САЙТЫ Ў ДАПАМОГУ
Змаганне не толькі за рэальнага, а і за віртуальнага гледача — мабыць, асноўная ці адна з асноўных задач кожнага абласнога драматычнага тэатра. Менавіта падобнае ўражанне склалася ў мяне пасля наведвання сайтаў абласных тэатральных устаноў Беларусі.
Напрыклад, на сайце Гродзенскага абласнога драматычнага тэатра пад рубрыкай “Любімыя спектаклі анлайн” у красавіку бягучага года гледачам прапаноўвалі паглядзець шэраг пастановак у віртуальным фармаце. Кожны ахвотны мог заплаціць праз інтэрнэт 3 рублі і атрымаць спасылку для прагляду дзіцячага спектакля “Сланяня і месяц” або за 5 рублёў — спектакля 1997 года “Панначка”.
А вось у Магілёўскім абласным драматычным тэатры, як адзначыў намеснік дырэктара ўстановы Андрэй Галенка, сёння адбываецца мадэрнізацыя і абнаўленне сайта.
— Робім сайт з улікам спецыфікі сваёй работы, — кажа Андрэй Галенка, — і пераважна сваімі сіламі. А для размяшчэння рэкламы, навін, анонсаў, афіш нашых спектакляў актыўна выкарыстоўваем сацыяльныя сеткі. Там, у сацсетках, мы пастаянна прысутнічаем і бачым па каментарыях і праглядах, што нас чытаюць і цікавяцца нашай дзейнасцю.
Як кажа намеснік дырэктара, у тэатры выконваюць усе рэкамендацыі Міністэрства аховы здароўя ў сувязі з распаўсюджаннем вірусных інфекцый, захоўваюць сацыяльную дыстанцыю, просяць наведвальнікаў насіць маскі. Таксама Андрэй Галенка дадаў, што ў тэатры на сёння 72 працэнты супрацоўнікаў, якія падлягаюць вакцынацыі, ужо прайшлі неабходны курс прышчэпак.
На жаль, у кастрычніку-лістападзе адбылося заўважнае скарачэнне наведвальнасці спектакляў Магілёўскага абласнога драматычнага тэатра. Таму сёння “змаганне” за гледача выходзіць на новы ўзровень.
— У наступным годзе ў нас запланавана да паказу 11 пастановак, — кажа галоўны рэжысёр тэатра Таццяна Пацай. — Гэта пераважна класіка — беларускія, рускія і замежныя спектаклі, якія вытрымалі выпрабаванне часам. Будзем арыентавацца на традыцыі сямейнага прагляду, на пастаноўкі, якія цікавыя не толькі дарослым, але і дзецям. Спадзяемся, што гэта прывабіць да нас наведвальнікаў.
Так, па словах Таццяны Пацай, у 2022 годзе магіляўчане ўбачаць спектакль па п’есе Кандрата Крапівы “Хто смяецца апошнім”, пастаноўкі “Прымакоў” Янкі Купалы, “На всякого мудреца довольно простоты” Аляксандра Астроўскага і некаторыя іншыя.
— Што да 2021 года, дык сёлета мы актыўна зацікаўлівалі нашых гледачоў адметнымі імпрэзамі, — дадае Таццяна Пацай. — Напрыклад, заслужаны артыст Васіль Галец разам з музыкантамі нашага аркестра ў красавіку зладзіў прэм’еру “Канцэрта-жарту”, у канцы таго ж красавіка прайшоў дзіцячы спектакль “Чаму вымерлі драконы”, а самы маштабны праект года — гэта, па словах Таццяны Пацай, “Калігула” па п’есе Альбера Камю.
Дарэчы, да закрыцця чарговага тэатральнага сезона ў Магілёве прэзентавалі займальны і атмасферны праект “Ноч у тэатры”. Гледачоў чакала насычаная чатырохгадзінная праграма, якая складалася з некалькіх тэматычных блокаў. Найперш тэатралы паглядзелі спектакль “Аддай маё сэрца”, а потым усе ахвотныя прайшліся па творчых цэхах тэатра, даведаліся пра яго гісторыю, пачулі шматлікія легенды і прыпавесці, звязаныя з гэтым месцам. Таксама гледачы змаглі адчуць сябе ў ролі акцёраў — прымяралі касцюмы, наносілі грым, нават бралі ўдзел у тэатралізацыях. Напрыканцы ўсе госці маглі зрабіць сабе фота на памяць.
Да таго ж цяпер Магілёўскі драмтэатр актыўна рыхтуецца да навагодніх і калядных свят. Напрыклад, кожны можа стаць удзельнікам навагодняй шоу-гульні з дэтэктыўным сюжэтам, якая распачалася ў тэатры з 24 снежня. Падобная эксперыментальная гульня, па словах Таццяны Пацай, праводзіцца ва ўстанове ўпершыню. Дзеянне разгорнецца ў тэатральнай гасцёўні, па сюжэце будзе задзейнічаны і ўнутраны дворык тэатра з устаноўленай там навагодняй ёлкай. Праграма стане вячэрняй і расцягнецца прыкладна на 1,5-2 гадзіны ў залежнасці ад таго, як будзе развівацца сцэнарый дзеі. У адной гульні можа прыняць удзел не больш за 16 чалавек.
20 ГАДОЎ НА СЦЭНЕ
Цікавосткамі завабліваюць аматараў Мельпамены і ў Мінскім абласным драматычным тэатры. Так, у студзені 2022 года ў Маладзечне пакажуць спектакль “Удачы... і наступны”.
— Гэты спектакль у Беларусі яшчэ не прэзентавалі, ён, можна сказаць, унікальны, а ягоная тэматыка, спадзяюся, вельмі зацікавіць гледача, — адзначыла “К” загадчык літаратурнай часткі Таццяна Князева. — Спектакль зроблены па матывах кнігі Бернара Вербера “Сардэчна запрашаем у рай”, а яго пастаноўкай кіраваў рэжысёр Дзяніс Нупрэйчык.
Таксама ў Маладзечне сёлета паказалі спектакль “Сёстры Дастаеўскія”, рэжысёрам-пастаноўшчыкам якога выступіў Валерый Анісенка. Гэты гістарычны дэтэктыў з элементамі меладрамы быў пастаўлены да 200-годдзя з дня нараджэння Фёдара Дастаеўскага. А яшчэ ў Мінскім абласным драматычным тэатры паглядзелі “Вечар” па вядомай драме Аляксея Дударава. Гэтая п’еса, да слова, ідзе ў тэатры ўжо 20 гадоў з адным і тым жа складам акцёраў — галоўныя ролі нязменна граюць Алена Рахмангулава, Алег Чэчанеў і Віктар Багушэвіч (былы акцёр МАДТ, які цяпер працуе ў Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі), і не губляе сваёй актуальнасці і запатрабаванасці ў мясцовага гледача.
Маладзечанцы вельмі актыўна “шчыруюць” у сацыяльных сетках, дзе шматлікія навіны пра тыя ці іншыя імпрэзы перамяжоўваюцца з віншаваннямі артыстаў з днём нараджэння, шматлікімі фотаздымкамі спектакляў і цікавымі анонсамі. Натуральна, так робяць і іншыя абласныя драмтэатры краіны на сваіх старонках у сацыяльных сетках, напрыклад, Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Якуба Коласа.
— Так, мы рэкламуем свае спектаклі, змяшчаем у сацыяльных сетках афішы, дэманструем фота з нашых спектакляў, — кажа намеснік дырэктара па арганізацыі гледача ўстановы культуры Юлія Харкевіч. — Іначай проста не можа быць — сёння пра навінкі глядач даведваецца пераважна з інфармацыі, размешчанай у інтэрнэце.
Праяўляць актыўнасць супрацоўнікам Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа змушае само жыццё. Па словах Юліі Харкевіч, калі ў верасні-кастрычніку тэатральныя пастаноўкі наведвала многа людзей, дык цяпер, у канцы восені і зімой, назіраецца зніжэнне колькасці аматараў тэатральных пастановак. Але, магчыма, падчас навагодніх і калядных святочных мерапрыемстваў, якія будуць ладзіцца ў тэатры, гасцей у тэатры з’явіцца болей. Прынамсі, кіраўніцтва тэатра на гэта вельмі спадзяецца.
ТРАДЫЦЫЯ СТРАЦІЛАСЯ?
На новыя пастаноўкі спадзяюцца і ў Гомельскім абласным драматычным тэатры.
— Праўда, сёлетнія прэм’еры ў нас прайшлі не так ярка, як хацелася б, але яны адбыліся і ўдаліся, — адзначыў “К” дырэктар установы Сяргей Гульчын. — Пастаянныя абмежаванні, праца ў складаных умовах, неспрыяльная эпідэміялагічная сітуацыя — усё гэта, канешне, уплывае і на акцёраў, і на гледачоў. На мой погляд, за гэтыя два гады, калі мы жывём ва ўмовах распаўсюджання Covid-19, мы, бадай, страцілі традыцыю наведвання тэатраў. І асабліва шкада, што сталыя людзі — нашы асноўныя гледачы і прыхільнікі тэатральных пастановак — цяпер таксама да нас калі і завітваюць, дык не так часта, як звычайна.
Сярод дасягненняў мінулага сезона Сяргей Гульчын назваў удзел у Міжнародным тэатральным фестывалі ў расійскай Разані “Свидания на Театральной”.
— Тое, што мы ўвогуле змаглі выехаць туды і прадэманстраваць свой спектакль на разанскай сцэне — гэта безумоўны поспех і вялікая ўдача, — кажа кіраўнік тэатра. — Бо, як вядома, граніцы цяпер пераважна закрытыя, таму пра тыя шматлікія замежныя гастролі і паездкі на тэатральныя імпрэзы, якія ў нас былі раней, застаецца толькі марыць.
Таксама расказаў Сяргей Гульчын і пра тое, што сёлета на 93-ім годзе жыцця адышоў у вечнасць заслужаны артыст БССР, артыст Гомельскага абласнога драмтэатра з 1954 года Фёдар Іваноў. За час працы Фёдар Мікалаевіч стварыў у тэатры больш за 200 адметных роляў, якімі захапляліся гледачы і калегі.
Акрамя таго, сёлета ў тэатры ўрачыста адзначалі юбілей народнай артысткі Беларусі Людмілы Корхавай. Так, 9 лістапада на сцэне Гомельскага абласнога драматычнага тэатра адбыўся спектакль “Візіт Старой Дамы” Фрыдрыха Дзюрэнмата і юбілейны вечар народнай артысткі. Актрысу павіншавалі першы намеснік міністра культуры Беларусі Валерый Грамада, прадстаўнікі аблвыканкама, калегі і прыхільнікі.
Як бачна, кожны тэатр Беларусі нават у неспрыяльных эпідэміялагічных умовах працуе з поўнай аддачай. Нехта ўзаемадзейнічае з гледачамі праз паказ анлайн-спектакляў, хтосьці павялічвае колькасць новых пастановак і прэм’ер. Шляхі могуць быць розныя, але галоўнае, што абласныя драмтэатры не спыняюцца ў сваім развіцці, пошуку новага і ідуць у нагу з часам, выкарыстоўваючы найноўшыя інтэрнэт-тэхналогіі для больш шчыльнага ўзаемадзеяння з гледачамі. Бо, як вядома, згубіць гледачоў, як і сяброў, — вельмі лёгка, значна цяжэй, чым заваяваць іх прыязнасць і прыхільнасць да сваёй асобы.