— Наколькі важнымі ўяўляюцца вам творчыя сувязі гімназіі-каледжа з замежнымі і, у прыватнасці, расійскімі музычнымі ўстановамі? Усё ж галоўнае ў дзейнасці любой навучальнай установы — вучэбны працэс. Але той-сёй можа запытаць, маўляў, паездкі і выступленні — ці не перашкаджаюць у пэўнай меры яму?
— Нашы вучні — будучыя прафесійныя музыканты. Канцэртаванне — неад’емная частка іх прафесіі, навучацца ўсяму гэтаму трэба з маленства. Нагадаю і тое, што вучоба немагчымая без матывацыі. Бо як часцяком здараецца? У аднаго — выдатныя прыродныя задаткі, ды няма жадання працаваць. І выніку не будзе, колькі з ім ні рэпеціруй. А ў каго іншага, здараецца, куды больш сціплы “стартавы капітал” прыроднай адоранасці, ды ёсць пастаўленая мэта — і ў хуткім часе ён пакідае далёка ззаду ўсіх тых, у каго матывацыі няма. Любы выхад на публіку — як дадатковае ўкладанне ў гэтую скарбонку любові да прафесіі, жадання займацца той справай, што прыносіць маральнае задавальненне. Трэба было бачыць, як запальваліся вочкі нашых хлопчыкаў, калі яны бачылі прыязную рэакцыю публікі. Я сачыў за сваімі выхаванцамі з залы. Пакуль ідуць апладысменты, хлапчукі ціхутка падштурхоўваюць адзін аднаго, маўляў, бачыш, як усё выдатна складаецца! Як дырэктар, я часцей сутыкаюся з імі з іншага боку. Ведаю, што, калі ім няма куды падзець сваю энергію, яны, што называецца, усю школу могуць на аскепкі разнесці. А на сцэне — ну проста вяршыня выхаванасці, інтэлігентнасці, высокага духоўнага пачатку. І калі яны бачаць, што запатрабаваныя, што шырока падтрымліваецца і горача прымаецца менавіта гэты кірунак, дык пачынаюць укладаць свой запал менавіта ў творчасць, а не ў якія-небудзь небяспечныя забавы.
Яшчэ адно сведчанне на карысць творчых сувязей — немагчымасць развівацца сёння ў замкнёнай прасторы, без выхаду на іншыя нацыянальныя культуры. Бо такі дыялог — яшчэ адна прыступка для мастацтва, якое насамрэч не мае межаў.
— Як вас прымалі? Фурор у творчым асяродку, здараецца, выклікае не толькі белую, але і чорную зайздрасць.
— Ды не ў нашым выпадку. Хары хлопчыкаў, яшчэ некалькі дзесяцігоддзяў таму шырока распаўсюджаныя на ўсёй савецкай прасторы, сёння прыходзяць у заняпад. Нават у вялізнай Расіі, дзе харавое мастацтва заўжды лічылася адным з нацыянальных здабыткаў, засталося не так многа такіх калектываў. І нашых расійскіх калег здзівіла, на якім высокім узроўні знаходзіцца наш хлапчуковы хор. Яны былі ўпэўненыя, што яго ўдзельнікі навучаюцца ў спецыялізаванай харавой школе накшталт тых расійскіх навучальных устаноў, што носяць імя знакамітага хормайстра і педагога Аляксандра Свешнікава. І калі даведаліся, што наша гімназія-каледж пабудавана па прынцыпе ЦМШ (Цэнтральнай музычнай школы пры Маскоўскай кансерваторыі), дык былі ўражаны яшчэ больш. Але я ўпэўнены: комплексная адукацыя не меней, а то і болей жыццяздольная, чым вузка спецыялізаваная. Бо яна дае шырокі мастацкі кругагляд, а без яго сёння ў сферы культуры не абысціся. Музыкант новага пакалення — гэта не стэрэатып гэткага “акулярыка-завучкі”, які за сваёй кніжкай не бачыць навакольнага свету, а чалавек рознабаковы, які рэалізуе сябе ў некалькіх сумежных сферах і тым самым уносіць разыначку ў кожную з іх.
— Гэткае вяртанне “чалавека эпохі Адраджэння”? Мабыць, невыпадкова творчасць і асоба таго ж Леанарда да Вінчы набываюць у нас сёння новы віток шанавання. Дарэчы, тэрыторыя Беларусі, як даводзяць навукоўцы, была ў ХVI стагоддзі самым усходнім рэгіёнам еўрапейскага Рэнесансу. На расійскіх жа землях у той час працягваліся культурныя традыцыі Сярэднявечча, якія потым змяніліся эпохай Барока. Што ўразіла расійскіх майстроў у вашых выступленнях больш за ўсё? Ці спявалі вы беларускую музыку?
— Канешне! І старадаўнюю — тых еўрапейскіх часоў, — і сучасную: “Таполі” Вольгі Мінянковай, апрацоўку беларускай народнай песні “Юрачка”, зробленую цяперашнім старшынёй Беларускага саюза кампазітараў Аленай Атрашкевіч. Ды якая гэта апрацоўка? Самастойны аўтарскі твор, хіба што з фальклорнай цытатай. Наш рэпертуар, яго разнастайнасць і шырыня сталі для расіян яшчэ адным адкрыццём. Бо калектыў выконвае і духоўную музыку, і свецкую, і народную: еўрапейскую, рускую, беларускую. І ў гэтым — яшчэ адна перавага комплекснага навучання, пра якое я гаварыў.
— Творчы бок і ўласна арганізацыйны — вельмі розныя рэчы. Ці задаволены вы тым, як была арганізаваная ваша амаль тыднёвая вандроўка?
— Нас курыраваў Аляксандр Красі — дырэктар Маскоўскай гарадской дзіцячай музычнай школы імя Ісака Дунаеўскага. Сярод выпускнікоў гэтай школы — адзін з найбольш уплывовых цяперашніх дзеячаў харавога мастацтва Аляксандр Салаўёў, які выкладае ў Маскоўскай кансерваторыі, у Акадэміі харавога мастацтва імя Папова, узначальвае Тульскі дзяржаўны хор, Асацыяцыю народных і харавых калектываў Расійскага музычнага саюза, з’яўляецца членам Сусветнай харавой рады Асацыяцыі “Інтэркультур”. Менавіта ён запрасіў нас і на канферэнцыю, і ў Тульскую філармонію.
— Для ўдзелу ў гала-канцэрце IV Міжнароднага конкурсу харавых дырыжораў, што праходзіў у Туле? Пэўна, як запрошаныя госці?
— Так. Там сабраўся, лічыце, увесь расійскі харавы бамонд, вядучыя спецыялісты гэтай галіны. Мы змаглі пагаварыць з імі, наладзіць кантакты, якія вельмі спатрэбяцца ў будучым. І, што вельмі важна, змаглі паказаць сваё майстэрства. Вось адзін з водгукаў, што з’явіўся ў сацыяльных сетках: “Двухдзённы марафон канферэнцыі Асацыяцыі народных і харавых калектываў Расійскага музычнага саюза завяршыўся цудоўным канцэртам у Вялікай зале Тульскай філармоніі. Знаёмства з хорам хлопчыкаў з Мінска прынесла шчырую радасць. Неверагоднай чысціні строй, стылёвая тонкасць у выкананні вельмі рознай музыкі — ад Арланда Ласа да Чайкоўскага, Танеева, беларускіх і рускіх песень. Брава іх настаўніку Сямёну Кліманаву. Дасягнуць такой якасці, выверанасці агульнага ансамбля ад дзяцей 10-ці гадоў — асаблівае майстэрства. Хлопчыкі гэтыя — вялікія артысты. Вельмі дысцыплінаваныя, але адкрытыя да імправізацыі. Калі прафесар Аляксандр Салаўёў спантанна прапанаваў ім праспяваць “Богородице, Дево, радуйся” Рахманінава, яны не разгубіліся і выдалі нятленку”.
— Можа, пералічыце больш падрабязна, дзе адбыліся выступленні, акрамя ўжо згаданай Тульскай абласной філармоніі, што носіць імя хормайстра і кампазітара Іосіфа Міхайлоўскага?
— Усе астатнія — у Маскве. Мы пабывалі ў Акадэміі харавога мастацтва імя Віктара Папова, дзе адбылася сумесная рэпетыцыя з тамтэйшым хорам. Наведалі школу імя Дунаеўскага, дзе далі канцэрт і правялі творчую сустрэчу з хорам “Глорыя” гэтай навучальнай установы. Выступілі ў ДМШ імя Шапорына пры Маскоўскім дзяржаўным інстытуце музыкі імя Шнітке. Але больш за ўсё, пэўна, запомніліся сумесная рэпетыцыя і канцэрт у Рахманінаўскай зале — разам з камерным хорам Маскоўскай дзяржаўнай кансерваторыі імя Чайкоўскага.
— Паездка скончылася, што далей — “суровая будзённасць”? Як скарыстаеце набытыя кантакты?
— З Акадэміяй харавога мастацтва і школай імя Дунаеўскага былі падпісаныя афіцыйныя дамовы аб супрацоўніцтве. Мы атрымалі шмат запрашэнняў на конкурсы, фестывалі, дзе нас гатовыя прыняць без аніякіх уступных узносаў, каб з дапамогай нашага калектыву запаліць натхненнем свае, прыўзняць іх мастацкі ўзровень, вызначыць больш высокую творчую планку сваіх харавых мерапрыемстваў. Бо розгалас пра наш калектыў пайшоў па ўсёй Расіі ды іншых краінах. Ад нас патрабуюцца грошы хіба на аўтобус, каб даехаць. Будзем шукаць спонсараў, бо падобныя выезды працуюць на прэстыж усёй нашай культуры, мастацтва, сістэмы музычнай адукацыі і, у рэшце рэшт, на імідж роднай Беларусі.
— Дарэчы, у Беларусі мы ваш хор пачуем?
— Найбліжэйшы канцэрт — 23 снежня ў Нацыянальным мастацкім музеі. Як гэтакі фінальны акорд адыходзячага года.