Як адзначыў, прэзентуючы законапраект перад дэпутатамі, міністр культуры Беларусі Анатолій Маркевіч, падрыхтоўка закона абумоўлена неабходнасцю ўдасканалення прававога рэгулявання ў сферы культуры.
Законапраект складаецца з шасці артыкулаў і прадугледжвае істотную карэкціроўку палажэнняў Кодэкса аб культуры (артыкул 1), асабліва ў частцы аховы гістарычнай і культурнай спадчыны, а таксама арганізацыі і правядзення культурных мерапрыемстваў.
Акрамя таго, прадугледжваецца замацаванне за адным дзяржаўным органам — Міністэрствам культуры — паўнамоцтваў надаваць культурнай каштоўнасці статус гісторыка-культурнай каштоўнасці і пазбаўляць яе такога статусу. Сярод іншага, удакладняецца пералік відаў і складу рамонтна-рэстаўрацыйных работ, якія выконваюцца на матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцях, і вызначаецца забарона на рамонтна-рэстаўрацыйныя работы матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей без аўтарскага нагляду.
Таксама законапраектам, у прыватнасці, прадугледжваецца магчымасць адмены культурна-забаўляльнага мерапрыемства ў выпадку форс-мажорных абставін і ўмовы, пры якіх пасведчанне на права арганізацыі і правядзення мерапрыемства, якое было адменена, прызнаецца несапраўдным.
Акрамя таго, законапраект прадастаўляе магчымасць Дамам (Цэнтрам) рамёстваў мець выставачныя залы па продажы вырабаў народных майстроў, а таксама ажыццяўляць продаж вырабаў народных майстроў падчас правядзення культурных мерапрыемстваў.
Пасля прэзентацыі законапраекта многія дэпутаты задалі свае пытанні міністру культуры. У прыватнасці, адзін з дэпутатаў запытаўся, чым абумоўлены змены, якія ўносяцца ў Кодэкс аб культуры.
— Асноўная мэта карэкціроўкі Кодэкса прадыктаваная жыццём, — адзначыў на беларускай мове Анатоль Маркевіч. — Сёння мы бачым, што дзейны Кодэкс павінен змяніцца па асобных артыкулах, і менавіта на гэтым мы і сканцэнтравалі сваю ўвагу.
У сваю чаргу, журналісты падчас выхаду міністра да прэсы запыталіся ў Анатолія Маркевіча пра шырокі розгалас, які атрымаў прэзентаваны ім законапраект, што сведчыць пра цікавасць грамадства да любых змен у сферы культуры.
— Безумоўна, цікавасць і дэпутатаў, і грамадзян Беларусі да законапраекта “Аб змене законаў па пытаннях культуры” вельмі значная, — сказаў Анатолій Маркевіч. — Адзначу, што ўсе жыхары нашай краіны трывала звязаныя са сферай культуры, таму нядзіўна, што даволі шмат пытанняў на этапе разгляду законапраекта паступала нам ад грамадзян Беларусі. Для зваротнай сувязі ў нас працавалі і працуюць прамыя тэлефонныя лініі, ствараюцца дыялогавыя пляцоўкі, падчас якіх многія зацікаўленыя асобы давалі нам вельмі карысныя парады. Дзякуючы ў тым ліку і гэтым парадам, мы разумелі, на што нам трэба звярнуць увагу ў першую чаргу, каб нормы, прапанаваныя ў новы Кодэкс аб культуры, мелі пастаянны, трывалы характар.
Напрыканцы дадам, што дэпутаты Палаты Прадстаўнікоў Нацыянальнага Сходу Рэспублікі Беларусь прагаласавалі “за” прыняцце ў першым чытанні законапраекта “Аб змене законаў па пытаннях культуры” адзінагалосна.