Удзельнікі творчай стажыроўкі наведалі Нацыянальную бібліятэку Беларусі, Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў, Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы, Нацыянальны гістарычны музей, Храм-помнік у гонар Усіх Святых і ў памяць аб ахвярах, выратаванню Айчыны нашай паслужыўшых. У рамках творчай стажыроўкі 22 лістапада ў галерэі “Мабільная” Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі адбылося адкрыццё фотавыставы “Беларускі погляд Даўгаўпілса”, на якой былі прадстаўленыя здымкі Эдуарда Літвіноўскага.
Выязджалі і ў рэгіёны: 23 лістапада пабывалі ў Магілёве, дзе наведалі абласны метадычны цэнтр народнай творчасці і культурна-асветніцкай работы, абласны краязнаўчы музей імя Я.Р. Раманава, мемарыяльны комплекс «Буйніцкае поле». У Мінскай вобласці наведалі Святую крыніцу Крыжаўзвіжанскай капліцы ў Ракаве, Ракаўскі цэнтр народнай творчасці, івянецкі Музей традыцыйнай культуры.
26 лістапада адбылася сустрэча кіраўнікоў замежных беларускіх аматарскіх калектываў мастацкай творчасці і кіраўнікоў грамадскіх арганізацый беларусаў замежжа з міністрам культуры Рэспублікі Беларусь Анатоліем Маркевічам. Па выніках дзейнасці грамадскіх аб’яднанняў беларусаў замежжа прадстаўнікі дыяспары былі ўзнагароджаныя ганаровымі граматамі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь альбо атрымалі падзяку міністра. Узнагароджанне адбылося ў камернай зале Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета.
За шматгадовую плённую працу і асабісты ўклад у захаванне і папулярызацыю беларускай культуры Ганаровай граматай Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь былі ўзнагароджаныя кіраўнік грамадскай арганізацыі “Нацыянальна-культурная аўтаномія беларусаў Томскай вобласці” Любоў Адаскевіч, кіраўнік Нарвскага беларускага таварыства “Сябры” Людміла Аннус, старшыня Омскай гарадской грамадскай арганізацыі “Мясцовая беларуская нацыянальна-культурная аўтаномія “Омскія беларусы” Алена Аўчарэнка і кіраўнік грамадскага аб’яднання “Беларускі культурны цэнтр “Світанак” у Ташкенце Святлана Дудзюк.
Падзяка міністра культуры Рэспублікі Беларусь была абвешчаная саветніку старшыні грамадскага аб’яднання “Беларусы Украіны”, мастацкаму кіраўніку народнага мастацкага калектыву “Студыя эстраднага вакалу “Соняшник” Алене Аляксеенка, старшыні Лудзенскага беларускага таварыства “Крыніца” Ігару Ермакову, старшыні грамадскай арганізацыі “Беларуская мясцовая нацыянальна-культурная аўтаномія “Беларусы Таганрога” Эліне Старыкавай і лідару моладзевага крыла грамадскага аб’яднання “Культурны цэнтр “Беларусь” Паўладарскай вобласці Яўгену Трыстану.