У цэнтральных ролях — Вераніка Пляшкевіч і Сяргей Чэкерэс. Але іграюць яны не Герду і Кая, а Снежную каралеву і Голас казкі. Бо драматургічнай асновай стала не знакамітая казка Андэрсана, а яе постмадэрнісцкае пераасэнсаванне Вадзімам Карастылёвым, вядомае па аднайменным фільме 1986 года з цудоўнай музыкай Марка Мінкова, якая ператварае аповед у мюзікл.
Тэатральная дзея заварожвае ўжо з першых хвілін. Справа не толькі ў прыцягальна-закалыхваючых інтанацыях С.Чэкерэса, але і ў тых цудах, што хаваюцца ў скрыначках камода (мастак-пастаноўшчык — Андрэй Жыгур). За якую ні пацягнеш — то вецер адтуль падзьме, то вылецяць сняжынкі на радасць здзіўленай дзятве. На жаль, надалей падобныя чараўніцтвы заканчваюцца, хаця там-сям зварот да іх дапамог бы трымаць увагу маленькіх гледачоў — тым больш што спектакль атрымаўся даволі працяглым, больш як на паўтары гадзіны.
Акцёрскі склад — вельмі ўдалы. Знаныя артысты і юныя ўдзельнікі студыі пры тэатры, а таксама Тэатра эстраднай песні “Сябрынка” працуюць з непрыхаваным задавальненнем, у чым бачыцца заслуга не толькі матэрыялу, але і рэжысёра Вольгі Здзярскай, а таксама той творчай, зацікаўленай атмасферы, што пануе ў калектыве.
В.Пляшкевіч амаль непазнавальная ў грыме, але ўсё такая ж прыгажуня, ад якой не адвесці вачэй. Яе гераіня не столькі злая, колькі капрызная, з гэткай іранічна-ўсмешлівай хітрынкай. Адзінота, памножаная на жаданне дзейнічаць, неяк выплюхнуць энергію, прыводзяць Снежную каралеву да стварэння Ледзяной школы. Выяўленнем патаемных думак гераіні становіцца яе танга са словамі пра кубак малака. Гэта не што іншае, як сімвалічна выказаныя мары пра звычайнае чалавечае цяпло, для яе немагчымае: яна так баіцца “адтаяць”. Чым не псіхалогія гэткай “ледзяной” бізнес-лэдзі? Вядома, такую трактоўку счытваюць дарослыя. Дзеці ж успрымаюць аблічча сапраўднай прынцэсы, у якой ёсць усё, што заўгодна, акрамя галоўнага — сапраўдных пачуццяў замест халоднай маскі. Таму фінал з яго згадкай пра тое, што “каралева растаяла”, можна было крыху пашырыць за кошт новага з’яўлення гераіні — у чалавечым абліччы. Бо розныя варыянты рэжысёрскага рэдагавання літаратурнага тэксту даўно ўжо сталі звыклай тэатральнай нормай.
Атачэнне Снежнай каралевы не менш яркае і запамінальнае за яе саму. Што ні герой — адметнае аблічча і характар: сарамлівы Снегавік (Сяргей Жбанкоў), манерны Нарцыс (Арцём Пінчук), хуліганістыя парасткі Крапівы (Сяргей Жараў, Уладзіслаў Вінаградаў). Дарэчы, артысты цудоўна сумяшчаюць свае “кветкава-раслінныя” ролі з разбойніцкімі, суправаджаючы Атаманшу (Вікторыя Жбанкова-Стрыганкова), сцэнічны строй якой падобны да ўбрання Ката ў ботах. Мікалай Варабей у ролі хлопчыка Кея добра падкрэслівае розніцу між “да” і “пасля” скіраваных на яго чараўніцтваў: жвавы, лёгкі ў скоках (яшчэ крыху — і паляціць, завісне ў паветры, бы тая птушка), ён раптам набывае каменны твар, ператвараючыся ў зледзянелую статую. Упрыгожвае харэаграфія Кацярыны Каваленка, артысты шыкоўна спраўляюцца са складанымі падтрымкамі.
Адзінае, чаго спектаклю відавочна бракавала на прэм’еры, дык гэта антракту. Ну не могуць дзеці, як бы цікава ім ні было, выседзець на адным месцы амаль дзве гадзіны запар. Дый у фае, як заўжды на ранішніках, іх чакала шмат салодкіх ды гульнёвых спакусаў. Таму было вырашана: з наступных паказаў — антракту быць.
Фота Таццяны МАТУСЕВІЧ