Арганізатарамі форуму выступілі Міністэрства інфармацыі, Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі і Беларускі саюз журналістаў. Удзел у мерапрыемстве прынялі каля ста пяцідзесяці маладых журналістаў дзяржаўных рэспубліканскіх і рэгіянальных сродкаў масавай інфармацыі, кіраўнікі вядучых дзяржаўных СМІ нашай краіны, прадстаўнікі грамадскіх арганізацый, студэнты факультэта журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, палітолагі, медыяэксперты, а таксама папулярныя блогеры. Форум накіраваны на павышэнне кваліфікацыі, развіццё ўнутрыпрафесійнай і міжнароднай камунікацыі маладых журналістаў, фарміраванне адзінай медыясупольнасці Беларусі ў мэтах забеспячэння дзяржаўных прыярытэтаў у развіцці нацыянальнай інфармацыйнай прасторы.
Пленарнае пасяджэнне форума адкрыў міністр інфармацыі Рэспублікі Беларусь Уладзімір Пярцоў, які адзначыў, што маладое пакаленне ў большай ступені спажывае навіны праз сацыяльныя сеткі і месэнджары. У меншай ступені — праз інтэрнэт-сайты, а яшчэ ў меншай — праз традыцыйныя сродкі масавай інфармацыі, асабліва праз прэсу. У сучасных абставінах, калі набіраюць папулярнасць сацыяльныя сеткі і месэнджары, якія робяцца ў асяроддзі моладзі асноўнымі крыніцамі інфармацыі, асабліва важна навучыць маладых спецыялістаў даносіць звесткі да аўдыторыі праз гэтыя новыя каналы камунікацыі, выкарыстоўваючы прытым класічную праўдзівую журналістыку, у якой сёння ёсць асаблівая патрэба. Міністр зарыентаваў маладых журналістаў на прымяненне ў сваёй працы новых тэхналогій, што дазволіць зрабіць іх СМІ больш дынамічнымі і запатрабаванымі.
Таксама прагучалі выступы першага сакратара Цэнтральнага камітэта Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі Аляксандра Лук’янава, старшыні праўлення рэспубліканскага дзяржаўна-грамадскага аб’яднання “Беларускае таварыства “Веды” Вадзіма Гігіна і многіх прадстаўнікоў журналісцкай супольнасці. У выступах і абмеркаваннях былі ўзнятыя тэмы развіцця традыцыйных і новых медыя, прамоцыі СМІ ў сацыяльных сетках і месэнджарах. Гарачыя дыскусіі і вялікую зацікаўленасць выклікалі даклады, прысвечаныя пытанням аб’ектывізму і палітычнай мэтазгоднасці ў сучаснай журналістыцы, метадам работы на платформе Youtube, досведу размяшчэння і манетызацыі кантэнту ў сацыяльных сетках, асновам працы журналіста ў экстрэмальных умовах, спосабам аптымізацыі тэкстаў пад пошукавыя запыты, правілам пабудовы асабістага брэнду ў медыяпрасторы, а таксама законам існавання такога новага жанру інтэрнэт-журналістыкі, як аўтарскі блог.
Таксама ў рамках форуму прайшла цырымонія ўзнагароджання пераможцаў рэспубліканскага конкурсу маладых журналістаў “Дэбют”. Пераможцы былі вызначаныя ў шасці намінацыях: найлепшы рэпарцёр, аглядальнік, аўтар рэгіянальных і карпаратыўных СМІ, вядучы тэлепраграмы, фотакарэспандэнт і дызайнер медыя, а таксама найлепшы праект аўтарскай журналістыкі.