разлічаная найперш на “арганізаваную” аўдыторыю. Нічога дрэннага ў такіх культпаходах я зусім не бачу — наадварот, гэта важная частка ненавязлівага, але эфектыўнага выхавання ў нацыянальным рэчышчы.
А вось на другую праграму — «Ой, каб калядак нядзель дзясятак…» — дзетак прыводзяць непасрэдна бацькі ды разам там водзяць карагоды. Атрымаўся цудоўны фармат сямейнай імпрэзы, вельмі ў наш час актуальны. У музей завітваюць калядоўшчыкі, чый гурт па дарозе трохі паменеў. Вакантныя месцы казы, мядзведзя і механошы займаюць дзеці з ліку прысутных. Усе ахвотна развучваюць калядныя песні — прычым аўтэнтычныя, а не стылізаваныя. Ды і гучаць яны па-народнаму, а не па-эстраднаму — ад чаго, дарэчы, зусім не губляюць зухаватасці.
Магчыма, нехта назаве такі падыход легкадумным, маўляў, трэба спярша назбіраць грунтоўны багаж ведаў, прасякнуцца традыцыяй, а не проста з ходу схопліваць тэкст і мелодыю. Але для сучаснага “паспалітага” гарадскога жыхара важна стварыць саму магчымасць спрычыніцца да фальклорных традыцый. А што да гульнявой формы… Дык калядаванне ўжо па сваёй сутнасці ёсць гульнёй.
Важна тое, што такія імпрэзы адпавядаюць асветніцкай місіі. Яны могуць паспрыяць першаму знаёмству з музеем, дапамагчы юнай аўдыторыі знайсці туды дзверы. Зацікавіцца гэтым адмысловым светам, дзе кожная, нават простая з выгляду рэч мае вялікую каштоўнасць. Прасякнуцца павагай да музейных экспанатаў і навучыцца сябе сярод іх паводзіць.