— Напрыканцы года рэдакцыйна-выдавецкая ўстанова “Культура і мастацтва” падводзіць вынікі сваёй працы за гэты перыяд. Мы ўдзячныя нашым пастаянным падпісчыкам і дзякуем усім, хто далучыўся да нас нядаўна. Лепш за ўсё сябруе з газетай “Культура” і часопісам “Мастацтва” Брэсцкая вобласць. Што пра нас гавораць на самым высокім узроўні ў рэгіёнах?
Сяргей Панасюк, начальнік упраўлення культуры Брэсцкай вобласці:
— Вядома, мы раім усім падведамасным упраўленню культуры ўстановам падпісацца на вашы газету і часопіс. Нараканняў на якасць матэрыялаў я ні ад каго не чуў, і па ўзроўні газета “Культура” і часопіс “Мастацтва” ні чым не горшыя за іншыя дзяржаўныя выданні, а тым больш яны прафесійна і дакладна асвятляюць сваю тэматычную спецыфіку. Я і сам з задавальненнем праглядаю газету. Па маім ўражанні, “Культура” — гэта самадастатковае выданне.
— На жаль, некаторыя раёны не так добра падпісаныя на нас. Вось на Кармяншчыне, паводле даных “Белпошты”, зусім перасталі цікавіцца газетай “Культура” і не выпісалі ў снежні 2021 года ніводнага экзэмпляра. Чаму так адбылося і ў чым нашай рэдакцыі трэба ўдасканаліцца, каб нам пасябраваць?
Таццяна Вяркеенка, выконваючы абавязкі начальніка аддзела ідэалогіі, культуры і па справах моладзі Кармянскага райвыканкама:
— Справа ў тым, што падпіска на перыёдыку залежыць ад фінансавання з бюджэту раёна. Ён не такі вялікі, і не ўсе газеты атрымоўваецца ахапіць. Але на наступны год мы будзем імкнуцца падпісацца. Толькі давайце дамовімся: вы таксама прыязджайце і да нас. Вось ужо пяты год запар у нас адбываецца фестываль “Льняная карусель”. Ды і наогул, добра, што газета “Культура” шмат піша пра рэгіёны.
— А як сябруюць з нашымі выданнямі ў Ельскім раёне? У пачатку года тут выпісвалі 30 экзэмпляраў “Культуры”…
Таццяна Неўмяржыцкая, галоўны спецыяліст аддзела ідэалогіі, культуры і па справах моладзі Ельскага райвыканкама:
— Нядаўна мы абмяркоўвалі пытанне з падпіскай на перыёдыку ў нашым раёне. З вашым выданнем мы працягнем сябраваць: абавязкова выпішам па экзэмпляры газеты ў кожную бібліятэку раёна і кожную клубную ўстанову. Якраз каля 30 асобнікаў набярэцца. Асабіста я люблю ў вашай газеце пачытаць пра выніковыя нарады, гэта дапамагае і самой рыхтавацца да справаздач. Канешне, добра, што вы часта пішаце і пра рэгіёны. Пачытаўшы пра іншых, можна дакладна ацаніць і свой узровень работы.
Падрыхтаваў Павел САЛАЎЁЎ