Знайсці “Кватэру-майстэрню мінскага краўца” наведвальнікам зусім проста: яна размясцілася ў першым ад уваходу ў музейны комплекс доме-помніку. (Калісьці ён меў адрас: Мінск, вуліца Вызвалення, 4, і стаяў на тэрыторыі былога Замчышча.) Вось на бакавым фасадзе і дошка са свежым надпісам: “Портной Д. Я. Гехтинъ принимаетъ заказы и передљлку». Гэта нявыдуманы персанаж. У спісах майстроў Мінскай рамеснай управы сапраўды значыўся кравец Давід Гехцін. У 1890 г. яму было 26 гадоў. Ён трымаў майстэрню з жонкай Хаяй, у іх былі дзеткі — сын і дачка. Гэтая маладая сям’я жыла на вуліцы Уваскрасенскай, якая ў 1924 г. была перайменаваная ў вуліцу Вызвалення. Гехціну дапамагалі двое падмайстроў. Мяркуючы па ўсім, яго кліенты былі не надта багатымі — з сярэднім дастаткам.
Канец XIX стагоддзя, калі працаваў наш кравец, адзначаны ў гісторыі заняпадам сярэднявечнага цэхавага ўкладу і пераможнымі крокамі навукова-тэхнічнай рэвалюцыі. Аднак масавая фабрычная вытворчасць адзення на той час яшчэ не была наладжаная. Патрэбы гараджан у абноўках традыцыйна задавальнялі цэхавыя майстры. Так, паводле перапісу 1897 г., у Мінску вырабам адзення займаліся 4600 рамеснікаў, 3500 з іх належалі да яўрэйскай нацыянальнасці. Пэўна, перад Калядамі ў краўцоў было асабліва шмат заказаў ад моднікаў і модніц, якія жадалі пафарсіць на святочных гуляннях у прыгожых строях.
Завітаем жа і мы да працавітага краўца. На дзвярным вушаку дабрабыт гаспадароў ахоўвае мезуза — скрутак пергаменту, на якім напісана малітва з Торы. А ў пярэдняй вісіць харугва з выявамі хрысціянскіх святых Казьмы і Даміяна — патронаў цэху мінскіх краўцоў.
Досыць вялікі пакой умяшчае як рамесныя, так і побытавыя атрыбуты. На палічках акуратна раскладзены адрэзы тканін — вядома ж, натуральных: ваўнянае сукно, лён і нават аксаміт. «Напрыканцы XIX стагоддзя сціраліся адрозненні паміж строямі шляхты і буржуазіі, — тлумачыць загадчык навукова-экспазіцыйнага аддзела музея Ігар Іваноў, — заможнасць асобы вызначалася найперш па якасці тканіны».
Пашыў сурдута каштаваў 3-4 рублі, паліто — 5-6 рублёў, камізэлькі ці штаноў — паўтара рубля. Карпатлівай працай кравец зарабляў за месяц у сярэднім 20 рублёў. (Тым часам высокакваліфікаваныя рабочыя на фабрыках і чыгуначнікі атрымлівалі больш за 30 рублёў.)
Здаецца, Давід Гехцін толькі ненадоўга зняў акуляры і адышоў ад стала, на якім раскладзены яго прылады працы — старадаўнія прасы, нажніцы, напарстак, катушкі з ніткамі. Прыгожая распісная шкатулка напоўнена гузікамі.
Варта прыглядзецца да швейнай машынкі. Гэта не папулярны калісьці амерыканскі «Зінгер», а менш вядомая на нашых землях мадэль — «Грытцнер». (Заснаваная Максіміліянам Грытцнерам нямецкая кампанія ў пачатку ХХ стагоддзя стала найбуйнейшым вытворцам швейных машын у Еўропе.)
Па гатовую камізэльку хутка прыйдзе заказчык. А над вышыванай кашуляй майстар сабраўся яшчэ крыху папрацаваць.
Пакуль муж зарабляў на жыццё, клапатлівая Хая прыгатавала сямейную вячэру. Стравы яўрэйскай кухні — булка хала, фаршыраваная рыба, фаршмак. На асобным століку дамачадцаў чакае рытуальны посуд для абмывання рук….
— Задума гэтай экспазіцыі з’явілася ў нашага калектыву амаль тры гады таму, — казаў Ігар Іваноў. — Мы правялі архіўныя даследаванні і ў 2020 годзе ўзяліся за яе падрыхтоўку. Усе аўтэнтычныя экспанаты — з фондавай калекцыі музея. Буфет і крэслы, напрыклад, паходзяць з Паўночнага завулка, дзе месціліся дробныя мінскія сядзібы пачатку ХХ стагоддзя. Шафа — з вёскі Паазер’я. Лякалы выкананы паводле малюнкаў у дарэвалюцыйнай кнізе пра адзенне. А строі аднавілі брэсцкія рэканструктары Андрэй і Алена Варабей.
Кватэра-майстэрня краўца быццам адчыняе гасцям акенца ў зніклы свет губернскага Мінска. Пасля яе агляду і аповеду экскурсавода зусім няцямжка намаляваць ва ўяўленні вузкія вулачкі Замчышча, дзе адзін да аднаго прымыкаюць рамесніцкія дамы-майстэрні, а да мінакоў даносіцца то стук малатка, то роўны гул швейнай машынкі.
Святлана ІШЧАНКА
Фота аўтара