Спачатку — аркестр цырка з яркім джазавым пасылам, традыцыі якога закладаў у гэтым калектыве дырыжор Барыс Райскі. Потым Маэстра стварыў Канцэртны аркестр, які пры ўсіх зменах сваёй назвы быў вядомы як аркестр Фінберга — практычна “імянны” калектыў, што насіў імя свайго кіраўніка яшчэ пры ягоным жыцці, прычым літаральна з самага пачатку свайго існавання.
Пэўны час Міхаіл Якаўлевіч “рыфмаваўся” з вядомай маскоўскай тэлепраграмай “Угадай мелодыю”, бо аркестр пад яго кіраўніцтвам правёў некалькі дзясяткаў яе выпускаў, што выходзілі ў прайм-тайм. Жаданне папулярызаваць беларускую эстраду і яе развіццё ва ўлонні сусветнай прывялі маэстра да Нацыянальнага фестывалю беларускай песні і паэзіі ў Маладзечне і да Міжнароднага фестывалю мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску”: фінбергаўскі калектыў быў не проста іх заўзятым удзельнікам, а сапраўдным стрыжнем тых фестывальных імпрэз, вакол якіх прэзентаваліся іншыя мерапрыемствы.
А колькі намаганняў было аддадзена шматлікім фестывалям беларускай камернай музыкі, што ладзіліся ў малых гарадах! Усё гэта пачыналася яшчэ ў тыя гады, калі Нясвіжскі палац, Мірскі замак ды іншыя на сёння рарытэтныя гістарычныя мясціны не былі дзейсна ўключаны ў культурную арбіту краіны, і Фінберг свядома звяртаўся да адраджэння забытых “замкавых” музычных традыцый. І сіламі сваіх музыкантаў узнімаў з небыцця не толькі архіўныя творы, але і прадстаўляў слухачу найноўшыя, замоўленыя беларускім кампазітарам. Такім чынам Міхаіл Фінберг стварыў некалькі разнажанравых, рознастылёвых музычных анталогій. Ды ён і сам — сапраўдная анталогія беларускай музыкі.
І яшчэ. Увесь трыццацігадовы шлях газеты “Культура” Міхаіл Якаўлевіч быў яе сапраўдным сябрам, прымаючы актыўны ўдзел у рабоце рэдакцыйнай калегіі, падтрымліваючы нас і словам, і справай. Ён і для гэтага знаходзіў час. Калектыў “К” смуткуе разам з усёй музычнай грамадскасцю і прыхільнікамі таленту гэтай надзвычайна яркай, легендарнай Асобы, душа якой адляцела ў Космас...