Сучасная матэрыяльна-тэхнічная база дасць магчымасць развіваць выставачную і асветніцкую дзейнасць, значна пашырыць магчымасці захавання і рэстаўрацыі твораў мастацтва. У новым выставачным корпусе ўвазе наведвальнікаў прадстаўленыя выставы “Рух Зямлі” і “Выратаваныя мастацкія каштоўнасці”.
Пасля завяршэння ўсіх рэстаўрацыйных і будаўнічых работ музейны квартал Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь будзе мець наступную структуру: Галоўны корпус (будынак па вуліцы Леніна, 20), Адміністрацыйны корпус (будынак па вуліцы Леніна, 22), Выставачны корпус (будынак па вуліцы Карла Маркса, 24) і Рэстаўрацыйны корпус (будынак па вуліцы Кірава, 25). Усе яны будуць злучаныя пераходнымі галерэямі. У цэнтры комплексу размесціцца ўтульны дворык са скульптурамі.
Увод у эксплуатацыю першай чаргі музейнага комплексу Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь значна паляпшае матэрыяльна-тэхнічную базу рэстаўрацыйных майстэрняў і, па сутнасці, закладвае падмурак для буйнога рэстаўрацыйнага цэнтра. Пасля рэканструкцыі будынка па вуліцы Кірава, 25 у ім выдзеленыя дадатковыя памяшканні для навукова-даследчых і рэстаўрацыйных майстэрняў музея.
Дзякуючы чатырнаццаці новым памяшканням плошча рэстаўрацыйных майстэрняў павялічылася да 1398 м2. У агульную колькасць памяшканняў Рэстаўрацыйнага цэнтра ўваходзяць чатыры майстэрні па рэстаўрацыі алейнага жывапісу, чатыры майстэрні сектара рэстаўрацыі старажытнабеларускага мастацтва і чатыры майстэрні сектара рэстаўрацыі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, у тым ліку майстэрні па рэстаўрацыі прадметаў з тканіны, металу, дрэва і фарфору, а таксама майстэрня для пакрыцця лакам і майстэрня для рэстаўрацыі вялікафарматнага жывапісу.
Акрамя майстэрняў, у Рэстаўрацыйным корпусе размешчаныя восем новых фондасховішчаў, абсталяваных спецыяльнымі сістэмамі захоўвання музейных прадметаў і калекцый. Музейная бібліятэка заняла новае памяшканне з асобным кнігасховішчам, абсталяваным сучаснымі мабільнымі сістэмамі захоўвання, і чытальнай залай з камп'ютарызаванымі працоўнымі месцамі. У двух памяшканнях агульнай плошчай 164 м2 размешчаныя сорак тысяч адзінак кніг і перыядычных выданняў.
У рамках урачыстай цырымоніі адкрыцця новых карпусоў музея падзяка міністра культуры Рэспублікі Беларусь за значны ўклад у захаванне нацыянальнай культуры была вынесеная намесніку генеральнага дырэктара па навуковай і асветніцкай рабоце Нацыянальнага мастацкага музея Святлане Анэйка і дырэктару УП “Рэмаўтадор Савецкага раёна горада Мінска” Дзмітрыю Русіну. Ганаровай граматай Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь за значны асабісты ўклад у захаванне і папулярызацыю нацыянальнага мастацтва быў узнагароджаны намеснік міністра культуры Сяргей Саракач. Таксама ганаровай граматай за значны ўклад у развіццё беларуска-расійскіх культурных сувязяў узнагароджаная дырэктар Дзяржаўнага гісторыка-мастацкага і літаратурнага музея-запаведніка “Абрамцава” (Расійская Федэрацыя) Алена Вароніна.