50-годдзе беларускай анімацыі стала адной з галоўных тэм на фестывалі. Была прадстаўлена асобная праграма беларускіх анімацыйных стужак, два новыя творы “Беларусьфільма” ўдзельнічалі ў Конкурсе фільмаў для дзіцячай і юнацкай аўдыторыі “Лістападзік” (абодва атрымалі прызы), а адзін з самых аўтарытэтных і паважаных рэжысёраў Беларусі Ігар Воўчак, які сёлета адсвяткаваў сваё 75-годдзе, стаў першым узнагароджаным: на цырымоніі адкрыцця 20 лістапада ў сталічным кінатэатры “Масква” заслужаны дзеяч мастацтваў, рэжысёр і кампазітар Ігар Воўчак атрымаў спецыяльны прыз Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь “За захаванне і развіццё традыцый духоўнасці ў кінамастацтве”. Прыз мэтру кіно ўручыў намеснік прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь Ігар Петрышэнка, які зачытаў і вітальнае слова ўдзельнікам фестывалю ад Прэзідэнта Беларусі. Праз некалькі дзён свае вынікі падвёў “Лістападзік”, і карціна Ігара Воўчака “Прэлюдыя і фуга” атрымала спецыяльны прыз журы “За сімфонію пачуццяў”. Як сказала член журы “Лістападзіка” рэжысёр і дырэктар кінастудыі “Грузія-фільм” Хатуна Хундадзэ: “Такі цікавы, такі эстэтычны, такі незвычайны анімацыйны аўтабіяграфічны фільм раней я бачыла толькі ў Рэзо Габрыядзэ. “Прэлюдыя і фуга” — ашаламляльны фільм, усе павінны яго паглядзець”.
27-ы “Лістапад” стаў месцам сустрэчы не толькі фільмаў з гледачамі, але і кінематаграфістаў розных краін — у тым ліку кінастудый, вытворцаў фільмаў. Цягам тыдня адбылося нямала падзей, дзе стваральнікі кіно не проста абменьваліся думкамі, але і падпісвалі пагадненні аб супрацоўніцтве. У нядзелю 21 лістапада ў Нацыянальнай бібліятэцы Рэспублікі Беларусь прайшоў круглы стол з удзелам членаў фестывальных дэлегацый. На пачатку дыскусіі генеральны дырэктар кінастудыі “Беларусьфільм” Уладзімір Карачэўскі так акрэсліў яе тэму: “Прапаную разам абмеркаваць, якім павінна быць кіно ў новай палітычнай, духоўнай і культурнай прасторы”. Асобна ўдзельнікі сустрэчы пагаварылі аб праблемах агульнага кінапракату.
Расійскі акцёр і грамадскі дзеяч, прэзідэнт кінафестывалю “Залаты Віцязь” Мікалай Бурляеў прапанаваў стварыць канфедэрацыю творчых саюзаў Саюзнай дзяржавы, да якой маглі б далучыцца прадстаўнікі Таджыкістана, Узбекістана, Кыргызстана і іншых постсавецкіх краін. Ідэю падтрымаў генеральны дырэктар Агенцтва кінематаграфіі Рэспублікі Узбекістан Фірдаўс Абдухалікаў. Ён падзяліўся і добрымі навінамі са сваёй Радзімы: пасля вялікага перапынку адраджаецца Ташкенцкі міжнародны кінафестываль, цалкам рэканструявана кінастудыя “Узбекфільм”, адроджаны Дом кіно, адкрыты новы Музей кіно і ўзбекскі філіял Усерасійскага дзяржаўнага ўніверсітэта кіно, працягваецца шчыльнае супрацоўніцтва з Беларуссю — ужо чатыры фільмы знята ўзбекскімі кінематаграфістамі з удзелам кінастудыі “Беларусьфільм”. Дарэчы, адна з гэтых стужак — “Ілхак” рэжысёра Джахангіра Ахмедава — і атрымала сёлета Грын-пры “Лістапада”. Тэма мела працяг на наступны дзень: Дагавор аб супрацоўніцтве кінематаграфістаў дзвюх краін падпісалі генеральны дырэктар “Беларусьфільма” Уладзімір Карачэўскі і генеральны дырэктар Агенцтва кінематаграфіі Узбекістана Фірдаўс Абдухалікаў. У ім замацаваны дамоўленасці пра здымкі яшчэ дзвюх сумесных стужак: “Узбекскі леў” — пра Героя Савецкага Саюза Мамадалі Тапвалдыева, якога ваенны лёс звязаў з беларускай зямлёй, і “Узбечка” — пра дзяўчыну-снайпера, прататыпам для якой стала легендарная Зіба Ганіева, што знішчыла сотні фашыстаў.
На яшчэ больш высокім узроўні 22 лістапада ў штаб-кватэры Выканкама СНД у Мінску прайшла сустрэча прадстаўнікоў кінаіндустрый, кіраўнікоў нацыянальных кінастудый дзевяці краін — Арменіі, Беларусі, Казахстана, Кыргызстана, Расіі, Таджыкістана, Туркменістана, Узбекістана і Грузіі. Вынікам сустрэчы стала падпісанне 9-баковага Пагаднення аб супрацоўніцтве. Былі агучаны ініцыятывы аб працы над сумеснымі кінапраектамі, аб арганізацыі здымак на тэрыторыях іншых краін, аб стварэнні адзінай акцёрскай базы даных. Дырэктар дэпартамента гуманітарнага супрацоўніцтва, агульнапалітычных і сацыяльных праблем Выканкама СНД Аляксей Сазонаў зазначыў: “Дакумент са спісам асноўных мерапрыемстваў супрацоўніцтва дзяржаў СНД у галіне культуры нязменна ўключае ў сябе пералік знакавых для Садружнасці міжнародных кінафестываляў. Сярод іх — “Залаты абрыкос” у Арменіі, у Беларусі — міжнародны фестываль анімацыйных фільмаў “Анімаёўка” і мінскі “Лістапад”, кінафестываль краін СНД і Балтыі ў Расіі, у Кыргызстане штогод праводзіцца “Умут” — Форум маладога кіно краін СНД”. Таксама Аляксей Сазонаў згадаў, што Выканкам СНД на Мінскім міжнародным кінафестывалі “Лістапад” уручае спецыяльны прыз “Кіно без межаў”.
23 лістапада ў Доме кіно прайшоў вечар памяці рэжысёра Віктара Турава, прысвечаны 85-годдзю з дня яго нараджэння. З успамінамі выступілі калегі кінарэжысёра, артысты, якія здымаліся ў яго фільмах, яго дзеці — Арцём Тураў, Алена Турава — таксама знакаміты беларускі рэжысёр і член журы сёлетняга фестывалю “Лістапад” у раздзеле “Кіно маладых”. Алена Турава адзначыла: “Ёсць памяць, якую дзяржава дапамагае нам захаваць: існуюць вуліцы імя Турава, з’яўляюцца памятныя дошкі, у Магілёве штогод праходзіць цэлы кінатыдзень “Тураўская восень”. А на “Лістападзе” традыцыйна ўручаецца прыз імя Віктара Турава, якім і сёлета будзе адзначаны фільм з конкурсу маладзёжнага кіно”. Гледачы ўбачылі першую мастацкую стужку Віктара Турава “Цераз могілкі” 1964 года, якая ўваходзіць у спіс ста лепшых фільмаў свету пра вайну. У Музеі гісторыі кіно працуе выстава “Віктар Тураў. Подых жыцця”, а ўвесь фестывальны тыдзень паказваліся ягоныя фільмы.
Сярод адметных гасцей фестывалю сёлета быў японскі акцёр, рэжысёр, стваральнік самурай-шоу “Камуі” Тэцура Сімагуці. Адна з найбольш знакамітых яго работ — у дылогіі Квенціна Таранціна “Забіць Біла”, дзе майстар-самурай не толькі быў пастаноўшчыкам баявых сцэн, але і сыграў запамінальную ролю. У чацвер 25 лістапада Тэцура Сімагуці правёў у Мінску майстар-клас для беларускіх каскадзёраў, які музычна ўпрыгожвала яго жонка, спявачка і аўтар песень Міка Кабаясі. А перад гэтым Уладзімір Карачэўскі ад імя кінастудыі “Беларусьфільм” і Тэцура Сімагуці падпісалі Пагадненне аб доўгатэрміновым супрацоўніцтве, якое стала першым у гісторыі для беларускіх і японскіх кінематаграфістаў: наперадзе шэраг сумесных праектаў.
Гучнымі паказамі адзначылася пазаконкурсная праграма. Шмат увагі было нададзена ўрачыстай беларускай прэм’еры дакументальнай стужкі “Qazaq. Гісторыя залатога чалавека” рэжысёра Ігара Лапацёнка — сустрэча з творчай групай фільма, прэс-канферэнцыі. Казахстанская прэм’ера адбылася летам, еўрапейская — на нядаўнім Рымскім кінафестывалі, трэці паказ — на “Лістападзе”: фільм створаны на падставе некалькіх інтэрв’ю сусветна славутага амерыканскага кінарэжысёра Олівера Стоўна з першым Прэзідэнтам Рэспублікі Казахстан Нурсултанам Назарбаевым. Адну з найбольш значных работ апошняга часу, якая сапраўды зацікавіла шырокую публіку ў розных краінах, прадставіла кінастудыя “Узбекфільм” — вострасюжэтную драму “Я — не тэрарыст” Мухамада Алі Іскандарава: пра тых, хто далучыўся да тэрарыстычных груповак. Сусветную прэм’еру свайго новага фільма “Лётчык” менавіта ў Мінску зладзіў расійскі рэжысёр і прадзюсар Рэнат Даўляцьяраў, які сёлета ўзначальваў журы Асноўнага конкурсу ігравога кіно. “Лётчык” — ваенная драма, у сюжэце якой выкарыстана рэальная гісторыя легендарнага Аляксандра Марэсьева. Увогуле, праграма расійскіх фільмаў на гэтым фестывалі была насычанай і яскравай. І гэта толькі асобныя работы, якія прыцягнулі ўвагу гледачоў і прэсы ў пазаконкурснай праграме “Лістапада”.