У пачатку нарады міністр паведаміў, што 21 снежня ў першым чытанні Палата Прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу прыняла змены ў Кодэксе Беларусі аб культуры. З 257 артыкулаў, якія ўваходзяць у дакумент, 109 змяніліся, што, па словах міністра, дало магчымасць прыняць актуальныя рашэнні, якія ў тым ліку пашыраюць паўнамоцтвы мясцовых органаў улады. Цяпер гэты дакумент чакае другое чытанне на вясенняй сесіі, пасля чаго ён пойдзе на падпісанне Прэзідэнту краіны.
Традыцыйна была закранута тэма вакцынацыі ад каранавіруса ў сферы культуры. Лепш за ўсё тут спрацавала Магілёўская вобласць, дзе працэнт прышчэпленых перавысіў 70%. Міністр падкрэсліў, што рабіць вакцынацыю ва ўстановах патрэбна не дзеля добрай статыстыкі, а для таго, каб засцерагчы ад цяжкіх наступстваў саміх работнікаў культуры, а таксама спажыўцоў гэтай сферы паслуг.
Былі заслуханыя прапановы па арганізацыі Фестывалю нацыянальных культур. У бліжэйшы час прапанавана сабраць асобную нараду па дэталёвай распрацоўцы ўсіх аспектаў дадзенага мерапрыемства.
Таксама на пасяджэнні агучылі інфармацыю, звязаную з вырабам і наступным адкрыццём помніка мітрапаліту Філарэту ў Мінску і Слуцку. Надмагільны ж бюст у Жыровічах Беларусі Праваслаўная царква зрабіла за свае сродкі.
Анатолій Мечыслававіч заклікаў працягваць прыкладаць намаганні да стварэння Савета па культуры пры Міністэрстве культуры РБ. На яго думку, неабходна ўключыць у яго прадстаўнікоў рэгіёнаў, а таксама моладзь разам з вопытнымі дзеячамі культуры. У выніку гэты Савет павінен паўнавартасна дапамагаць вырашаць самыя розныя задачы міністэрства.
Былі заслуханыя вынікі рамонту ў філіяле музея Янкі Купалы ў Вязынцы. Тут скончылі рамонт даху, а ў сакавіку 2022 года на аб’екце пачнуцца работы на яшчэ адным будынку. Таксама была агучаная сітуацыя па рэстаўрацыі ў Жыровіцкім манастыры, дзе неабходныя ўнутраныя работы ва Успенскім храме.
У канцы пасяджэння міністр павіншаваў прысутных з надыходзячымі святамі і дадаў, што падведамныя міністэрству культуры будынкі ў сталіцы і рэгіёнах павінны быць адпаведным чынам упрыгожаны для стварэння святочнага настрою.